У Бабруйску падвялі вынікі ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі. Найлепшым спектаклем былі названы “Пісаравы імяніны” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. А публіка абрала “Пана Твардоўскага” Палескага драмтэатра з Пінска — работа заваявала прыз глядацкіх сімпатый.
За шэсць дзён — 11 пастановак прафесійных калектываў і творчая лабараторыя з чатырох эскізаў студэнтаў рэжысёраў, прысвечаная гістарычным п’есам Аляксея Дударава. Выдатна! Шкада толькі, што пазаконкурсным аказаўся спектакль закрыцця — “Горкі хлеб” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. У час паказу гэтага сцэнічнага твора вынікі ўжо былі падведзены — іх заставалася аб’явіць, ускрыўшы канверты з імёнаміназвамі пераможцаў.
Сцэна са спектакля "Ідылія"
Больш за ўсё ўзнагарод атрымала “Ідылія” Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна Марцінкевіча — адразу тры! Найлепшая жаночая роля — Юлія маладой артысткі Марыі Драгабед. Найлепшая мужчынская роля другога плана — Банавентура Выкрунтач у выкананні Ігара Бурака. Найлепшая п’еса беларускага аўтара — “Сялянка” (“Ідылія”) В. Дуніна-Марцінкевіча. Сапраўды, ці можа хтосьці сказаць, што наш класік (а яго імя носяць фестываль і ўстанова — гаспадыня форуму) раптам — не самы?
Два дыпломы паехалі ў Тэатрстудыю кінаакцёра. Дзерваед з “Радавых”, увасоблены Анатолем Голубам, быў прызнаны найлепшай мужчынскай роляй. Вольга Дароніна ўшанавана за найлепшую жаночую ролю другога плана — Веры з таго ж спектакля па п’есе Дударава.
Самая ўдалая сцэнаграфія — Ларысы Рулёвай у “Палачанцы” ТЮГа. Найлепшая рэжысура — Лізаветы Машковіч у “Белых росах” Новага драматычнага тэатра. Яшчэ ўручылі шмат спецыяльных прызоў. Экзістэнцыйная трагедыя “Чалавек, заставайся чалавекам!” магілёўскіх лялечнікаў была адзначана за тэатральны эксперымент, а спектакльканцэрт “Просто ты умела ждать...” Магілёўскага абласнога драмтэатра — за таленавітае ўвасабленне тэмы вайны.
Надзея БУНЦЭВІЧ