Рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па краіне, шчодра дорачы маленькім беларусам зімовую казку.
Ініцыяваны Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам амаль 30 гадоў таму святочны марафон стукае ў дзверы бальніц, дамоў інтэрнатаў, завітвае ў апякунскія і прыёмныя сем’і, цэнтры карэкцыйнаразвіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дзяржава клапоціцца, каб напярэдадні Новага года і Раства кожнае дзіця адчула цеплыню, дапамогу і, безумоўна, атрымала падарунак.
Прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў на час ператвараюцца ў добрых чараўнікоў і наведваюць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны.
Так, 18 снежня ў Вілейскую спецыяльную школу-інтэрнат прыехалі ўдзельнікі акцыі “Нашы дзеці” на чале з міністрам культуры Русланам Чарнецкім.
— Хачу пажадаць вам знайсці сябе ў гэтым жыцці, займацца справай, якую вы будзеце любіць. І тады вы будзеце шчаслівыя, — звярнуўся да выхаванцаў інтэрната Руслан Іосіфавіч. — Я вельмі хачу, каб кожны з вас быў шчаслівы. Ну а мы, дарослыя, дапаможам у гэтым.
Хакейныя канькі і прысмакі сталі для дзяцей карыснымі і прыемнымі падарункамі. Іх падрыхтавалі пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Удзячная дзятва пацешыла гасцей талентамі і запрасіла ў карагод.