Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі — адзін з найважнейшых асяродкаў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры, навуковы цэнтр музыказнаўства, фалькларыстыкі, эстэтыкі і педагогікі. У склад установы ўваходзяць чатыры факультэты, 13 кафедраў, оперная студыя, кабінет традыцыйных музычных культур, цэнтр творчых праектаў.
Сёння галоўны корпус акадэміі, размешчаны ў самым сэрцы сталіцы, на плошчы Свабоды, закрыты на капітальны рамонт, рэканструкцыю і рэстаўрацыю. Вынікам работ стане абнаўленне вонкавага і ўнутранага аблічча будынка і яго прыстасаванне да новых патрабаванняў.
Галоўны корпус акадэміі быў узведзены ў 1958 годзе ў велічным палацавым стылі з рысамі класіцызму і з’яўляецца аб’ектам гісторыкакультурнай спадчыны другой катэгорыі. Фасад з парадным уваходам вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам. У сярэдзіне будынка знаходзяцца парадны вестыбюль, фае і канцэртная зала, а ў бакавых крылах — класы, аўдыторыі і кабінеты. Шырокія мармуровыя лесвіцы, дубовыя парэнчы, гранітныя падаконні і вытанчаная ляпніна падкрэсліваюць статус акадэміі як асноўнага цэнтра музычнай адукацыі ў краіне. Але за 66 гадоў галоўны корпус установы ні разу не зазнаваў маштабнага рамонту. Рыхтавацца да яго ўзяліся яшчэ 10 гадоў таму — тады пачалі праводзіць архітэктурнае, гістарычнае і геалагічнае абследаванні.
Як распавёў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльнатэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Аляксандр Бартошык, рэстаўрацыйныя работы стартавалі ўвосень 2024-га і працягнуцца каля двух гадоў. Аб’ём інвестыцый складзе 31 мільён рублёў з дзяржаўнага бюджэту. Працэс падзелены на тры этапы: капітальны рамонт, рэканструкцыя і рэстаўрацыя. Першы прадугледжвае поў ную замену камунікацый. Трубы, інжынерныя сістэмы, перакрыцці, дах і падлогі будуць цалкам абноўлены. Будынак абсталююць сістэмай кандыцыяніравання з мінімальным узроўнем шуму, каб падтрымліваўся аптымальны для музычных інструментаў мікраклімат.
Падчас рэстаўрацыі адмысловую ўвагу нададуць цэнтральнай частцы галоўнага корпуса.
Будзе адноўлены іскрыстабелы колер фасада, які выкарыстоўваўся першапачаткова. Мяркуецца вярнуць арыгінальны малюнак аконных рам, адрэстаўраваць мармуровыя лесвіцы, ляпніну, паркет і столі.
У межах рэканструкцыі плануецца мадэрнізацыя аўдыторый для паляпшэння акустыкі і стварэнне студыі, дзе студэнты і педагогі змогуць рабіць высакаякасныя запісы для конкурсаў і выступленняў. У перспектыве імавернае не толькі аднаўленне гістарычнага аблічча будынка, але і рэалізацыя некаторых задум архітэктара Рамана Гегарта, якія раней засталіся паза ўвагай. Справа і злева ад увахода могуць з’явіцца ўтульныя скверы з кустамі руж, дарожкамі і са скульптурай, прысвечанай беларускім музыкантам. Пэўна, гэта будзе “Скрыпачка” вядомага айчыннага майстра Валянціна Занковіча.
Завяршэнне рэстаўрацыйных работ запланавана на 2026 год, а пакуль, на час рамонту, канцэрты і лекцыі перанесены ў малую залу і музычную гасцёўню па вуліцы Камуністычнай, 9. Гэта дазваляе скарбніцы ведаў і талентаў працягваць дзейнасць без перапынкаў.
Як адзначае рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алена Куракіна, установа вянчае сістэму музычнай адукацыі, усе вядучыя тэатральныя і канцэртныя трупы ўкамплектаваны яе выпускнікамі, таму аднаўленне галоўнага корпуса — вялікі падарунак усёй музычнай грамадскасці краіны. Алена Віктараўна падкрэслівае, што кіраўніцтва галіны і дзяржавы ніколі не абдзяляла акадэмію ўвагай. Па спецыяльнай прэзідэнцкай праграме былі набыты 10 раяляў. Галоўны з іх, Steinway & Sons, які да нядаўняга часу ўпрыгожваў вялікую залу, акадэмія займела таксама пры падтрымцы прэзідэнцкага фонду. Штогод за кошт рэспубліканскага бюджэту закупляюцца духавыя, ударныя і народныя інструменты. А ў 2019-м пасля капітальнага рамонту быў здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат на вуліцы Кісялёва, 61.
Галоўны корпус акадэміі з пункту гледжання ўмоў для адукацыйнага працэсу быў спраектаваны і ўзведзены вельмі ўдала. Аднак з цягам часу практычна ідэальныя акустычныя якасці будынка пачалі губляцца. Асабліва гэта прыкметна ў аўдыторыях. Дзесьці мяняліся аконныя рамы і падаконні, дзесьці дзверы, столевыя свяцільні, што скажала гучанне інструментаў, ставіла пад пытанне адпаведнасць навучання высокім стандартам. Але ўсё гэта, на шчасце, ужо ў мінулым.
Антон РУДАК
Фота аўтара