Куды і як сёння рухаюцца беларуская драматургія і яе сцэнічнае ўвасабленне? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні — у аглядзе вынікаў ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, які праходзіў з 28 лістапада па 3 снежня ў Бабруйску.
Круглы стол, прысвечаны пералічанай праблематыцы, адбыўся ў апошні фестывальны дзень. Члены журы, запрошаныя крытыкі, ганаровыя госці зычылі фестывалю далейшага плёну. Жадалі зноў узрасці да міжнароднага маштабу, як гэта было да пандэміі. Прымеркаваць да наступнага правядзення, што адбудзецца праз два гады, выданне зборніка п’ес. У намінацыю “найлепшая п’еса фестывалю” ўключыць таксама інсцэніроўкі — ці вылучыць для іх асобную нішу, бо якасць гэтай працы ўплывае на фінальны вынік не менш за арыгінальную п’есу. Запланаваць на будучыню правядзенне не толькі творчай лабараторыі, але і лекцый, прысвечаных беларускай драматургіі.
Як справядліва адзначыла старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вераніка Ярмалінская на правах старшыні журы, “патрэбна жывая хваля новых п’ес”. Для гэтага няблага было б наладзіць наведванне тэатраў драматургамі, як прапанаваў член журы, адзін са старэйшых акцёраў тэатра В. Дуніна Марцінкевіча, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Парфяновіч: паедуць драматургі па тэатрах, паглядзяць на іх творчы склад, пазнаёмяцца — і з’явяцца новыя п’есы для канкрэтных калектываў.
Да таго ж, як заўважыў член журы, старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі па тэатральным і цыркавым мастацтве Віталь Катавіцкі, “класічная драматургія не заканчваецца з Янкам Купалам”, ёсць шмат не ўсім вядомых аўтараў мінулага, творы якіх склалі ажно тры тамы беларускай драматургіі. Яе гістарычную рэтраспектыву няблага было б праводзіць у рамках фестывалю і надалей.
Не менш важна прыцягваць да абмеркаванняў спектакляў іх рэжысёраў, каб выказаныя крытыкамі заўвагі і прапановы не сыходзілі ў пустэчу. Далейшага працягу патрабуе супрацоўніцтва з нашай Акадэміяй мастацтваў, каб будучыя рэжысёры мелі магчымасць, як сёлета, прапанаваць свае эскізы з надзеяй на далейшую пастаноўку паўна вартаснага спек такля ў Бабруйску.
Расійскія і латвійскія госці адзначалі шматжанравасць фестывалю, карэктнасць і прафесіяналізм крытыкаў, якія штодзень праводзілі публічныя абмеркаванні паказаных спектакляў. Усе ў адзін голас ухвалялі папраўдзе ўнікальную арганізацыю, стаўленне да кожнага ўдзельніка фэсту як да блізкага, роднага чалавека.
Фестываль у чарговы раз прадэманстраваў праблему асобы рэжысёра. Бо важна не проста надаць драматургіі сцэнічнае ўвасабленне, але і паставіць у спектаклі нейкую звышзадачу, якая б давала адказ на пытанне, чаму тая ці іншая пастаноўка ўзнікае менавіта сёння, менавіта ў гэтым горадзе і з гэтай трупай. Заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Міхаіл Кавальчык згадаў параўнанне спектакля з асноўнай стравай і гарнірам да яе, маўляў, у многіх пастаноўках гарніру ў выглядзе разнастайных рэжысёрскіх прыёмаў ставала, а вось галоўнай стравы — ідэі, звышзадачы — часам бракавала.
Сцэна са спектакля "Пан Твардоўскі"
На гэтай глебе разгарэлася дыскусія. Бо член журы, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рыгор Баравік упэўнены ў адваротным: многім спектаклям не хапала якраз разнастайнасці “гарніру”, рэжысёрскага эксперыменту, яркага “хуліганскага” падыходу. Разам з тым адмыслоўца вылучыў адразу трох маладых тале навітых рэжысёраў, адкрытых гэтым фестывалем: Паўла Марыніча з Пінска, Лізавету Машковіч, што атрымала дыплом за найлепшую рэжысуру (“Белыя Росы” Новага драматычнага тэатра), і Марыю Гуцаву з Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
Змянілася і стаўленне тых жа бабруйскіх артыстаў да рэжысёраўпачаткоўцаў, што падкрэсліў В. Катавіцкі. Калі раней, здаралася, яны супраціўляліся ўдзелу ў такіх пастаноўках, дык цяпер працавалі зацікаўлена і арганічна. І дапамагалі маладым рэжысёрам прадэ манстраваць патэнцыял, што вельмі важна для кар’еры.
Амаль усе спектаклі фестывальнай праграмы ў свой час мелі больш ці менш разгорнутыя рэцэнзіі на старонках нашай газеты. Таму звернем увагу на нядаўнія прэм’еры, агляд якіх дагэтуль не рабіўся. “Пан Твардоўскі” Палескага драматычнага тэатра невыпадкова атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Гісторыкамістычная п’еса Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы Паўла Марыніча спалучыла найлепшыя традыцыі акадэмічнага тэатра з эстэтыкай фэнтэзі, камп’ютарных гульняў, вынаходлівай пластыкай, добрай працай з тканінай, разнастайнымі светлавымі эфектамі, што складала сапраўдную “містычную легенду”.
Ваенная драма “Сотнікаў” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа была прачытана як роздум з адкрытым фіналам: Канстанцін Ганчароў, нядаўна прызначаны мастацкім кіраўніком калектыву, вырашыў даць героям яшчэ адзін шанц на магчымае выратаванне ад здрадніцтва і немінучай смерці.
Спектакль-канцэрт “Проста ты ўмела чакаць...” з Магілёва вылучаўся зваротам да ваенных лістоў аднаго з мясцовых франтавікоў, нядаўна перада дзеных у краязнаўчы музей. Бабруйская “Ідылія” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча была вырашана Паўлам Марынічам як светлая пастараль. А творчая лабараторыя “Святло майстра” невыпадкова была прысвечана студэнцкім эскізам па чатырох п’есах Аляксея Дударава: ён быў добрым сябрам гэтага тэатра і фестывалю, і яго нябачная прысутнасць адчувалася і цяпер.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра