Больш за 60 скульптур Льва і Сяргея Гумілеўскіх паказаны на выставе ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”. Кожная з іх — шчырае прызнанне ў любові да Беларусі, знак пашаны да вялікіх сыноў нашай зямлі.
Увазе гледачоў — станковыя творы з бронзы, дрэва і каменю, эскізы помнікаў, фотаздымкі самых істотных манументальных прац. Выбар экспазіцыйнай пляцоўкі невыпадковы. Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў юны Леў Гумілеўскі з сям’ёй апынуўся ў Нясвіжы. Там рабіў першыя крокі да прафесіі — займаўся ў студыі выбітнага мастака Міхася Сеўрука. Ужо дарослым Леў Мікалаевіч нярэдка з удзячнасцю згадваў першага настаўніка. І хоць будучы майстра з’явіўся на свет у Маскве, а карані меў на Браслаўшчыне, родным называў менавіта Нясвіж. У сталым узросце Леў Гумілеўскі прысвяціў нямала прац гісторыі старадаўняга горада: тры пціх “Сказанне пра Нясвіж” у Нацыянальнай бібліятэцы, бюсты Юрыя Нясвіжскага і Мікалая Радзівіла Сіроткі ды іншыя скульптуры ў парку ля славутага палаца.
Беларуская тэма ўвогуле стала асноўнай для народнага мастака ды яго сына, прадаўжальніка дынастыі. Паасобку і ў дуэце яны стварылі маштабную галерэю вобразаў нашых выдатных суайчыннікаў. У мемарыяльных і станковых работах ажылі Кірыла Тураўскі, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і дзясяткі іншых слынных дзеячаў.
Для абодвух аўтараў галоўная крыніца натхнення — наша паэзія. Захапленне ўзнёслымі вершамі прывяло да стварэння цэлага шэрага прысвячэнняў Янку Купалу. Сярод іх — помнікі першаму народнаму паэту ў Мінску і Маскве (адзін адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, другі — прэміяй Саюзнай дзяржавы). Гумілеўскімалодшы не толькі пераняў ад бацькі захапленне Песняром, але і знайшоў свайго героясветача. З юнацтва Сяргей Львовіч — прыхільнік таленту Максіма Багдановіча: яму прысвяціў дыпломную працу, разам з Львом Мікалаевічам вырабіў надмагілле паэта ў Ялце.
“Не пакідай мяне, мой светлы сум” — радкамі Ніла Гілевіча названа экспазіцыя ў Нясвіжы. Гэтыя словы выдатна пасуюць творчасці Гумілеўскіх. Адначасова ўрачыстыя і задуменныя, велічныя і летуценныя скульптуры Льва Мікалаевіча і Сяргея Львовіча пазбаўлены фальшу. Кожны іх герой паўстае не здранцвелым вобразам з мінулага, а жывой асобай са сваімі эмоцыямі і марамі.
Ужо некалькі гадоў Льва Гумілеўскага няма побач з намі, аднак яго сын годна працягвае сямейную справу. Сяргей Львовіч рупна зберагае бацькаву спадчыну і надалей пераводзіць паэзію ў бронзу, апявае беларускую культуру. Некаторыя з работ, паказаных на выставе, шырокая публіка пабачыць упершыню. Ды і нямала твораў яшчэ чакае свайго часу ў эскізах, у тым ліку помнік Мікалаю Радзівілу Сіротку для Нясвіжа.
Данііл ШЭЙКА
Фота музея-запаведніка "Нясвіж"