Дзісненская аўтарка эпохі Асветніцтва

Тэкля Урублеўская. Так завуць гераіню нашага новага серыяла — беларускую паэтку, драматурга і перакладчыцу, што прыйшла на свет у другой палове XVIII стагоддзя. Жыццяпіс творцы — вялікая загадка. Часам нават падаецца: Урублеўскай не існавала, а мы маем справу з фантомам або містыфікацыяй.

ТАК НЕ БЫВАЕ? БЫВАЕ! 

І гэта не жарт. Нават базавыя звесткі пра Тэклю — даты нараджэння і смерці — па сёння застаюцца прыблізнымі. І тут самы момант кінуць камень у агарод ранейшага шматлікага клана літаратараў, крытыкаў, выдаўцоў, энтузіястаў ды іншых. Гэтыя мужчыны ў тыя часы раўніва кантралявалі ўсе сферы жыцця грамадства, уключаючы (а можа, і асабліва) культурную. Калі ў 1820-х наша гераіня сабрала вершы спачылага паэта Яна Аношкі ў маёнтках яго прыяцеляў з Міншчыны і Полаччыны, апрацавала і выдала асобнай кнігай, то на Урублеўскую пасыпаўся град зусім не добрых слоў. Папрокі датычыліся таго, што аўтарка не апублікавала падрабязнасцей біяграфіі Яна Аношкі (хаця асабіста яго не ведала), што “какетнічае з чытачом у прадмове пажаночаму” і г. д. А ўся харугва ганарыстых мужчын пасля скону літаратаркі не парупілася ані пра яе жыццяпіс, ані пра таго ж Аношку (хіба толькі ў 1842-м выйшаў другі том яго вершаў). 

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар бернардзінак. Слонім, 2014

Нямногае вядомае пра Урублеўскую адносіцца выключна да творчасці — гэта пара лістоў, тры кнігі, некалькі рэцэнзій. Ёсць яшчэ кароткія згадкі Тэклі ва ўспамінах яе знаёмых. Інфармацыі пра паэтку значна менш, чым пра Францішка Скарыну, хоць наш першадрукар жыў 500 гадоў таму. 

І тут хочацца сказаць пра важную публікацыю Галіны Чарнянін Ambicje literackie pań w świetle druków wileńskich (2008). Даследчыца піша пра аўтарак 1800—1820 гадоў — агулам удалося налічыць 11 творцаў, якія дэбютавалі ў Вільні. Біяграфіі іх усіх, акрамя нашай гераіні і Ганны з Радзівілаў Мастоўскай, застаюцца невядомымі і складаюцца з меркаванняў і дапушчэнняў. Таму, дадае навуковец, вельмі каштоўныя любыя звесткі пра гэтых асоб. 

ПАКУЛЬ СТВАРАЎСЯ АРТЫКУЛ 

У першай частцы мы вярнулі Тэклі сям’ю, а саму паэтку — старому беларускаму роду Бужымоўскіх (Burzymowski, Bórzymowski). Іменна так, з “у”, трэба было б пісаць яе дзявочае прозвішча, а не “Бажымоўская” (Borzymowska). Калі мы вызначылі гэтую розніцу, стала прасцей шукаць дакументы фаміліі. Сёння дададзім да сямейнай гісторыі яшчэ пару цікавых фактаў, якія могуць паспрыяць папулярызацыі Урублеўскай на Лідчыне і Слонімшчыне. 

Меркаваны дзед літаратаркі, лідскі земскі суддзя Юзаф Адам Бужымоўскі, жыў блізу Ліды ў Гімбутах. У горадзе ж меў зямлю, якую ў 1758-м перадаў ордэну піяраў. Яны за год да таго пабудавалі па суседстве касцёл і кляштар, адкрылі бясплатную публічную школу. Пэўна, новы ўчастак павысіў “вытворчыя” магчымасці манахаў. Так Бужымоўскі ўскосна прычыніўся да распаўсюджання ідэй Асветніцтва на Лідчыне. Сёння былы касцёл піяраў (узведзены замест першага ў 1790—1820-х) — праваслаўны СвятаМіхайлаўскі сабор і адна з архітэктурных разынак Ліды. Сваячка земскага суддзі, жонка лідскага стольніка Яна Тадэвуша Бужымоўскага Францішка з роду Шадкаў, стала адной з галоўных фундатарак шпіталя пры храме Святога Міхала ў Няцечы. Улічваючы, што і ў ХІХ стагоддзі Бужымоўскія займаліся падо бным, можна гаварыць: дабрачыннасць была ў крыві прадстаўнікоў гэтай фаміліі. 

ШУКАЙЦЕ… І ДАШУКАЕЦЕСЯ 

Прафесійным экскурсаводам хочацца падказаць унікальны сюжэт (з такім выпадкам аўтару сутыкацца не даводзілася). У 1813-м у сваім маёнтку Дзітрыкі (на поўдзень ад Ліды, у бок Дзятлава) сканаў меркаваны дзядзька паэткі — сын лідскага земскага суддзі Дамінік Антон Бужымоўскі. Вядома пра яго няшмат: нарадзіўся ў 1757-м, быў ротмістрам 29-й харугвы булавы польнай літоўскай, сябрам Крымінальнага суда часоў паўстання 1794 года. 

Касцёл Святога Міхала. Няцеч, 2007

Згодна з метрыкай, Дамінік Антон Бужымоўскі памёр 1 сакавіка (ст. ст.) і быў пахаваны на цвінтары. У храме Святога Міхала ў Няцечы знаходзіцца чорная мармуровая дошка з надпісам залатымі літарамі: “D. O. M. TU LEŻY ANTONI BORZYMOWSKI…”, а дата скону іншая — 24 лютага. Цяпер перанясёмся на 80 кіламетраў на поў дзень. У касцёле Беззаганнага Зачацця Панны Марыі (Слонім) усталявана яшчэ адна памятная дошка, з ідэнтычным тэкстам: “Тут ляжыць Антон Бажымоўскі…” Толькі выраблена яна з белага мармуру. Хто і навошта прымусіў дух (а можа, і цела?) ротмістра нацыянальнай кавалерыі адправіцца ў пасмяротнае турнэ па мясцінах продкаў? Вось такія выкрунтасы. Не вер вачам сваім? 

А гэта ўжо з загадак, што яднаюць фамілію і з Міншчынай. У 1640-м іншы Адам Бужымоўскі і яго жонка Зоф’я з роду Рэкуцяў валодалі фальваркам Сырапяцёўшчына ў Мінскім павеце. Такія звесткі падаў светлай памяці Фёдар Чарняўскі (1940—2024), выбітны беларускі гісторык і аўтар серыі выданняў “Ураднікі Менскага ваяводства XVI—XVIII стст.”. 

БЛІЖЭЙ ДА НАШАГА ЧАСУ 

У святле найноўшых знаходак прапануем два варыянты месца, дзе нарадзілася Тэкля Урублеўская. Гэта здарылася або на Слонімшчыне, у Бужымаве ці Вераб’ёўшчыне — маёнтках бацькоў, або недзе на Лідчыне. Хутчэй за ўсё, паэтка з’явілася на свет у 1780-х. 

Тадэвуш Бужымоўскі і Юзэфа Пясецкая мелі яшчэ дачку Канстанцыю (каля 1789 — 1857) і сына Фердынанда (каля 1790 — 1862). Канстанцыя ў 1807-м пабралася шлюбам з Вінцэнтам Палубінскім, а яе брат ажаніўся з Зоф’яй Папроцкай толькі ў 1830-м. 

Пра дзіцячыя і юнацкія гады Тэклі, Канстанцыі і Фердынанда мы нічога не ведаем. Прайшлі яны, мусіць, на берагах Шчары, што раздзяліла Бужымаў і Вераб’евічы. Цікава, што па суседстве з апошнімі, на самым беразе, стаяў фальварак Парэчча, дзе ў 1812—1820 гадах жыў з бацькамі будучы знакаміты мастак Вінцэнт Дмахоўскі (гл. “К” № 33, 2024). Ці сябравалі гэтыя сем’і? Пашукаем сляды. Дарэчы, прозвішча Дмухоўскіх зазнала такую самую транс фармацыю, як і ў Бужымоўскіх. Таму сёння мы ведаем Вінцэнта як Дмахоўскага.

СВАЯ СЯМ’Я 

Метрыка шлюбу Тэклі Бужымоўскай (гэтая форма прозвішча пазначана ў дакуменце) з Адамам Урублеўскім сведчыць: цырымонія адбылася 27 верасня (па ст. ст.) 1800 года ў маёнтку Бужымаў за пару кіламетраў на поўнач ад Слоніма. На ўрачыстасці ганаровымі сведкамі запісалі яснавяльможных паноў Тадэвуша Бужымоўскага, суддзю слонімскага, Марціна Урублеўскага і Міхала Пшацлаўскага, харунжага. Не паверыце, але ўсё, што вядома пра мужа Тэклі, — гэта звесткі пра шлюб і пра смерць прыблізна да 1820 года. Кім Адаму даводзіўся Марцін — братам ці бацькам? З якіх Урублеўскіх яны — са слонімскіх або з дзісненскіх? Таямніца. 

Свята-Міхайлаўскі сабор. Ліда, 2019

Малодшыя сястра і брат літаратаркі ўступілі ў шлюб са сваімі абраннікамі пазней (у 1807-м і 1830-м адпаведна). На жаль, ні ў кога не нарадзіліся дзеці. Як і ў Тэклі. Гэтая лінія роду згасла. 

Перад тым, як перанесціся ўслед за аўтаркай у Дзісну, кінем апошні позірк на маёнтак Бужымаў. У 1803-м тут памерла бабуля паэткі Мар’яна з Нарбутаў, якая мела 76 гадоў. Яе аддалі зямлі на могілках у Талькаўшчыне. У 1828-м там жа, ва ўніяцкай капліцы, побач з продкамі пахавалі сына Мар’яны — Тадэвуша Бужымоўскага. А вось Канстанцыя і Фердынанд, згодна з метрыкамі, спачываюць на слонімскіх парафіяльных могілках. 

Усё. Вяртацца ў Бужымаў нам не прыйдзецца. Едзем на поўнач. 

АБ “ЗАБАЎКАХ ВЯСКОВЫХ”

Ва ўспамінах 1806 года паэтгуманіст з Міншчыны Ігнат Быкоўскі (1750 — каля 1817) не толькі распавёў пра насычанае жыццё сяброў (прыкладам, Францішка Князьніна, знанага літаратара з Віцебшчыны), але і пакінуў невялікія біяграфіі Тэафілі Глінскай і Тэклі Урублеўскай. Вось што Быкоўскі занатаваў пра апошнюю: “Тэкля Бажымоўская падала да друку да ксяндзоўпіяраў у Вільні… рукапіс пад назвай «Забаўкі вясковыя»; ксёндз Бароўскі, прэфект друкарні, даў мне яго для праўкі; паправіўшы яго, адаслаў аўтарцы; пісала потым мне, што іншы твор мае падаць да друку, назву якога не памятаю. Меў з ёй працяглую карэспандэнцыю. Лісты яе поўныя жартаў і весялосці. Калі пайшла замуж за Урублеўскага, быў у іх дома. Маю адзін фрагмент, яе рукой напісаны, які тут даю, арыгінал пры сабе пакінуўшы”. Пад вершамі Ігнат пазначыў аўтарства: “Tekli z Borzymowskich Wróblewskiej”. Ва ўспамінах ёсць заўвага, што творы паэтак ён папраўляў і паляпшаў. 

Грунтуючыся на ўрыўку, можна дапусціць, што свае работы Тэкля спрабавала надрукаваць яшчэ да 1800га, калі была незамужняй. Але ці так гэта? Знайсці б архівы віленскіх піяраў і ліставанне Быкоўскага з Урублеўскай. Адзінае ведаем пэўна: ні ксёндз Юзаф Бароўскі, ні паэт Ігнат Быкоўскі, хоць апошні і ўгледзеў патэнцыял літаратаркі, не прыклалі асаблівых намаганняў, каб удасканаленыя вершы пабачылі свет. Чаму? Губляемся ў здагадках. 

РУШЫМ ДАЛЕЙ… 

На сёння няма ніякіх звестак пра тое, калі Тэкля Урублеўская перасялілася ў Дзісну. Паэтка адправілася з мужам у яго маёнтак ці была іншая прычына пераехаць? Дзе аўтарка жыла, чым займалася да 1815-га? Усё схавана ў непралазным гушчары. Працягнем прабірацца праз яго ў наступнай частцы і распавядзём пра магчымы ўплыў Урублеўскай на творчасць Адама Міцкевіча, пра Таварыства філарэтаў, яшчэ раз пра Фердынанда Бужымоўскага, а таксама пра іншых сваякоў літаратаркі. Будзе шмат цікавага. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ