Маштабны “Марафон адзінства” злучыў як вядомых выканаўцаў, так і артыстаў, што робяць першыя крокі ў прафесіі. Яднае іх шчырая любоў да роднай зямлі і да творчасці. Прычыніліся да агульнарэспубліканскай акцыі і выхаванцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пра ўдзел у “Марафоне” ды іншых патрыятычных праектах на сустрэчы ў прэс-клубе “Культура і Мастацтва” распавялі рэктар установы Наталля Карчэўская, дацэнт кафедры харэаграфіі Вольга Наўроцкая і студэнтка, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Ганна Баршчова.
Наталля Карчэўская: Мы вельмі рады, што ўніверсітэт запрошаны да ўдзелу ў такім буйным рэспубліканскім праекце. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што нашы студэнты задзейнічаныя ў многіх маштабных дзяржаўных спецыяльных мерапрыемствах. Яны не толькі якасна выконваюць пастаўленыя задачы, але і вылучаюцца дысцыплінаванасцю, адказнасцю, асаблівым стаўленнем да справы.
Фактычна ў поўным складзе ў “Марафоне адзінства” ўдзельнічае лабараторыя эстраднага танца — каля сотні чалавек. Запрасілі таксама нашых студэнтаў, якія дасягнулі вяршынь у творчасці. Сярод іх Мікіта Бялько, Арцём Скароль і іншыя. Акрамя таго, праз ініцыятыву Міністэрства культуры была вылучана група з 23 студэнтаў-рэжысёраў, якая цяпер мае магчымасць наведваць пляцоўкі акцыі, каб на свае вочы ўбачыць, як арганізуецца такі складаны праект. А некаторыя нават працуюць у якасці асістэнтаў рэжысёра.
Вольга Наўроцкая: У нас так заведзена, што канцэртная дзейнасць з’яўляецца неад’емнай часткай навучальнага працэсу. Студэнты павінны атрымліваць сцэнічны досвед. І таму для нас вялікае шчасце, што маем магчымасць выступаць на такіх буйных мерапрыемствах, як “Марафон адзінства”.
Наталля Карчэўская: Дадам, што гэта стымулюе творчую актыўнасць нашых студэнтаў. Як прыклад — Ганна Баршчова стала лаўрэатам Міжнароднага фестывалю-конкурсу сольнага танца імя Махмуда Эсамбаева з нумарам, які вырас з выступлення “Нарачанскі жаль” на марафоне. Ён быў кардынальна перапрацаваны і ў выніку прынёс такое значнае дасягненне.
Ганна Баршчова: Гэта вялікі гонар — удзельнічаць у такой маштабнай акцыі. Немагчыма не адчуць любоў да сваёй краіны, радасць за таленавітых людзей беларускай зямлі. На працягу ўсіх канцэртаў марафону адчуваецца: мы адзіныя. І вельмі прыемна мець магчымасць радаваць творчасцю нашых людзей у розных кутках рэспублікі.
Наталля Карчэўская: Так, “Марафон адзінства” праходзіць чырвонай ніткай праз увесь гэты год. Аднак нашы студэнты і выкладчыкі ўдзельнічаюць яшчэ і ў іншых буйных дзяржаўных мерапрыемстваў. Самыя значныя з іх — святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маладыя рэжысёры стваралі цырымонію ўскладання кветак на плошчы Перамогі. І гэта вельмі важны досвед. Арганізоўваць па добныя рытуалы — вялікая адказнасць. Актыўны ўдзел калектыў БДУКМ прымаў у грамадзянскай частцы парада ў сталіцы, прысвечанага Дню Незалежнасці і 80-годдзю вызвалення Беларусі.
Сярод вялікіх падзей таксама — цырымонія адкрыцця і закрыцця ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” у Палацы Рэспублікі. Акрамя таго, студэнты пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных творчых форумах і спаборніцтвах. Прыкладам, нядаўна адзначыліся на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, на Міжнародных рэжысёрскіх майстэрнях у Маскве.
Падзей сапраўды шмат. І мы здаволеныя гэтым, бо артыст расце на сцэне. Памятаем пра пасыл Кіраўніка дзяржавы аб практыкаарыентаванасці адукацыі.
Вольга Наўроцкая: Варта згадаць і здзейснены сёлета праект “Лінія памяці. Код вайны”. Ён рэалізаваны за кошт гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вялікае шчасце, калі творчыя людзі могуць атрымаць падтрымку дзяржавы і ажыццявіць свае задумы. Падкрэслю, што з’явілася магчымасць не столькі рэалізаваць сябе як творчую адзінку, а даць такі шанц многім іншым. У нас былі задзейнічаныя студэнты і выкладчыкі, калектывы іншых устаноў. Нельга не звярнуць увагу на адукацыйную функцыю спектакля. Гэта быў сапраўдны ўрок як для гледачоў, так і для артыстаў. Думаю, у такіх праектаў ёсць вялікая будучыня. Гэта вельмі перспектыўная форма, якая дазваляе выпеставаць тонкае пачуццё патрыятызму, распавесці аб тым, што ні ў якім разе нельга забываць ці аддаваць.
Ганна Баршчова: Заглыбіцца ў няпростую тэму нам дазволіў актыўны рэпетыцыйны працэс. Акрамя таго, неабходная свядомасць ёсць недзе ўнутры. Пасля спектакля мы не раз плакалі, хаця на сцэне дазволіць сабе гэтага не можам. Наша задача — пластычна раскрыць важную для нашага народа тэму.
Наталля Карчэўская: Вядома, сіла мастацтва вялікая, і важна асэнсоўваць значныя гістарычныя падзеі ў мастацкіх вобразах. Да таго ж па добныя праекты — гэта магчымасць на справе выявіць свой патрыятызм.