З любоўю да свайго

Апублiкавана: 19 снежня 2024 Стужка Кіно Мінск Падзеі

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Айчыннаму кінематографу – 100! Мерапрыемствы, прысвечаныя векавому юбілею, ладзіліся на працягу ўсяго года. Да Дня беларускага кіно прыйшлі з пэўным плёнам і творчымі падарункамі.

ПРЫСВЕЧАНЫЯ СТАГОДДЗЮ 

З нагоды стогадовага юбілею беларускага кіно Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” падрыхтавала адразу два праекты. 

Да круглай даты выйшла дакументальная трылогія, прысвечаная станаўленню і развіццю айчыннага кінематографа. Першы фільм з цыкла — “Дэманстратар” — прадстаўлены ў ігравой форме. Стужка расказвае пра зараджэнне кінапаказаў і гісторыю нямога кіно на тэрыторыі Беларусі. Другая карціна — “Трэст, які не лопнуў” — пра першыя крокі студыі, закранае перыяд ад зараджэння беларускага кіно да 1950-х і знаёміць з часам, калі наша прадпрыемства працавала ў Ленінградзе і Алматы. Трэцяя частка цыкла — “Залатая эпоха” — расказвае пра самыя плённыя гады айчыннага кінематографа з 1960-х па 1980-я. Тады былі створаны стужкі, якія мы з гонарам згадваем і з цікавасцю пераглядаем. 

Кадр са стужкі "Час вярнуцца"

Яшчэ адна доўгачаканая прэм’ера — фільм “Чорны замак”, зняты паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Сюжэт карціны распавядае пра маладога прафесара гісторыі Антона Косміча, які аказваецца ўцягнуты ў вір містычных падзей, што бяруць пачатак у першай палове XVII стагоддзя і звязаныя з выкраданнем казны змоўшчыкаў супраць польскага караля. Стужка стала фільмам адкрыцця ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” і была ўдастоена спецыяльнага прыза Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў “Кіно без меж” ды Спецыяльнага прыза журы конкурсу ігравых фільмаў. 

ПАЖЫНАЕМ І ПАМНАЖАЕМ 

Юбілей беларускага кіно шчыльна злучаны з не менш знакавай датай — трыццацігоддзем міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Сёлета форум усталяваў новыя рэкорды — 3405 заявак са 124 краін. Былі доўгачаканыя вяртанні — на фестывалі зноў з’явіўся нацыянальны конкурс — і навінкі, адной з якіх стаў конкурс нацыянальных кінашкол, які адкрыў дарогу будучым кінематаграфістам. 

Кадр са стужкі "Мемарыяльныя комплексы Беларусі"

Сапраўдным падарункам і для прыхільнікаў айчыннага кіно, і для мэтраў стаў першы рэтракінафестываль “Кінавек”. На працягу года па ўсёй краіне на вялікіх экранах дэманстраваліся перліны вытворчасці “Беларусьфільма”. Перад паказам эксперты ў галіне кіно — гісторыкі, кіназнаўцы, кінакрытыкі, выкладчыкі вядучых творчых ВНУ краіны — не толькі прадстаўлялі фільм, але і знаёмілі аўдыторыю з невядомымі старонкамі беларускага кіналетапісу.

ЧАС ГУЧНЫХ ПРЭМ’ЕР 

Увесь год Нацыянальная кінастудыя цешыла гледачоў новымі карцінамі. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў беларускія рэжысёры стварылі дзве стужкі: ігравы фільм Івана Паўлава “Час вярнуцца” і анімацыйны альманах “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, зроблены групай таленавітых рэжысёраўаніматараў пад кіраўніцтвам Канстанціна Андрушачкіна. А ўвосень выйшла карціна, прысвечаная дзяржаўным сімвалам краіны, — “Культурны код” маладога рэжысёра Кірыла Халецкага. 

НАЙЛЕПШАЕ — НАПЕРАДЗЕ 

Творчы працэс на кінастудыі не спыняецца. Вядзецца праца на апярэджанне: сёлета “Беларусьфільм” падпісаў шэраг дагавораў з кінематаграфістамі вядучых кінацэнтраў — з Індыі і Паўднёвай Карэі. Працягваецца падрыхтоўка першага сумеснага беларуска-кітайскага праекта, на старце — здымкі ігравога фільма пра настаўнікаў, выхад якога запланаваны налета ў верасні. 

Кадр са стужкі "Культурны код"

Наступны год адгортвае новую старонку ў гісторыі беларускага кіно. Чысты аркуш павінен стаць палатном для новых ідэй, свежых поглядаў, яркіх дасягненняў. І ў слаўным летапісе айчыннага кінематографа мусяць з’явіцца новыя імёны, якія адкрыюць сэрцы гледачоў з усяго свету для нашага кіно.

Яўгенія ГАБЕЦ