Рэалізацыя праграм супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры і Беларускай праваслаўнай царквой працягваецца. Вынікі сумеснай работы і планы на 2025 год абмяркоўваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Старт урачыстай сустрэчы ў дзень праваслаўнага свята іконы Божай Маці “Скорапаслушніца” даў міністр культуры Рэспублікі Беларусь. Анатолій Маркевіч пазітыўна ацаніў плён супольных ініцыятыў:
— Дзякуючы рэалізацыі праграм супрацоўніцтва Міністэрствам культуры і Беларускай праваслаў- най царквой закладзены трывалыя асновы ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках — ад адраджэння старадаўніх храмаў і манастыроў да ажыццяўлення сумесных культурных і адукацыйных праектаў.
Зладжанымі намаганнямі БПЦ і Міністэрства культуры, як адзначыў кіраўнік ведамства, удалося ўзнавіць такія святыні, як Крыж Еўфрасінні Полацкай і Тураўскі крыж, а таксама натхніць сучасных айчынных творцаў. Як вынік — мноства цікавых работ. Гэта, напрыклад, спектаклі “Гур’янаў” Маладзёжнага тэатра эстрады, “Ідыёт” тэатра імя Горкага, “Еўфрасіння. Святыя літары” Брэсцкага тэатра лялек, новы фільм “Прыстанак святой Еўфрасінні”, прэм’ера якога адбудзецца ў 2025-м.
Сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой праведзены шэраг фестываляў традыцыйнай і духоўнай культуры, форум “Пакроўскія сустрэчы ў Полацку”, міжнародны пленэр “Святасць зямлі беларускай” і экспазіцыя па яго выніках, мерапрыемствы ў рамках Дня праваслаўнай кнігі, Дня славянскага пісьменства, Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх і Калядных чытанняў, рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Музеі, у сваю чаргу, арганізавалі выставачныя і адукацыйныя праекты, прысвечаныя юбілеям у гісторыі Царквы, культавай архітэктуры Беларусі, а таксама царкоўным прадметам.
— Упэўнены, што работа па рэалізацыі намечаных планаў і культурных праектаў будзе весціся ў цесным узаемадзеянні з нашай дзяржавай і на яе карысць, — сказаў Анатолій Маркевіч у завяршэнне прамовы.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у захаванне нацыянальнай культуры.
Духоўны лідар назваў яе адным з самых магутных інструментаў фарміравання сістэмы каштоўнасцей і ідэалаў, светапогляду.
— Наступствы выбару, зробленага выхаваным у пэўным культурным асяроддзі чалавекам, аказваюць глыбокі ўплыў як на саму асобу, так і на ўсё грамадства, — лічыць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.
Звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак. Ён падкрэсліў ролю дыялогу Царквы і ўстаноў культуры ў захаванні значных для грамадства каштоўнасцей.
Заключным этапам сустрэчы было абмеркаванне агучаных прадстаўнікамі БПЦ і дзяржаўных ведамстваў праектаў і ініцыятыў, а таксама іншых актуальных пытанняў узаемадзеяння.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з сайта Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь