Чвэрць стагоддзя здзіўляе наведвальнікаў унікальны музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”. Пішам “унікальны” не дзеля прыгожага слоўца: установа культуры ў Драгічынскім раёне мае такія каштоўнасці, якіх нідзе не адшукаць.
У 1995-м адкрываўся Мотальскі музей народнай творчасці на Іванаўшчыне. Прадстаўнікі Драгічынскага райвыканкама ўбачылі ў экспазіцыі бездзежскія размаляваныя куфры, фартухі і ручнікі. Сваё прызналі адразу: асаблівае! Так і нарадзілася ідэя заснаваць музей у райцэнтры.
З Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея прыбыла экспедыцыя, спецыялісты пачалі збіраць экспанаты. Патрапілі ў бездзежскі край — ахнулі: у першым жа доме гаспадыня паказала вялізны куфар з рукатворнымі шэдэўрамі. Далей — больш. Па звычаі ў кожнай жыхаркі Бездзежа было мінімум 12 фартушкоў. Вырашылі: музей асталюецца на месцы.
Майстар па саломапляценні Марыя Кузьмічова
Экспазіцыя заняла залы былой старой школы. У 2006—2007-м правялі капітальны рамонт будынка. У рамках рэспубліканскай праграмы развіцця музейнай справы і абласной праграмы захавання і развіцця культуры на 2006— 2010 гады ўпарадкавалі і прылеглую тэрыторыю.
У 2009-м калектыў скарбніцы стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва — за фарміраванне ўнікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў.
— Прэмію выкарысталі, каб адкрыць сялянскі падворак “Каля Плэса”. Набылі стары дом, адрамантавалі, — расказвае дырэктар музея Марыя Астаповіч. — Пры дапамозе раённай адміністрацыі працягнулі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Экспазіцыя пад адкрытым небам запрасіла гасцей у 2012-м. Тут можна даведацца пра штодзённае жыццё вяскоўцаў, мясцовыя традыцыі. Ёсць жывёлы і птушкі, агарод. Мы выкапалі дзве сажалкі, зарыбілі іх карасём.
Час паказаў, што стварэнне сялянскага падворка — годная ідэя. Ён арганічна дапоўніў музейны комплекс і даў магчымасць праводзіць новыя інтэрактыўныя мерапрыемствы — катанне на санях і брычцы, народныя святы.
Бездзежскія фартушкі — ільняныя, але па колеры— крышталёва-белыя. Яны вытканы з неймаверна тонкіх нітак. Такіх, складзеных разам, можна прапусціць праз пярсцёнак 300! Усе этапы вытворчасці — ручныя. — У наш час паўтарыць іх неверагодна складана, — прызнаецца Марыя Міхайлаўна. Зараз у экспазіцыі 360 саматканых фартушкоў, і ўсе ўнікальныя! Найстарэйшаму амаль 140 гадоў. Ёсць яшчэ 320 ручнікоў, 80 абрусаў, 112 кашуль і шмат іншага.
Фінансуецца музей з мясцовага бюджэту. Але ўстанова развіла і ўласную дзейнасць, што прыносіць істотны даход. Узровень самаакупнасці высокі. На пазабюджэтныя сродкі набываюцца прадукты для традыцыйных беларускіх страў, якімі частуюць турыстаў, аргтэхніка ды іншае. Пры “Бездзежскім фартушку” ёсць сувенірная крама. Вялікую частку тавараў (ручнікі, сурвэткі, посцілкі, вышываныя льняныя кашулі) ствараюць супрацоўнікі музея. А вырабы, напрыклад, з гліны і дрэва закупляюцца ў рамеснікаў. Скарбніца заключае дамовы і з мясцовымі фальклорнымі калектывамі — таксама ўзаемная карысць.
Цудоўныя фартушкі
За тры кварталы музей самастойна здабыў 140 тысяч рублёў. Установу наведала каля 20 тысяч турыстаў. Круглы год праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да народных і царкоўных свят, у тым ліку вясновы абрад “Стрылка”. Такі не сустрэнеш у іншых беларускіх вёсках.
— Пачынаецца навагодні і калядны перыяд, і ў гэты час паток аўтамабіляў і аўтобусаў у наш музей бясконцы. У снежні чакаем не менш за паўтары тысячы турыстаў з розных куткоў краіны і з-за мяжы. На сялянскім падворку ладзім праграмы, у якія ўключаны старадаўнія гульні, катанне на санях. Для гасцей прадугледжаны асаблівыя падарункі ад Дзеда Мароза, іх нашы майстрыхі рыхтуюць загадзя, — распавядае дырэктар.
Падабаецца наведвальнікам і ўласная дэгустацыйная прадукцыя музея. З палескіх страў карыстаецца попытам макуха — здробненае высушанае льняное насенне — і… хлеб. Яго тут робяць чатырох відаў, усе па ўнікальных рэцэптах. Але печ адна, і магутнасці хапае толькі на ўзоры для дэгустацыі. Да таго ж там гатуюць і бульбу, гусей, качак, галубцы (так-так, частуюць у “Бездзежскім фартушку” шляхетна!). У найбліжэйшых планах — пабудаваць побач з сялянскім падворкам пякарню і вырабляць хлеб штодзень для продажу.
Сёння ў музеі ідзе капітальны рамонт. Але турысты ўсё адно могуць пазнаёміцца з творчасцю бездзежцаў: частка экспазіцыі размешчана ў будынку фондасховішча. Тут прапануюць убачыць сцэны сялянскага побыту, даведацца, як сеялі, ірвалі ды апрацоўвалі лён, паўдзельнічаць у майстаркласе па ткацтве — вельмі запатрабаваным сярод турыстаў. Таксама пры ўстанове ёсць школа народнай творчасці па класах ткацтва, вышыўкі і саломапляцення.
Марыя Астаповіч, дырэктар музея
Пасля рамонту поўнасцю зменіцца ўся экспазіцыя, для яе афармлення і правя- дзення экскурсій задзейнічаюць мультымедыйныя сродкі. З’явіцца асобная зала, якая дапаможа абменьвацца выставамі з іншымі музеямі. Выдзеляць памяшканне і пад абрады. Будзе створана дыярама Бездзежа з усімі славутасцямі, якія нараўне са скарбніцай уключаюць у турыстычныя маршруты. Але цэнтральную прастору па-ранейшаму зойме царства фартушкоў. Гэта галоўнае, гэта брэнд бездзежскага краю.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва музея