ХІV Мінскі міжнародны Калядны оперны форум стаў самым незвычайным за ўсю сваю гісторыю. Ён не абмежаваўся складзенымі традыцыямі, а зрабіў сапраўдны прарыў у штосьці новае, невядомае, ва ўсіх сэнсах касмічнае. Адкрыццё фестывалю — і па часе, і па сутнасці — “Галоўнае пытанне” з Чувашыі, створанае з удзелам штучнага інтэлекту.
Чувашскі дзяржаўны тэатр оперы і балета — зусім малады, афіцыйна заснаваны ў 1993-м. А больш дакладна — перайменаваны з музычнага тэатра, які ў сваю чаргу аддзяліўся ад тамтэйшага музычнадраматычнага ў 1961-м. Тэатр ладзіць некалькі фестываляў: оперны, балетны, нават аперэты. У Чэбаксарах праходзіць буйны оперны конкурс, уладальніцай гранпры якога сёлета стала наша Яўгенія Крохіна з Беларускага музычнага тэатра. Але да нядаўняга часу калектыў з Чувашыі мала хто ведаў. Папулярнасці дадалося пры правядзенні рэбрэндынгу: новая назва тэатра “Волга Опера” — запамінальная, гучная і працуе на рэкламу, бы нейкі слоган. А як летась там была пастаўлена “Галоўнае пытанне”, пра калектыў загаварылі ва ўсім свеце. Бо гэта першы паўнавартасны оперны спектакль са штучным інтэлектам! Запрасіць яго на форум прапанаваў рэкламнаінфармацыйны аддзел нашага Опернага: на сёння гэта самы запрабаваны опернафестывальны твор у той жа Расіі. А калі б не палітычныя абмежаванні, ён бы аб’ехаў усе кантыненты. Бо гэта ж цікава!
Не менш цікавая і шмат у чым павучальная гісторыя стварэння гэтай оперы. Генератарам ідэі выступіў мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатра Андрэй Папоў. Ён адштурхнуўся ад незвычайнага будынка Чувашскага тэатра: прыклад савецкага мадэрну, той даўно стаў у сеціве мемам, яго параўноўваюць з незразумелым касмічным аб’ектам. Значыць, і опера трэба касмічная!
Звязаўся з рэжысёрам Дзмітрыем Ацякоўскім — куратарам Цэнтра даследавання лічбавай оперы ў Санкт-Пецярбургу (гэта менавіта яго оперныя анлайн прэм’еры, уключаючы “Скупога рыцара” Рахманінава, увасобленага на мяжы оперы і камп’ютарнай гульні, мы глядзелі ў час пандэміі). З дапамогай штучнага інтэлекту зрабілі лібрэта, эскізы сцэнаграфіі, касцюмаў. Нарэшце, звярнуліся да Рустама Сагдзіева, які напісаў партытуру і адначасова выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам.
Як бачыце, кампазітар далучыўся да каманды толькі тады, калі тэатр абсалютна дакладна разумеў, што яму патрэбна, і быў гатовы эксперыментаваць і рызыкаваць. Часцяком жа ролю кампазітара ў стварэнні оперы бачаць іначай. Спачатку — гэткім “рухавіком працэсу” (маўляў, чакаем цалкам завершаную пар тытуру, якая пры пастаноўцы адразу стане хітом). А потым, калі опера напісана, — гэткім “дыверсантам”, што перашкаджае тэатру выконваць планы па фінансавых паказальніках і запаўняльнасці залаў (маўляў, іншая справа — апрабаваная класіка). У параўнанні з некаторымі творамі, што гадамі і дзесяцігоддзямі чакаюць свайго сцэнічнага ўвасаблення, “Галоўнае пытанне” можна назваць хуткаспелкай: ад нараджэння ідэі да прэм’еры мінула ўсяго паўгода.
Штучны інтэлект, які сёння ва ўсіх па слыху, сабака-робат на сцэне (а таксама на прэспады ходзе і ў антракце ў фае) — хіба дадатковыя павабы для шырокай публікі. Бо лічбавая касмічная опера, як яна пазіцыянуецца стваральнікамі, насамрэч зроблена па ўсіх музычных законах. Яна цалкам адпавядае цяперашняму метамадэрну, што праз шматлікія спасылкі на іншыя творыстыліэпохі, пазнавальныя для самай рознай публікі, яднаесінтэзуе ўсё і ўся. А па жанры — так званая лайтопера. Такое азначэнне прыдумаў для сваіх музычна тэатральных твораў расійскі кампазітар Аляксандр Пантыкін. І яно добра стасуецца са шматлікімі падобнымі назвамі французскіх твораў на памежжы оперы і мюзікла, але без відавочных элементаў джазу ці року.
"Галоўнае пытанне" — першы ў свеце паўнавартасны оперны спектакль са штучным інтэлектам.
Пралог і эпілог утвараюць музычную арку. Унутры яе — дзевяць навэл на дзевяці розных мовах (ад чувашскай да квазіславян скай і санскрыту), названыя “эпізодамі”: пагроза ўварвання іншапланецян, спробы выйсці з залюстроўя, вяртанне ад прагрэсу ў каменны век, уручэнне Супергалактычнай прэміі. Розныя героі і сюжэтныя лініі з’яднаны тэмай, што ўсё болей шчыльна набліжае фэнтэзі да рэальнасці: чалавек і космас, чалавек і камп’ютар, лічбавыя тэхналогіі, сучаснае развіццё машынерыі, робататэхнікі і т.п. Такі нелінейны аповед з элементамі абсурду, фрагменты якога з’яднаны пэўнай тэматыкай, даўно ўласцівы мастацтву кіно. Куды раней такая цыклічнасць з’явілася ў музыцы, жывапісу. Апроч уласна вакальных сцэн, ёсць нумары пластычна-харэаграфічныя, сінтэтычныя.
Логіка разгортвання — бездакорная, з наяўнасцю лейтматываў. Шлях ад максімальна простага ў акадэмічнай музыцы да ўсё больш складанага вядзе да кульмінацыі акурат у пункце залатога сячэння (шостая навела “Праклён” пра кібер-кошку-жонку). Рэзкі паварот да камізму і нават адкрытай сатыры звязаны з шоу як праявай масавай культуры (“Прэмія”). А далей ад сучаснасці мы рушым углыб стагоддзяў — праз вядомыя оперныя інтанацыі рамантызму, класіцызму, барока, завяршыўшы падарожжа вадэвільнымі куплетамі, дзе кожны робіць свае вынікі прагнозы.
Так, штучны інтэлект дапамагаў. Менавіта ён вызначыў найбольш папулярныя для пэўных эпох і краін мастацкія дэталі. Але далейшы выбар і працу з абраным ажыццяўлялі самі аўтары твора і спектакля. Ці ж гэта не адказ, за кім будучыня? За чалавекам, які ўмела кіруе штучным інтэлектам і жыве ў гармоніі і з найноўшай тэхнікай, і з навакольнай прыродай.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА