Цэнтр Клімавічаў упрыгожвае надзвычайна вытанчаны будынак, які лічыцца сапраўднай перлінай драўлянай архітэктуры. Былы сядзібны дом Мяшчэрскіх сёння служыць скарбніцай мясцовай гісторыі. У колішняй дваранскай рэзідэнцыі працуе раённы краязнаўчы музей.
Будынак, што нагадвае казачны церам, паўстаў у 1867 годзе. Прыцягальны выгляд дому надавалі шматлікія разныя ліштвы ды арнаментальныя паяскі, падобныя на карункі, памастацку сплеценыя руплівай майстрыцай. Помнік драўлянага дойлідства перажыў няпростыя гістарычныя выпрабаванні, а сорак гадоў таму ў будынку размясціўся наваствораны музей.
Юбілей установа сустрэла абноўленай. Напярэдадні абласных “Дажынак” завяршылася маштабная рэканструкцыя аб’екта. Адмыслоўцы вярнулі састарэламу дому першапачатковы выгляд, беражліва паставіўшыся да аўтэнтычных элементаў. На рамонтныя і аднаўленчыя работы дзяржава накіравала каля 2,4 мільёнаў рублёў.
Першай часовай экспазіцыяй у абноўленай скарбніцы стала “Соль зямлі Магілёўскай”. Фотавыстава прысвечана працаўнікам вёскі, героям сёлетняга жніва. На кожным з 40 здымкаў паўсталі сапраўдныя рупліўцы, што шчыра любяць родную зямлю і сваю нялёгкую справу. Наперадзе не менш цікавыя праекты, што раскрыюць хараство краю, слаўныя старонкі яго гісторыі, таленты нашага народа.
Пастаянная ж экспазіцыя заняла шэсць светлых залаў. Яна раскрывае гісторыю раёна ад бронзавага веку да сучаснасці. “Прырода і археалогія”, “Этнаграфія”, “Далёкае мінулае”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Савецкі перыяд”, “Сучаснасць” — кожны раздзел напоўнены ўнікальнымі артэфактамі. Сярод іх нямала надзвычайных археалагічных знаходак. Да прыкладу, музей валодае фрагментам керамікі з выявай вада плаўнай птушкі, узрост якога складае каля 5000 гадоў. Атрымаць падрабязную інфармацыю пра экспанаты можна ў інфакіёсках.
Колісь да стварэння збораў прычыніліся людзі розных прафесій. Вайскоўцы і пісьменнікі, рабочыя і журналісты, настаўнікі і школьнікі зрабілі свой унёсак у фарміраванне скарбніцы. І сёння мясцо выя жыхары шчодра дзеляцца сямейнымі рэліквіямі і раптоўнымі знаходкамі. Прыкладам, гэтай вясной мясцовая сям’я падчас шпацыру натрапіла на старажытныя артэфакты, сярод якіх былі наканечнік стралы, нуклеус, праколка. Прадметы, што адносяцца да каменнага веку, пера далі ў раённы краязнаўчы музей.
Сёння фонды налічваюць больш за 17 тысяч рэчаў. Скарбніца валодае багатымі калекцыямі археалогіі, нумізматыкі, зброі, прадметаў побыту, ткацтва, выяўленчых і пісьмовых крыніц. Найстарэйшы экспанат — зуб шарсцістага насарога. Гэтая жывёла колісь насяляла еўрапейскія і азіяцкія абшары ды канчаткова знікла праз кліматычныя змены 148 тысяч гадоў таму.
Гонар калекцыі — творчая спадчына Міхаіла Галынскага. Выдатны мастак з’явіўся на свет на Клімавіччыне. І няхай значную частку жыцця ён правёў у латвійскай Ліепаі, пра бацькоўскі кут ніколі не забываўся. Неяк падарыў Беларусі шэраг сваіх работ. Нямала жывапісных палотнаў і графічных аркушаў пасля смерці Міхаіла Фаміча нашчадкі перадалі на радзіму — паводле апошняй волі творцы.
Перавагу майстра аддаваў партрэту. Маляваў не толькі аднапалчан, родных і блізкіх, але і простых сучаснікаў, што прыцягвалі яго працавітасцю і дабрынёй. Ці то постаць маці, ці то вобраз руплівага аратага — кожная карціна Галынскага струменіцца жыццялюбствам, святлом і любоўю.
Асаблівую ўвагу скарбніца надае працы з дзецьмі і моладдзю. Галасы малечы часта можна пачуць у музейных залах. Паболела юных экскурсантаў і дзякуючы праекту “Урок у музеі” ды ўвядзенню адзінага дня наведвання для школьнікаў. Нярэдка супрацоўнікі самі выязджаюць у навучальныя ўстановы. Плён прыносіць у тым ліку папулярны цяпер фармат “музей у чамадане”.
Вядома, не маглі абмінуць увагай 80годдзе вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Да юбілейнай даты музей апублікаваў на сваім сайце каштоўныя ўспаміны землякоў, што прайшлі няпростымі дарогамі вайны, сваёй мужнасцю наблізілі светлы пераможны дзень. Клімавіччына памятае сваіх мужных сыноў і дачок. Сем ураджэнцаў гэтага краю сталі Героямі Савецкага Саюза, два — кавалерамі ордэна Славы. Гэты праект не толькі напамін пра жахі ліхалецця, але і запавет сучаснаму пакаленню — шанаваць і зберагаць мір.
Данііл ШЭЙКА
Фота з архіва ўстановы