Анегін з Фігара сустрэўся

Апублiкавана: 25 снежня 2024 Стужка Тэатры Мінск Рэха фестывалю

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Прэм’ера беларускай пастаноўкі стала адной з традыцый Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму.

ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ ПАЧУЦЦЯЎ 

На XIV Калядным оперным форуме прэзентавалі новую версію “Яўгена Анегіна” Чайкоўскага — восьмую па ліку ў нашым Вялікім тэатры. Галоўны рэжысёр Ганна Маторная не пераносіла падзеі рускага жыцця ХІХ стагоддзя кудынебудзь у сучаснасць. У цэнтры спектакля, як і ў оперы, апынулася не столькі “энцыклапедыя рускага жыцця”, як называлі паэму Пушкіна, колькі энцыклапедыя чалавечай душы, на што здольная музыка. А пачуцці і эмоцыі не страчваюць актуальнасці, бо ўласцівыя чалавеку незалежна ад эпохі. Да таго ж у вядомым сюжэце былі крыху іначай расстаўлены акцэнты, традыцыйныя рэалістычныя дэталі набылі сімвалічны сэнс. Усё гэта разам з неўміручай музыкай і стварае цікавасць да пастаноўкі. 

Сцэны са спектакля "Яўген Анегін"

Знешняе аблічча спектакля — калоны, на якія нічога не абапіраецца, і трохвугольнік даху, што быццам лунае ў паветры (сцэнаграфія галоўнага мастака Любові Сідзельнікавай). Ім бы з’яднацца, як Анегіну з Таццянай, ажно не. На другім плане — маёнтак пасярод поля з кветкамі. Падзел на два планы захаваецца і надалей. Пецярбургскі баль вырашаны як маскарад. Але сцэнічныя строі Таццяны Лісавенка — вельмі стыльныя, з чорнабелымі прынтамі гарадскіх відарысаў — быццам нівелююць індывідуальныя асаблівасці прысутных, робячы іх не толькі звыклай масоўкай, але і неад’емнай часткай урбаністычнай культуры. Харэаграфічныя па, пастаўленыя галоўным балетмайстрам тэатра Ігарам Колбам, наўмысна не адпавядаюць свецкаму этыкету: артысткі ў з’едлівачырвоных спадніцах разпораз узлятаюць у руках сваіх партнёраў і гулліва дрыгаюць над іх галовамі аголенымі ножкамі. І ў гэтым — уся сутнасць, двудушнасць вышэйшага грамадства, якое носіць маскі не толькі на бале, але і ў паўсядзённым жыцці. Вылучаецца хіба Таццяна: яе чырвоначорнабелае адзенне як класічная колеравая трыяда ў спалучэнні з добрымі манерамі нясе высакароднасць густу. 

Сцэны са спектакля "Яўген Анегін"

Анегін Уладзіміра Громава — чалавек таксама высакародны. Лёд ягонага характару — хіба маска, за якой хаваецца не меншая эмацыйнасць і ранімасць, чым у імпульсіўнага Ленскага (непараўнальны Юрый Гарадзецкі). Таццяна Алены Золавай і Вольга маладой Дар’і Гаражанка — класічнае супрацьстаўленне дзвюх сёстраў. Але маці, схільнай і цяпер да лёгкага какецтва (Таццяна Траццяк), больш па душы малодшая. Прасякнутая ж дабрынёй няня (маладая салістка Кацярына Міхнавец) больш спачувае старэйшай. Спектакль атрымліваецца быццам бы пра нечаканасці лёсу: на дуэлі Яўген адварочваецца, трапляе ў сябра выпадкова. Але і сварка сяброў, і ўласна дуэль былі справакаваныя натоўпам, што пры сваёй унутранай пустэчы прагне знешніх падзей і “відовішчаў” для далейшых плётак. 

Таццяна той уціск навакольных вытрымлівае, Анегін — не. Адзін яго неабдуманы ўчынак цягне за сабой чараду іншых непапраўных памылак і перакрэслівае ўсё жыццё. Спектакль — менавіта пра гэтае ўласцівае рамантызму супрацьстаўленне натоўпу і асобы, што аказваецца як ніколі актуальным сёння. Таму для кагосьці пастаноўка стане роздумам, а для кагосьці — найперш эстэтычнай асалодай, дзе ёсць нават цыркавы фокус Трыке (Аляксандр Гелах). 

Сцэны са спектакля "Яўген Анегін"

“ВЯСЕЛЛЕ...” У ПЕРШУЮ СУСВЕТНУЮ

Варонежскі дзяржаўны тэатр оперы і балета прэзентаваў на форуме “Вяселле Фігара” Моцарта. Дзеянне было перанесена ў паваенны час, адразу пасля Першай сусветнай, якую даволі часта пачалі згадваць у самых розных пастаноўках твораў, з ёй не звязаных. Ды і музыка Моцарта ў такіх пераносах скарыстана не ўпершыню. 

Прыкладам — тая ж “Чароўная флейта” на Зальцбургскім фестывалі, што трывала дэманструецца на кіна і тэлеэкранах: вайна там стала выпрабаваннем, праз якое павінны прайсці закаханыя. 

З “...Фігара” атрымалася не ўсё так проста, хаця Керубіна і адпраўляюць па сюжэце ў войска. 

Пытанне выклікае логіка псіхалагічнага стану герояў. Яна адпавядае не тым часам, калі мужчына ўспрымаецца падарункам лёсу, а шматлікім цяперашнім “мыладрамам”, дзе моцныя жанчыны ўпэўнена кіруюць ніякаватымі прадстаўнікамі “моцнага полу”. І хаця штосьці такое можна звязаць з зараджэннем эмансіпацыі на пачатку ХХ стагоддзя, адчуванне няпраўды ўзнікае ўжо ў той першай сцэне, дзе пасля дакументальных кадраў на экране свайго каханка дачакаліся ўсе. Вясельныя строі гераінь нагадваюць іспанскія ўборы, але гэтая краіна захоўвала нейтралітэт. 

Затое музычны складнік (дырыжор-пастаноўшчык — Фелікс Корабаў) быў бездакорным! Неверагодна хуткі тэмп уверцюры, зададзены Цімурам Абсалуцінавым, падкрэсліў трывожнасць боскіх моцартаўскіх гучанняў. Больш напружана імклівымі аказаліся і іншыя нумары, але наш аркестр цудоўна справіўся з новымі патрабаваннямі. Вельмі ўразілі прыгожыя, лёгкія, папраўдзе моцартаўскія галасы, выдатны вакал варонежскіх артыстаў. 

Запрошаныя салісты, што ўдзельнічалі ў нашай пастаноўцы “Турандот”, склалі вельмі зладжаны ансамбль з беларускімі ўдзельнікамі спектакля. І дазволілі нацешыцца моцнымі каларытнымі галасамі, неабходнымі для музыкі Пучыні з яе неверагоднымі кантрастамі пранікнёнай вытанчанасці і магутных кульмінацый. 

У заключным галаканцэрце, тэлеверсію якога вы зможаце ўбачыць у хуткім часе, упершыню ўдзельнічалі вакалісты, дасланыя Культурным цэнтрам Алены Абразцовай з Санкт-Пецярбурга, а таксама прадстаўнікі Нікарагуа, дзе нашы салісты выступалі ўлетку. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА