У Маскве 19 снежня адкрылася выстава “Гімн «ціхага жыцця» Івана Хруцкага”, зладжаная ў супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Беларусі.
Гэта першая маштабная рэтраспектыва мастака, што ўключае творы з больш як паўтара дзясятка расійскіх музеяў — з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Валгаграда, Екацярынбурга, Іркуцка, Калінінграда, Кірава, Краснаярска, Саратава, Таганрога, а таксама Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Творчая спадчына знакамітага майстра шырока рассеяная на ўсёй прасторы былой Расійскай імперыі — ад Кракава да Краснаярска і ад Санкт-Пецярбурга да Ерэвана, — прыхаваная і ў прыватных калекцыях. Толькі некалькі музейных збораў, перш за ўсё ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі і Нацыянальным музеі ў Варшаве, змяшчаюць большменш шырокія падборкі работ гэтага выдатнага творцы, уся захаваная спадчына якога на сёння не налічвае і сотні палотнаў.
На выставе дэманструюцца працы Івана Хруцкага ў розных жанрах, якія дазваляюць ахапіць усе напрамкі яго творчасці, акрамя рэлігійнага жывапісу. Да прыкладу, партрэтная частка прадстаўлена некалькімі палотнамі розных гадоў, сярод якіх як афіцыйныя парадныя, так і інтымныя, звязаныя з сямейным колам мастака. Адна з жамчужын экспазіцыі — партрэт невядомага з Дзяржаўнага гістарычнага музея, які дэманструецца публіцы ўпершыню.
Спецыяльна да выставы была праведзеная рэстаўрацыя “Партрэта дзяцей” Хруцкага з Курскай карціннай галерэі імя А.А. Дайнэкі. Ёсць і нацюрморты, што зрабіліся візітнай карткай мастака. Да ліку самых вялікафарматных можна аднесці раскошную “Краму гародніны” — адзіны яго твор, набыты Акадэміяй мастацтваў. Маюцца работы больш камернага і характэрнага для Хруцкага фармату — шматлікія кветкавыя кампазіцыі. Сярод іх — дзве варыяцыі яго знакамітага “Нацюрморта са свечкай (ларнэтам)” 1839 года, напісанага мастаком восем разоў, які прынёс яму славу “Айвазоўскага кветак і пладоў”.
Доўгі час творцу не ставала адметнага прадмета — рэчы, якая была б уласцівая толькі яго работам. У выніку такое месца заняў фаянсавы збан завода Сяргея Паскочына, адлюстраваны Хруцкім у шэрагу палоцен, — яго таксама можна пабачыць у экспазіцыі. Выстава будзе працаваць да 30 сакавіка 2025 года.
Антон РУДАК