Святочныя ранішнікі ладзіў, бадай, кожны тэатр. І штогод да ўпадабаных дзятвой спектакляў далучаюцца прэм’ерныя. Сярод іх — як зімовыя гісторыі вядомых аўтараў, так і спецыяльна напісаныя навінкі.
Маладзёжны тэатр эстрады, як заўжды, цешыў хлопчыкаў і дзяўчынак захапляльнымі імпрэзамі адразу на дзвюх пляцоўках. У адміністрацыйным корпусе “Пераможцаў, 14” можна было ўбачыць казку “Як мядзведзь Патапыч Новы год ратаваў”. Прадстаўленні праходзілі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” з 24 снежня па 3 студзеня. Акрамя спектакля, гасцей чакалі прыгожыя фотазоны, маляўнічыя інсталяцыі, інтэрактывы каля ялінкі. А на асноўнай сцэне тэатра паказвалі “Ката ў матросцы і карову, якая танцуе”. Адштурхнуўшыся ад персанажаў з Прастаквашына, мастацкі кіраўнік калектыву Уладзіслава Арцюхоўская прыдумала сваіх, склала і паставіла пра іх гісторыю. Дарэчы, у аповедзе з’явіўся смешны вожык Чых-Чых у бліскучым выкананні Інгі Кісялёвай.
Персанажы пастаноўкі "Як мядзведзь Патапыч Новы год ратаваў"
Тэатр юнага гледача на ўсе канікулы запусціў “Пінгвін-шоу! Усё будзе харашоу”. Аўтарам і рэжысёрам выступіла знаная артыстка гэтай установы Ганна Джамілашвілі, якая ўсё часцей радуе не толькі шырокую публіку, але і прыдзірлівых крытыкаў цікавымі спектаклямі. Пінгвіны збіраюцца на спеўнае спаборніцтва, Чайка (Марыя Возба) з Бакланам (Генадзь Гаранскі) хочуць ім перашкодзіць, а потым далучаюцца са сваёй падтанцоўкай. Простая фабула конкурсных перыпетый, неаднойчы скарыстаная ў кіно і тэатры, набывае новыя адценні, аздабляецца пазнавальнымі пластычнымі абліччамі герояў. Відэа заснежаных краявідаў на задніку дапаўняюцца ялінкамі на сцэне, што нагадваюць празрыстыя ледзяшы (мастак Дар’я Волкава). А дарослым прызначаны спасылкі на драматургічную класіку — ад Чэхава да Шэкспіра.
Сцэна з прадстаўлення "Кот у матросцы і карова, якая танцуе"
Палац Рэспублікі і тэатральны праект “ТрыТфармаТ” пад кіраўніцтвам Веры Паляковай прадставілі музычную казку “Чароўны Зязя-Безабразя” па п’есе Ягора Дземчанкі — пецярбургскага рэжысёра, заснавальніка фестывалю “Тарарабумбія”.
У смешнага памочніка Дзеда Мароза не ўсё ідзе на лад, але і ў гэтага персанажа з’яўляецца надзейная падтрымка. Гледачоў чакалі не толькі вясёлыя прыгоды, выдатныя артысты і мора інтэрактыву (рэжысёр — Таццяна Самбук), але і чарада неверагодна прыгожых фотазон у фае малой залы. На ўсе густы! Аж вочы разбягаюцца.
А больш за ўсё вабіць, што тэатры адыходзяць ад збітых навагодніх сюжэтаў пра тое, як хтосьці хоча наўмысна сапсаваць свята, і шукаюць папраўдзе нешараговыя рашэнні.
Як мядзведзь Патапыч Новы год ратаваў
Толькі зімой адбываюцца сапраўдныя цуды. Вялікі буры мядзведзь Міхайла Патапыч не жадае спаць у берлагу. Ён адкрыў кнігу чароўных казак і даведаўся, што Змей Гарыныч сабраўся выкрасці Новы год. Вызваляць свята адправіліся Дзед Мароз са Снягуркай. Паехалі, ды згубіліся. А хто дзяцей будзе віншаваць? Мядзведзь вырашыў надзець чырвоную шапку і ўзяць ўрачыстасці ў свае лапы. Паклікаў Івашку-Прастаквашку, мудраца і хітруна, ды і загадаў пайсці за трыдзевяць зямель да Гарыныча, каб выратаваць Новы год, Дзеда Мароза і Снягурку. Сам Міхайла Патапыч стаў збіраць падарункі для дзетак. Так і пачаліся прыгоды…
Казка пабудавана на інтэрактывах. Хлопчыкі і дзяўчынкі ператвараюцца ў яе непасрэдных удзельнікаў: разам з артыстамі і танцавалі, і гулялі, і разгадвалі загадкі, і ў TikTok-батле спаборнічалі. А пасля прадстаўлення Дзед Мароз і Снягурка запрасілі ўсіх гасцей на сэлфі-марафон і ў карагод з героямі спектакля.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва Маладзёжнага тэатра эстрады