Беларусь родная, музычная, народная

Апублiкавана: 18 снежня 2024 Нам пішуць Музыка Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Вось і завяршыўся маштабны, яркі фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”. На працягу трох гадоў фестываль аб’яднаў творчыя калектывы 21 раёна Магілёўскай вобласці і раскрыў іх багаты культурны і гістарычны патэнцыял.

Больш за 1000 удзельнікаў і больш за 10 тысяч гледачоў. Разнастайныя выставы, канцэрты, дэгустацыі нацыянальных страў, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы – прайшлі ў рамках фестывалю і пасялілі ў сэрцах магілёўскага гледача часцінку любові да народных традыцый.

А 17 снежня на сцэне Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы фестываль падвёў вынік і аб’яднаў найлепшыя творчыя калектывы і індывідуальных выканаўцаў з усіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці разам з беларускімі і расійскімі артыстамі.

– Для нас гэта вельмі важны фестываль і гэты гала-канцэрт з’яўляецца сведчаннем таго, што ў рэгіёнах Магілёўскай вобласці дастаткова шмат разнапланавых, жанравых калектываў і выканаўцаў, – адзначыў Алег Стэльмашок, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. – Фестываль доўжыўся тры гады, кожны рэгіён Магілёўскай вобласці змог паказаць сваю творчую праграму, і сёння мы ўбачылі лепшыя з іх на канцэрце, у якім было задзейнічана каля 700 чалавек, яны прэзентавалі свае творчыя дасягненні і напрацоўкі. Гэты фестываль стаў выдатным пераднавагоднім падарункам для жыхароў нашай вобласці і, думаю, ён зойме дастойнае месца ў фестывальнай скарбонцы Магілёўшчыны.

Вялікая колькасць удзельнікаў і разнастайнасць жанраў – усё гэта парадавала гледачоў і гасцей фестывалю. Харэаграфічнае, вакальнае, традыцыйнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – усё  дэманстравала майстэрства і талент удзельнікаў.

На канцэрце сваімі выступленнямі радавалі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні і музыкі “Дзівакі” Асіповіцкага раёна; народны ансамбль народнай песні “Калініца” Касцюковіцкага раёна; народны мужчынскі вакальны ансамбль “Хлопцы Пасялковыя” Хоцімскага раёна; узорны харэаграфічны ансамбль “Сузор’е” Бялыніцкага раёна; Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны эстрадны тэатр-студыя “Вясёлка” ГУДА “Магілёўскі абласны цэнтр творчасці” і іншыя калектывы.

Таксама вачэй нельга было адвесці ад выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “З крыніц народных”, на якой прадстаўлены каля 500 творчых работ з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці.

Разам з удзельнікамі фестывалю таксама выступілі расійскія і беларускія артысты – Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанет, народны артыст Расійскай Федэрацыі Васіль Аўсяннікаў, народная артыстка Расійскай Федэрацыі Надзея Крыгіна.

– Для мяне вельмі ганарова быць на заключным гала-канцэрце вашага фэстывалю. Лічу, што дзякуючы такім фестывалям мы адчыняем таленты і падтрымліваем нацыянальную культуру. У гэтым ёсць самае галоўнае зерне, што мы заўсёды разам, а разам мы сіла і непераможныя. “Няхай жыве!” нацыянальнай культуры Беларусі. Ура! – падзяліўся народны артыст Расійскай Федэрацыі Васіль Аўсяннікаў.

–Хачу сказаць, што Магілёўская зямля яна сама па сабе поўная талентаў. Дадзена тут людзям быць настолькі таленавітымі, настолькі пеўчымі і заўсёды ты адчуваеш сябе тут як дома і выходзіш на сцэну з такімі ж прафесіяналамі. Для мяне гэта вялізная радасць. І вядома гонар, што ў нашай краіне ёсць такая вялікая колькасць сапраўдных талентаў, – адзначыла Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанет.

Культурная акцыя – абласны фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” праходзіў пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Асноўнымі задачамі фестывалю сталі захаванне гістарычнай памяці, умацаванне адзінства беларускага народа, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне ў моладзі каштоўнасцей патрыятызму, гераізму і любові да Радзімы, захаванне нацыянальнай культуры, самабытнасць беларускіх традыцый і звычаяў.

На працягу трох гадоў прайшлі творчыя прэзентацыі 21 раёна Магілёўскай вобласці, якія прадставілі культурна-гістарычны патэнцыял у тэматычных блоках: “Гістарычная памяць”, “Наша моладзь”, “Нашы людзі”, “Культурная спадчына”, “Душа народная – народная творчасць” і інш. У прэзентацыях адлюстроўваліся поспехі раёнаў у розных сферах, багатая гістарычная палітра, культурна-гістарычныя і турыстычныя брэнды рэгіёнаў; яркія, самабытныя творчыя таленты, маладзёжныя праекты і дасягненні; працоўныя подзвігі жыхароў, прадстаўнікоў розных пакаленняў і прафесій; дэманстрацыя спартыўных дасягненняў і многае іншае.

Крысціна БАШАРЫМАВА,

вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”