Здзіў­лен­не, па­мно­жа­нае на за­ча­ра­ван­не

“Падкажыце, як знайсці?” — пытаюся ў міначкі і называю адрас. “Вы да нашага Кулібіна?” — у голасе незнаёмкі непрыхаваны гонар. Яна ўпэўнена паказвае кірунак: Андрэй Мартынюк у Дзяржынску чалавек вядомы. З-пад яго ўмелых рук выйшлі сотні неверагодных па канструкцыі і прыгажосці гадзіннікаў. Работы майстра разляцеліся па ўсім свеце: ёсць і на Блізкім Усходзе, і ў Еўропе, і ў Сярэдняй Азіі, і ў Лацінскай Амерыцы...

МАГІЯ З ПАРОГА 

Цуды тэхнічнай думкі сустрака- юць ужо ў двары. Вось агромністы вежавы гадзіннік — нібы для сярэд- нявечнага замка. На даху — мініяцюрны, мілы, такому месца ў казачным палацы. На сцяне дома і на дзвярах — шасцярэнькі, сімвал рамяства. І на партрэце ў холе — выява Андрэя Міхайлавіча ў атачэнні гэтых дэталей. 

Гаспадар спускаецца па лесвіцы. Яе адмысловец таксама зрабіў сваімі рукамі. Як і “сценку” — на ўсіх драўляных дзверцах разьбяныя карціны з шэкспіраўскага “Гамлета”. Пад столлю вялізная канструкцыя — Сонечная сістэма. Планеты круцяцца, час цячэ, жыццё бяжыць. А вакол цікаюць, цікаюць гадзіннікі — мусіць, каб на гэта не забыцца. Здзіўленне, памножанае на зачараванне!

ПЕРШЫЯ СПРОБЫ 

Драўляная механіка для інжынера электрасувязі Андрэя Мартынюка многія гады была проста хобі. Шлях у свет, якім кіруе час, пачаўся ў юнацтве, калі на вочы трапілася кніга пра Кулібіна. На той момант навыкамі разьбы па дрэве Андрэй Міхайлавіч ужо валодаў, вырашыў паспрабаваць зрабіць што-небудзь механічнае. Усе пачатковыя веды чэрпаў у мінскай бібліятэцы імя У. Леніна. Сваім настаўнікам умелец лічыць майстра Генрыха Кана, працы якога штудзіраваў у чытальнай зале. 

Адмысловец успамінае, як у 1980-х ствараў першы гадзіннік — доўга і складана. Але вопыт каштоўны! Зараз на новы шэдэўр Андрэю Мартынюку можа спатрэбіцца да пяці гадоў.

УСЕ НЕЗВЫЧАЙНЫЯ! 

Гадзіннікаў Андрэя Міхайлавіча ў Станькаўскім Доме майстроў — сотні. Сярод экспанатаў — ніводнага шэраговага. Вось мадэль “Конгрыў”: замест маятніка пляцоўка-арэлі з шарыкам. А тут вялікі казачны церам “Вясёлае сяло”, у якім рухаюцца саламяныя фігуркі людзей і коней, а разам з імі і гарызантальны цыферблат. Непадалёку стаілася птушка Сірын, на сцяне вісяць карта Беларусі і марскі секстант, рыба ў стылі стымпанк і кітайскі змей Ураборас, увасабленне бясконцасці, вечнасці...

ЧАС ВЫЦІНАНКІ 

— Серыя “Час выцінанкі” нарадзілася пасля таго, як я пазнаёміўся з гэтым старадаўнім беларускім мастацтвам і людзьмі, якія ствараюць нерэальныя па прыгажосці вырабы, — распавядае Андрэй Мартынюк. — Дзевяць майстроў даслалі фатаграфіі 18 прац, а я перавёў іх у фанеру. 

Ёсць у экспазіцыі і “жывыя” выцінанкі: птушкі махаюць крыламі, коні цягнуць вазы, млын стракоча... Калекцыя пабывала ў Александрыі на рэспубліканскім свяце “Купалле”, на некалькіх фестывалях “Дажынкі” — і ўсюды захапляла гледачоў як умельствам механіка-мастака, так і прыгажосцю ўзораў. 

Дарэчы, 4 снежня беларуская выцінанка была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

СТАРАДАЎНЯЯ АНІМАЦЫЯ 

Нечаканая механічная канструкцыя сустракае ў прыцемне- ным пакоі. Гэта заатроп — прылада для дэманстрацыі рухомых малюнкаў. Андрэй Мартынюк выкарыстоўваў старадаўні спосаб анімацыі, каб паказаць народны звычай “Ката пячы”, адроджаны ў вёсцы Скірмантава і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Аўдыя, што суправаджаюць дзейства, арыгінальныя, сцэны адноўлены па фатаграфіях, зробленых падчас абраду.

АДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСІ 

У цэнтры пастаяннай экспазіцыі твораў Андрэя Міхайлавіча — кінетычны тэатр “Балабуха”. На ажурную канструкцыю, памерам два на два метры, з тысячай шасцярэнек, пайшло пяць гадоў працы. Адмысловец прысвяціў катрынку нашым духоўным вытокам — беларускім народным звычаям — і рупліўцам сферы культуры, якія тое багацце захоўваюць. Праект Андрэя Мартынюка ўвасабляе каштоўнасці, што робяць нас беларусамі. Гэта сям’я, перадача з пакалення ў пакаленне бясцэннага вопыту, працоўныя і творчыя традыцыі. 

Ідэю тэатра аўтар выношваў некалькі гадоў, прадумваў сцэнарыі, персанажаў і дэкарацыі, механізмы. Прызнаецца: рэалізаваць праект без фінансавай дапамогі было б немагчыма. І майстар атрымаў яе ад Кіраўніка дзяржавы, стаўшы ў 2016-м уладальнікам гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сродкі дазволілі таленавітаму ўмельцу часткова механізаваць працу — на іх Андрэй Мартынюк сабраў станок лазернай рэзкі. Працэс пайшоў! 

Першы паказ “Балабухі” адбыўся ў 2018-м, і з таго часу тэатр пастаянна сустракае захопленых гледачоў. Часткі арт-аб’екта прадстаўляюць народныя святы Каляды, Купалле, дажынкі, на асобнай пляцоўцы — музычны калектыў. Лялек і касцюмы для праекта зрабілі мясцовыя майстрыхі. У кожнага персанажа ёсць прататып: тут і супрацоўнікі Дзяржынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, і артысты. Падабенства неймавернае! А тон задае сямейны ансамбль Андрэя Міхайлавіча “Пілігрымы”, таксама ў ляльках: галава сям’і — рокер, жонка Маргарыта — скрыпач, выкладчык ДШМ, сын Аляксандр — гітарыст-педагог. На вялікі жаль, жонка пайшла з жыцця… Сыны ж (у тым ліку малодшы Арцём — IT-дызайнер) падтрымліваюць бацьку ў неверагодна складанай творчасці, якой ён зачароўвае і ўпрыгожвае свет. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота аўтара і Наталлі ТРАЦЭЎСКАЙ