Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “100 гадоў беларускаму кіно: этапы, фільмы, майстры” сабрала адмыслоўцаў у Нацыянальнай акадэміі навук. У двухдзённай праграме, якая праходзіла з 12 па 13 снежня, паўдзельнічалі вядомыя крытыкі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”, Беларускага саюза кінематаграфістаў.
Юбілейная канферэнцыя стала сінтэзам навуковых, творчых і вытворчых падыходаў да вызначэння галоўных вектараў развіцця айчыннага кінематографа. Яго мінулае, сучаснасць і будучыня разглядаліся з боку дасягненняў, тэхналагічнага рэсурсу, адаптацыі да цяперашняга сацыякультурнага кантэксту. Таксама абмяркоўваліся адукацыя, кіназнаўства і мастацкая крытыка як элементы развіцця індустрыі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся міністр культуры Руслан Чарнецкі. Ён адзначыў, што 100 гадоў — насамрэч знамянальны юбілей. Па словах Руслана Іосіфавіча, кіно, створанае ў краіне за гэты час, — добрае, светлае, прыгожае і сапраўднае. Яго мы, беларусы, умеем рабіць.
— Сённяшняя канферэнцыя вельмі паказальная, бо мы ведаем, як здымаць кіно і як арганізаваць працэс. Мы практыкі — але без навуковай думкі, без тэорыі, без крытыкі не абысціся. Таму я ўдзячны ўсім, хто працягвае шукаць новыя шляхі, аналізаваць тое, што мы маем у беларускім кінемато графе, каб узяць годнае і скарыстаць у будучыні, — падкрэсліў міністр.
Падсумоўваючы стагоддзе працы нацыянальнага “сінема”, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч акцэнтаваў увагу на дзейнасці арганізацыі, а таксама на задачах, што паўстаюць перад айчынным кінамастацтвам:
— Перш за ўсё хачу падзякаваць папярэднім пакаленням кінемата графістаў, якія стварылі фундамент традыцый. Мінулае стагоддзе адзначана вялікай колькасцю перамог і здзяйсненняў. Кожны ведае імёны майстроў Уладзіміра Корш-Сабліна, Віталя Чацверыкова, Міхаіла Пташука, Ігара Дабралюбава, Віктара Турава… Перад новым этапам важна акрэсліць задачы. І калі ў апошнія гады стаўка была на забаўляльны кантэнт, то сёння, у эру высокіх тэхналогій, мэта — захаваць у кінематографе самога чалавека, яго найлепшыя якасці і традыцыйныя духоўнамаральныя каштоўнасці.
Цяпер Беларускі саюз кінемата графістаў імкнецца зберагчы выбітныя набыткі мінулага і адпавядаць часу, укараняць індустрыяльны пады ход у працы з новым пакаленнем айчынных дзеячаў кіно.
— Зараз саюз налічвае больш за 500 актыўных членаў, існуе каля 10 падраздзяленняў: рэжысёраў, драматургаў, акцёраў… Мы вядзём асветніцкую работу і актыўна наладжваем сувязі з замежнымі калегамі. Нядаўна было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Саюзам тэатральных дзеячаў Расіі ў асобе Уладзіміра Машкова. Перакананы: з новым кіраўніцтвам Міністэрства культуры пры дзейсным удзеле кінематаграфічнай грамадскасці мы захаваем і шматразова прымножым нашы слаўныя дасягненні, — дадаў Яўген Арэндарэвіч.
За 100 гадоў наша кіно прайшло праз шмат этапаў, кожны з якіх вылучыўся знакавай падзеяй. Традыцыі захоўваюцца і памнажаюцца. Аднак сёння нельга ігнараваць і праблемы вытворчасці ў Беларусі. Яны выкліканы не толькі крызісам, які пражывае ўвесь сусветны кінематограф.
— Што тычыцца XXI стагоддзя, цяжка зрабіць грунтоўныя высновы, бо мы яшчэ недалёка адышлі ад нулявых, дзясятых. Але ўжо можна казаць, што на кінематограф уплывае эстэтыка аўдыявізуальнай культуры. Кіно становіцца часткай масмедыя. Уздзеянне тэлебачання, інтэрнэту праяўляецца ў тым ліку ў “Чорным замку”, новай карціне “Беларусьфільма”, — разважае кандыдат мастацтвазнаўства крытык Антаніна Карпілава.
Крызіс сучаснасці, які закрануў усё мастацтва, прымусіў аўтараў звярнуцца да мінулага. Недахоп сцэнарыяў і свежых ідэй спарадзіў шмат рымейкаў. Адсюль вынік: кінавы творчасці патрэбныя новыя таленты.
— Праблемны бок беларускага кіно сёння — адсутнасць асоб, якія б з рангу рамеснікаў пераходзілі ў ранг майстроў. Я ўважліва назіраю за Акадэміяй мастацтваў, ведаю, як растуць аператары, гукарэжысёры, іншыя будучыя дзеячы сферы. І я звяртаю ўвагу, што студэнтам патрэбная цесная сувязь са студыяй, — кажа Антаніна Карпілава.
Бракуе і сувязі паміж адмыслоўцамі і гледачом. У першую чаргу прычына таму — паступовае знікненне кінакрытыкі. Яна цягам усёй стагадовай гісторыі беларускага кіно дапамагала карэкціраваць шлях, знаходзіць перліны і адкрываць іх не толькі для сваёй, але і для замежнай публікі. На думку доктара філалагічных навук, дацэнта, загадчыцы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людмілы Саянковай-Мяльніцкай, гэты напрамак варта адрадзіць. Менавіта крытыка спрыяе ўдасканаленню кінамастацтва і культуры ўвогуле.
— Сёння развілася кінажурналістыка, не ідэнтычная крытыцы, якая, у сваю чаргу, больш шырока прадстаўленаў інтэрнэт-прасторы тэкстамі і падкастамі, — лічыць Людміла Пятроўна. — На жаль, інфармацыйна-камунікатыўны, этычны і эстэтычны рэсурс кінакрытыкі, назапашаны на працягу многіх дзесяцігоддзяў, знік. Яна — працэс пастаянны, а не фрагментарны.
Шлях у 100 гадоў сапраўды паказальны для такога маладога мастацтва. Цяпер айчынным майстрам важна захаваць дасягненні папярэднікаў і стварыць такія карціны, якія адновяць імідж нацыянальнай студыі і заявяць пра наша кіно на міжнароднай арэне, паставяць яго ў адзін шэраг з лідарамі сусветнага пракату. І калі беларускія адмыслоўцы, абапіраючыся на мінулыя здабыткі, будуць прытрымлівацца традыцый, улічваць патрабаванні сучаснага гледача, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, то маюць усе шанцы вывесці наша кіно з ценю, распачаць новую залатую эпоху.
Яўгенія ГАБЕЦ