У жніўні 44-га…

Апублiкавана: 27 снежня 2024 Кiно Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Ён, падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея — і айчыннымі знаўцамі, расказвае аб знакавых ваенных карцінах “Беларусьфільма”.

Сярод стужак, якія ўвайшлі ў гісторыю не толькі беларускага, але і сусветнага мастацтва, асобнай увагі заслугоўвае работа “У жніўні 44-га...”. Яна стала перадапошняй у жыцці выдатнага рэжысёра Міхаіла Пташука, але пачала новую хвалю ваеннага кінематографа. 

ШТРЫХІ ГІСТОРЫІ 

У карціны па матывах рамана Уладзіміра Багамолава “Момант ісціны” быў досыць доўгі шлях да гледача. Адразу права на экранізацыю сюжэта пра спецпадраздзяленне контрразведкі “Смерш” атрымаў літоўскі рэжысёр Вітаўтас Жалакявічус і студыя “Масфільм” у 1975 годзе. Аднак падчас здымак памёр Бронюс Бабкаўскас — акцёр, які іграў генерала Ягорава. Кінавытворчасць была спынена, а пасля і зусім замарожана. 

Другую спробу экранізаваць “Момант ісціны” зрабілі толькі ў канцы 1990-х. Стужку даверылі ўжо вядомаму рэжысёру Міхаілу Пташуку. Але і гэтым разам не ўсё ішло гладка. 

Самай вялікай праблемай сталі напружаныя адносіны з аўтарам рамана і сцэнарыстам Уладзімірам Багамолавым. Яго неразуменне адрозненняў паміж літаратурным і кінематаграфічным творамі ўскладняла працэс: пісьменнік увесь час папракаў рэжысёра адсутнасцю ў персанажаў “псіхалагічных характарыстык” і знікненнем разумовага працэсу. Багамолаў імкнуўся да рэалістычнасці, ігнараваў законы драматургіі і тэхнічныя магчымасці. Напрыклад, ён настойваў, каб ваенная тэхніка рухалася ноччу з выключанымі фарамі, але не браў у разлік, што ў цемры камера проста не ўбачыць машыну. Зза па добных рознагалоссяў аўтар арыгінальнага тэксту нават папрасіў прыбраць сваё імя з цітраў. 

САМААДДАНАЯ ПРАЦА 

Здымкі стартавалі на Віцебшчыне, у вёсцы Будзічы. Акцёрскі склад падабраўся сапраўды зорны: Яўген Міронаў у ролі капітана Алёхіна, Уладзіслаў Галкін у вобразе старшага лейтэнанта Таманцава і Юрый Калакольнікаў, які іграў лейтэнанта Блінова і толькі пачынаў кар’еру ў вялікім кіно. Трыа вельмі адказна ставілася да працы. Выканаўцу галоўнай ролі Яўгену Міронаву прыйшлося кардынальна перабудаваць характар, каб адпавядаць свайму персанажу — разважліваму спецагенту, які ўмее кіраваць эмоцыямі і прымяраць маскі, каб не выдаць сябе. Акцёр кансультаваўся з ветэранам контрразведкі, які, напрыклад, не раіў здымацца ў фуражцы: яе ў лесе відаць здалёк. Артыстаў настаўляў і сам рэжысёр. 

— Запомнілася, як рыхтаваліся да фінальнай сцэны, у якой мой герой “праколвае” нямецкіх дыверсантаў. Пташук вельмі баяўся гэтага эпізоду. Міхаіл Мікалаевіч паклікаў мяне да сябе ў нумар, а ўся група ў гасцініцы адзначала чыйсьці дзень нараджэння. Тры гадзіны ночы, гармідар у калідоры, і рэжысёр мне кажа: “Няправільна, усё няправільна я прыдумаў у фінале”. — “Давайце яшчэ раз ад пачатку пройдзем сцэну”. І мы па кроках адыгралі яе ўсю. Потым яшчэ раз. Вельмі ўдзячны Міхаілу Мікалаевічу за тую ноч: раніцай быў гатовы да здымак, — успамінаў Яўген Міронаў. 

Для Уладзіслава Галкіна вобраз старшага лейтэнанта Таманцава да канца жыцця заставаўся самым любімым у кар’еры. Спецыяльна для гэтай ролі акцёр пахудзеў і прайшоў курс байца спецназа. Артыст Юрый Прыстром, які выканаў у стужцы эпізадычную ролю, быў сапраўдным настаўнікам для калег: менавіта ён кансультаваў артыстаў, як паводзіць сябе на заданні. 

ЯРКІЯ ХАРАКТАРЫ 

Нягледзячы на спрэчкі з аўтарам тэксту, Міхаіл Пташук не толькі стварыў яскравыя, запамінальныя вобразы, але і пераасэнсаваў паводзіны ваенных. Гэта дазволіла зрабіць сюжэт жывым і дынамічным, чаго часта не хапала карцінам пра Вялікую Айчынную. 

У кожнага героя — свой набор якасцей, што складваюцца ў адметнае цэлае. “У жніўні 44-га…” — бліскучы прыклад вядзення напружанага сюжэта, захавання інтрыгі і стварэння “сакавітых” характараў. Рэжысёр выдатна падабраў акцёраў і з усімі дасканала распрацаваў персанажаў. Асцярожны і разважлівы Алёхін, бойкі, востры на язык Таманцаў, мэтанакіраваны і засяроджаны Бліноў… Непадобныя адзін да аднаго, яны рухалі экранную гісторыю, падманваючы майстэрствам пераўвасаблення іншых герояў. Часам блыталі і гледача, каб зацягнуць яго ў сур’ёзную дэтэктыўную гульню, дзе няма аніякіх іншых ставак, акрамя як на жыццё. 

АКТУАЛЬНЫ І СЁННЯ 

Праз амаль 25 гадоў гэты фільм — адзін з самых захапляльных ваенных дэтэктываў. Міхаілу Пташуку ўдалося зняць карціну, якая і нада лей будзе асацыіравацца з годным кіно. Яе назва будзе прыгадвацца першай, калі гаворка зойдзе пра выбітныя беларускія стужкі. Па сёння “У жніўні 44-га...” застаецца вяршыняй, і наблізіцца да яе пакуль мала ў каго атрымліваецца. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно