Драўляны рэлікт: варыянты “перазагрузкі”

Апублiкавана: 04 студзеня 2025 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Прыватны сектар у Мінску няўхільна саступае месца сучаснай забудове. І сёння складана паверыць, што яшчэ гадоў сто таму “тыповы горад” быў драўляным. Яго рэліктавы ўчастак — Паўночны завулак — мае статус гісторыкакультурнай каштоўнасці.

Будучыня гэтага важнага для сталіцы помніка доўгі час была даволі няпэўнай, але ўжо спакваля праясняецца. У трох дамах завулка працуе выставачны цэнтр Мемарыяльнага музеямайстэрні Заіра Азгура. Адпаведна, на культурную карту Мінска нанесеная новая лакацыя. Ды, хочацца спадзявацца, гэта толькі пачатак “перазапуску” старога квартала. 

ЯК ЗВЫКЛАЕ СТАЛА ДЗІВАМ 

Некалі Паўночны завулак быў для горада месцам звычайным: драўляныя дамкі з гародамі, крыкі пеўняў, дымок з комінаў... Адметнасць гэтага закутка найперш у тым, што ён застаўся амаль некранутым вірамі гісторыі, а таму шчасліва дажыў да той пары, калі звыклае стала дзівам. 

— Комплекснага кварталу драўлянага сядзібнага дойлідства ў Мінску сёння болей нідзе не знойдзеш, ды і ва ўсёй Беларусі аналагі давядзецца пашукаць, — кажа дырэктар музея Азгура Дзмітрый Міхееў. 

Дырэктар Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Дзмітрый Міхееў

Чаму ж рэлікт старога Мінска дажыў да нашых дзён? Прычына, мабыць, у яго адасобленасці. Завулак літаральна згубіўся не толькі ў часе, але і ў прасторы. З аднаго боку — прамзона, што прымыкае да чыгункі. З другога — тлумная вуліца Клары Цэткін. Але нават тыя, хто штодня праязджае паўз яе, могуць не здагадвацца пра гэтае месца: завулак знаходзіцца на вялікім штучным пагорку. 

— Размяшчаючы рэкламу сваіх выстаў, мы дасюль вымушаныя доўга тлумачыць, як дабрацца, — прызнаецца Дзмітрый Міхееў. 

Насамрэч гэта зрабіць проста — асабліва пасля з’яўлення трэцяй лініі метро. Выходзіш на плошчы Францішка Багушэвіча, уздымаешся па новых прыгожых сходах — і ты на месцы. Праўда, тут не зашкодзілі б інфармацыйныя ўказальнікі. Па словах суразмоўцы, вырашэнню гэтага пытання абавязкова будзе нададзена ўвага. 

РОЗНЫЯ ФОРМЫ ІНТЭРАКТЫВУ 

Рэкламаваць музею ёсць што. Несумненны поспех апошняга часу — выстава гарэзлівай канцэптуалісткі Надзеі Хмыль, якая ўмела выбудоўвае прастору для ўзаемадзеяння з гледачом. У ёй звыклае музейнае правіла “Не чапаць!” не дзейнічае: наведвальнік становіцца актыўным саўдзельнікам у разнастайных экзістэнцыйных атракцыёнах. 

Як тлумачыць Дзмітрый Міхееў, новая пляцоўка мае фармат больш галерэйны, чым музейны, і таму часта яе аддаюць тым маладым мастакам, якія не вельмі ўтульна будуць пачувацца ў класічнай прасторы. 

Хаця ладзяцца тут і выставы куды больш традыцыйныя. Адна з іх — у цэнтральным дамку — мае пастаянны характар і знаёміць з побытам гарадскіх жыхароў сярэдняй рукі пачатку ХХ стагоддзя. У суседніх лакацыях — рэтраспектыва аднаго з першых беларускіх фатографаў Сігізмунда Юркоўскага. Ён не толькі стаў летапісцам Віцебска другой паловы ХІХ стагоддзя, але і праявіў сябе вынаходнікам “імгненнага затвора”, які абумовіў рэвалюцыю ў фотасправе. 

У планах — паболей майстар-класаў ды іншых інтэрактыўных праектаў. Напрыклад, разнастайныя заняткі выяўленчага мастацтва. — Сёння, калі наведвальнік не ўключаны ў працэс, яму нецікава, — кажа Дзмітрый Міхееў. — Таму наша задача — стварыць месца, дзе ўсе ахвотныя змогуць атрымаць новыя веды і ўдасканаліць умельства. Гэта прыцягвае публіку. 

ПАД ГУКІ ПАТЭФОНА 

Ідэя пераўтварыць Паўночны завулак у суцэльны скансэн лунае даўно. Аднак Дзмітрый Міхееў як прафесіянал у музейнай справе ставіцца да яе з пэўным скепсісам. Прычын некалькі. Па-першае, некаторыя дамы і дасюль жылыя — прычым жывуць там нашчадкі тых, хто іх збудаваў. Па-другое, давядзецца нейкім чынам вырашыць праблему з транспартам, які сёння вольна заязджае на Паўночны. Ды і стварэнне такога вялікага музейнага комплексу запатрабуе нямала выдаткаў. 

Фрагмент экспазіцыі

Пераўтварэнне завулка ў новую забаўляльную зону з мноствам бараў і вулічным тлумам суразмоўцу таксама не здаецца добрай ідэяй. Яно і зразумела: аўтэнтычная атмасфера месца будзе парушаная. 

Іншая рэч — кампрамісны варыянт, гібрыд паміж скансэнам і турыстычнай вуліцай, паміж захаваннем мінулага і камерцыяй. Стылізаваныя пад пачатак ХХ стагоддзя кавярні, крамкі, прадаўцы, якія выконваюць і функцыю аніматараў, газавыя ліхтары… А з вокнаў даносяцца прыглушаныя патэфонныя гукі шлягераў той пары. 

Мяркуючы па тым, што далёка не ў кожным акне на завулку гарыць свет, пляцоўкі для рэалізацыі розных задум ёсць. Ёсць і першы ўзор — у адным з дамкоў ужо працуе прыватны музей перніка. 

Зразумела, для захавання той атмасферы, якая сёння цудам ацалела на завулку (недарэмна ж яго называюць машынай часу!), патрэбны ўдумлівы і далікатны падыход. 

Зрабіць тут стыльную рэтрафотасесію сёння магчыма, аднак давядзецца дбайна выбіраць ракурс — каб на здымкі не патрапілі прыпаркаваныя паўсюль аўто. Яшчэ зусім нядаўна ў аб’ектыў лезла і недабудаваная бетонная спаруда, від на якую адкрываўся з ганкаў музейных дамоў. Ды цяпер яна ўжо разабраная.

Зразумела, такая пляцоўка ў цэнтры горада доўга пуставаць не будзе. Але хочацца, каб архітэктары новага аб’екта акуратна паставіліся да суседства з помнікам спадчыны і не стварылі дысананс з самім завулкам. 

…Няма сумневу, што каштоўнасць гэтых урослых у зямлю драўляных дамкоў будзе ўзрастаць з году ў год. Па меры таго як у Мінску з’яўляюцца новыя раёны, Паўночны ўсё болей здаецца выспай зніклай цывілізацыі сярод сучаснага мегаполіса. А турысты, ды і гараджане, такія “анамальныя” мясціны любяць. 

Ілья СВІРЫН 

Фота Уладзіміра ПАЎЛАВА і Ульяны ІВАШЧАНКА