Сон, маскі і антычнасць

Апублiкавана: 11 снежня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

“Дзядзечкаў сон” з’явіўся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — вядома, на беларускай мове, але ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава.

НЕ ПЕРШЫ ЗВАРОТ 

Гэта не першы зварот тэатра да аповесці Ф. Дастаеўскага. Ды і ў Віцебску ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа летась паставілі аднайменны спектакль. Зразумела, цалкам іншы, бо інсцэ ніроўку і рэжысуру ажыццявіла знаная артыстка калектыву Ніна Обухава. А ў ролі Князя — народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, які зрабіў свайго героя фігурай трагікамічнай. Невыпадкова менавіта гэты спектакль стаў яго бенефісам да 90-годдзя, што спраўлялася 31 кастрычніка. Як было пазначана на сайце тэатра да юбілею майстра, “Князь толькі робіць выгляд, што ён працягвае ўдзельнічаць у гэтым жыццёвым маскарадзе («знешнім сне»). Насамрэч у ім адбываецца змаганне паміж «знешнім» і «ўнутраным» чалавекам”.

КЛАСІКА — ГЭТА НЕ НУДНА

Рэжысёр цяперашняй прэм’еры купалаўцаў Дзмітрый Акімаў рабіў уласную інсцэніроўку, адзначыўшы на прэсканферэнцыі, што прытрымліваўся пазачасавай стылізацыі эпохі, каб актуалізаваць мінулае. Пры гэтым імкнуўся стварыць “лёгкі, вясёлы спектакль”. І прапанаваў, як падкрэсліў артыст Барыс Цяцёркін, адзін з выканаўцаў ролі Мазглякова, “востры гратэскавы жанр, накіраваны на папулярызацыю класікі ў моладзі”, на доказ таго, што “класіка — гэта не нудна, а неверагодна цікава за кошт формы і зместу”. 

Сапраўды, цікавага ды смешнага ў пастаноўцы хапае. Гледача ўвесь час прывабліваюць інтэракты вам — праходаміпрабежкамі артыстаў праз залу. Задзейнічаны і механізм пад’ёму іх на сцэну на спецыяльнай платформе, што не можа не прыцягнуць увагу. Смех вы клікаюць дададзеныя ў спектакль адразу пяцёра Грышкаўсялян, а таксама феі, іспанцы як візуалізаваныя мары дзейных асоб.

ЦАРЭЎНА, Д’ЯБАЛ ДЫ… 

Зіна (Ганна Мешчаракова) спачатку паўстае гэткай ідэалістычна казачнай царэўнай у какошніку. Ва ўсім белым, бы анёлак. Са змярцвелым тварам, бы жывая нябожчыца. З непрыемна рэзкімі ноткамі ў голасе, што павінны перадаць яе непрыняцце атачэння. А пагадзіўшыся на прапанову маці ўзяць шлюб з Князем, гераіня ператвараецца ў ляльку — і па сцэнічным строі (кароткая сукенка, банцік на галаве), і па механічнасці рухаў, манеры гаварыць. 

Адрынуты Зінін жаніх Мазглякоў у выкананні Сяргея Бірульчыка нагадвае спакушальніка Мефістофеля: д’ябла ў чалавечым абліччы выдаюць то спапяляльныя позіркібліскавіцы, напрацаваныя артыстам у некаторых ранейшых ролях, то непрыдатная для рэальнасці пластыка (харэограф — Кірыл Балтрукоў). 

А вось Мар’я Аляксандраўна Маскалёва, якую звычайна малююць мясцовай фурыяй, што адстойвае сваё першынство, бы ў бойках без правілаў, наадварот, становіцца цэнтральнай трагічнай фігурай. Мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава ўкладае ў гэтую ролю безліч супрацьлеглых адценняў. Яна ледзь не адзіная ў гэтым спектаклі, хто выдатна спалучае ўладарныя грымоты з тэатральным шэптам, добра чутным у любым кутку залы. Яе гераіня папраўдзе дбае пра шчаслівую, па яе мерках, будучыню для адзінай дачкі Зіны. І скарыстоўвае для гэтага ўсе магчымыя і немагчымыя метады — ад жорсткага ўціску да вяршынь дыпламатыі, хітрыкаў, прыхаваных ласкавай, пяшчотнай спагадай. Невыпадкова яе муж Афанасій Мацвеевіч (Аляксандр Пашкевіч) не толькі баіцца яе, але і відавочна кахае, бо прымае яе менавіта такую, якая яна ёсць, ва ўсёй паўнаце несумяшчальных, здавалася б, рысаў. 

Князя выдатна іграе Сяргей Шырочын. А ў хуткім часе у гэтай ролі выйдзе народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў. І гэта будзе іншае прачытанне!

ВЕНЕРА ЦІ ФЕМІДА 

Ды ўсё ж галоўнай дзейнай асобай цяперашняй прэм’еры становіцца... натоўп, абывацеліплеткары горада Мардасава. Усе ў аднолькавым чорным, бы зграя крумкачоў, яны заўжды ў прадчуванні новай ахвяры. І з’яўляюцца ў колькасці дванаццаці чалавек, хаця тыя ці іншыя асобы ў гэтым складзе змяняюцца. Лічба невыпадковая: менавіта столькі ўдзельнікаў было ў хоры антычных трагедый, каб сімвалізаваць аб’ектыўны пачатак. Спектакль уступае ў дыялог з традыцыямі антычнасці. Невыпадкова ў сцэнаграфіі (мастакпастаноўшчык — Аляксандр Камянец), на афішы і ў праграмках скарыстана статуя Венеры. Праўда, у некаторых выпадках яе твар нагадвае Феміду, толькі замест павязкі на вачах — цёмназялёная маска для сну. 

Гэты аксэсуар атрымалі і журналісты, патрапіўшы на прэс-канферэнцыю. Бо маска непасрэдна звязана з назвай, эстэтыкай, зместам, меседжам спектакля: маўляў, найлепшая багіня правасуддзя — сумленне як катэгорыя Бога ўнутры нас.

ВЫКЛІК ПРЫНЯТЫ 

Працавалася рэжысёру добра: ён паспеў пазнаёміцца з трупай яшчэ летась, калі ставіў “А зоры тут ціхія...”. Ды і творчасць Ф. Дастаеўскага яму вельмі блізкая: пачынаючы з гадоў навучання, ён двойчы з розных пунктаў гледжання ставіў “Братоў Карамазавых”, таксама “Бесаў”, “Злачынства і пакаранне”, спектаклі неаднойчы атрымлівалі ўзнагароды. А ў “Ідыёце” іграў і сам як акцёр. Таму за выклік успрыняў прапанову звярнуцца да іранічных старонак творчасці рускага пісьменніка з беларускімі каранямі (як вядома, род Дастаеўскіх паходзіць з вёскі Дастоева на Брэстчыне). Пераклад зрабіў Алесь Вольскі з БТ-3. І расійскі пастаноўшчык настолькі прызвычаіўся да беларускай мовы, што на ёй, як сам прызнаўся, стаў працаваць яго мозг. 

Ну а наступнай прэм’ерай купалаўцаў, як засведчыў генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў, стане “Брама неўміручасці” Кандрата Крапівы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота БЕЛТА