Звон­кія і па­зі­тыў­ныя

Таленавітая рэжысура і сцэнаграфія, пошукі новых падыходаў да ўвасаблення твораў — музычна-драматычны тэатр “Гарадзенскі званочак” няспынна ўдасканальвае майстэрства і крочыць наперад.

Тэатр быў заснаваны ў 1996 годзе пры мясцовым дзіцячым садзе № 76. З 1998-га “Званочак” перайшоў пад крыло Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, а ў 2010-м атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. 

Шырокая гастрольная і канцэртная дзейнасць, дабрачынныя спектаклі ў школах, дзіцячых садах, дамах для дзяцей-сірот, ва ўстановах культуры горада, раёна і вобласці — вось чым жывуць юныя “званочкі”. 

Сёння ў калектыве 22 акцёры. Самаму старэйшаму — 16 гадоў, а малодшаму — усяго дзевяць. Сярод выхаванцаў — мноства выбітных работнікаў культуры. Да прыкладу, былы “званочак” Гражына Быкава больш за 10 гадоў іграе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Нагода для гордасці — і перамогі на міжнародных фестывалях і конкурсах. 

Да верасня тэатр узначальвала Ганна Сафронава. Цяпер яна займае пасаду мастацкага кіраўніка Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Як падкрэслівае педагог, калектыў не толькі вучыць асновам акцёрскага майстэрства, харэаграфіі, вакалу, але і выхоўвае дзяцей і падлеткаў, прывівае ім эстэтычны і мастацкі густ. 

— Ганна Уладзіміраўна, хто стаяў ля вытокаў “Гарадзенскага званочка”? 

— Тэатр створаны па ініцыятыве Надзеі Гордан, якая кіравала ім да 2007-га. Вялікая заслуга адмыслоўца заключаецца ў распрацоўцы для калектыву першых беларускамоўных праграм на аснове нацыянальнага фальклору. 

— А як нарадзілася назва? 

— Калісьці запытвала пра гэта “маму” нашых “званочкаў” Таццяну Стрыжак, што ўзначальвала калектыў пасля Надзеі Гордан. Таццяна заўсёды казала: “Паслухай, як яны звіняць!”

І сапраўды: дзяцей чуваць здалёк. Яны яркія, звонкія, пазітыўныя, таленавітыя… Для нас — найлепшыя! Невыпадкова такая асацыяцыя была закладзена ў назву. 

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш рэпертуар. 

— У скарбонцы мноства музычна-драматычных і пластычных спектаклей, вакальна-харэаграфічных нумароў. Самыя паспяховыя і любімыя ў публікі — “Пагуляем з Віні-Пухам”, “Муха-цакатуха”, “Русалачка”, “Бармалей”, “Бусляня і Пужала”, “Зайка-зазнайка”, “Жабкі і Чарапашка”, “Маленькая ведзьмачка”. 

Ёсць і ўнікальны лялечны спектакль “Віні-Пух і яго сябры”, героі якога створаны з сумак і рукзакоў! Вослік Іа — увогуле з чахла ад гармоніка. 

— Дзе знаходзіце новых артыстаў? 

— Штогод у канцы жніўня — пачатку верасня назначаецца дзень праслухоўвання. Завітаць можа любы ахвотны. Прэтэндэнты прад- стаўляюць камісіі загадзя падрыхтаванае невялікае выступленне. У асноўным чытаюць вершы ці ўрыўкі з прозы, байкі, часам выконваюць песні… У некаторых выпадках, калі дзеці прыходзяць без уласнай праграмы, прапануем свае матэрыялы. 

— Як выглядае адукацыйны працэс? Якія навыкі выхаванцы асвойваюць у першую чаргу? 

— Атмасфера ў калектыве як у вялікай дружнай сям’і. Таму ўсе “старэнькія” ўдзельнікі заўжды дапамагаюць “новенькім”. Рэпетыцыі праходзяць два-тры разы на тыдзень. Галоўная мэта кожнай сустрэчы — раскрыццё творчых здольнасцей і развіццё любові да мастацтва. Вывучаем і харэаграфію, і пластыку, і вакал, і сцэнічную мову, вельмі шмат і часта гаворым з дзецьмі пра сцэнічную культуру. Рэгулярна арганізоўваем майстар-класы, трэнінгі, сумесна наведваем тэатры, музеі, кіно. Нашы методыкі спалучаюць сучасныя адукацыйныя тэндэнцыі з традыцыйнымі падыходамі. 

Гэтая стратэгія мае пазітыўныя вынікі: выпускнікі паступаюць у прэстыжныя ВНУ — да прыкладу, у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Тэатральны інстытут імя Б. Шчукіна і Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя М. Шчэпкіна ў Маскве. 

— Перамогі ў конкурсах — галоўная матывацыя для развіцця? 

— Кожная ўзнагарода на шляху калектыву — каштоўная і значная. Ёсць у нас і некалькі гран-пры міжнароднага ўзроўню, дыпломы за першыя месцы, ганаровыя граматы… Але найважнейшае — падзяка гледача, паспяховая рэалізацыя творчага патэнцыялу юных акцёраў і радасць іх бацькоў. 

— У чым, на вашу думку, унікальнасць “Гарадзенскага званочка”? 

— У тым, што нашы зорачкі здольныя выступаць на адной сцэне з сапраўднымі прафесіяналамі і зараджаць, захапляць публіку з такой жа сілай! 

— Чаго чакаць ад калектыву ў найбліжэйшы час? 

— Новых спектакляў на сцэне Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры! Плануем дзве прэм’еры: “Маўглі” і “Кошчын дом”. Прыходзьце — будзем рады! 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва калектыву