У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе часовая экспазіцыя “Космас — наш!”, прысвечаная творчасці знакамітага беларускага мастака, скульптара, пісьменніка, этнографа, фалькларыста, археолага, астранома-аматара і заснавальніка беларускай тэарэтычнай астраноміі Язэпа Драздовіча.
На выставе, падрыхтаванай сумесна з Гісторыкакультурным музеемзапаведнікам “Заслаўе” і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўленыя маляваныя дываны, карціны і рукапісы Язэпа Драздовіча, а таксама фальклорныя сшыткі Якуба Коласа, якія ён складаў у маладыя гады, яшчэ навучаючыся ў настаўніцкай семінарыі. Акрамя дзясятка знакамітых маляванак Драздовіча, вылучаюцца ў экспазіцыі і дзве карціны мастака, прычым адна з іх — “Гара Гараватка” — лічыцца апошнім з яго захаваных жывапісных твораў.
Першыя работы на касмічную тэматыку Драздовіч ствараў яшчэ ў 1914-м, на пачатку Першай сусветнай вайны, якую сустрэў на службе ў войску.
Варта звярнуць увагу таксама на ліст, дасланы Язэпам Драздовічам Якубу Коласу як прэзідэнту Акадэміі навук БССР у 1950 годзе. Мастак паведамляў аб жаданні апублікаваць сваё чарговае касмалагічнае даследаванне “Тэорыя рухаў”, якое называў працягам няскончанай працы Ісаака Ньютана: “...У тэорыі маёй дана 16 навуковых навін (гэта значыць адкрыццяў). Я і яшчэ дабавіў 4 навіны, а разам з імі ўжо не 16, а 20. Дабаўляць німала чаго магу, але толькі па запатрабаванню на нявырашаныя пытанні… Можа, для Акадэміі навук я і «не падходжу»... Адукацыя мая Гершалеўская. Астраном Гершаль (адкрыўца планеты Урана, падвойных зорак і інш.) быў музыкант, а я мастак”. У афармленні экспазіцыі выкарыстаныя цытаты з дзённікавых запісаў і астранамічных работ творцы.
Язэп Драздовіч быў першым беларускім мастаком, які звярнуўся ў сваёй творчасці да тэмы космасу яшчэ за дзесяцігоддзі да з’яўлення першага касманаўта. Прагу да касмічных глыбінь творца пранёс праз усё жыццё, праявіўшы сябе ў ёй як літаратар і даследчык. Драздовіч сцвярджаў, што бачыў жыццё на Марсе, Сатурне і Месяцы, падарожнічаючы па іх у сваіх снах, і адлюстроўваў пабачанае ў сваіх карцінах і запісах, распавядаў пра жыццё насельнікаў іншых планет, іх звычаі, апісваў іншапланетныя гарады і прыроду.
У 1931-м Драздовіч выдаў у Вільні кнігу “Нябесныя бегі”, у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі рысункі аўтара. У 1931—1933 гадах ён працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў “Артаполіс”, “Жыццё на Венеры”, “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на Месяцы” і “Жыццё на Сатурне”. У многіх з гэтых работ мастак прадчуваў надыход вялікай вайны, якая зменіць гісторыю ўсяго чалавецтва.
Даследчыкі лічаць, што ў касмічных відзежах мастак увасабляў мары аб ідэальным грамадстве. У сваіх нататках ён адлюстроўваў гэта так: “З пятніцы на суботу я меў шчасце і яшчэ зрабіць адну калягадзінную вандровачку па Месяцы. Бачыў дзіўную краіну з серабрыстым дзённым небам… Бачыў шмат крутагорых у лясістых берагох вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты (фантаны). Бачыў чырвонаружовы астравок, увесь укрыты нейкімі празрыстымі крышталямі… Падаўшысь углыб нейкай міжскальнай цясніны гор, я напаткаў стаячую пад шэрай скалою невялікую камлюкаватую фігурку голага чорнаскурага чалавека-ліліпута”.
У сталыя гады, паралельна са стварэннем прац касмічнай тэматыкі, мастак быў вымушаны зарабляць на жыццё, аздабляючы сялянскія хаты маляванымі дыванамі. У перадваенныя і пасляваенныя часы маляванкі можна было часта пабачыць у вясковым інтэр’еры, яны выконвалі не толькі эстэтычную і аздабленчую функцыі, але і гралі ролю своеасаблівага сямейнага абярэгу.
Маляванне дываноў, да якога мастак перш ставіўся не занадта сур’ёзна, дало яму магчымасць не толькі заробку, але і зрабілася спосабам рэалізаваць свае педагагічныя і асветніцкія памкненні: прыходзячы ў хату маляваць дываны на заказ, ён атрымліваў магчымасць распавядаць вяскоўцам пра неба знаўства і тлумачыць ім пры дапамозе падручных сродкаў бег планет і зорак. Нездарма сёння нават у экспазіцыі заслаўскага Музея беларускай маляванкі дываны Драздовіча размешчаныя менавіта на фоне схілу начнога неба, усыпанага зоркамі, а побач можна пабачыць выяву яго знакамітай карціны “Космас”, створанай на пачатку 1940-х.
Галоўны захавальнік фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Аляксандр Рак прыгадвае свой удзел у экспедыцыях па пошуку маляванак Драздовіча. Музейныя супрацоўнікі карысталіся дзённікамі мастака, апублікаванымі на пачатку 1990-х, наведваючы вёскі, якія ён згадваў у запісах, і ў выніку часам шчасціла не толькі адшукаць самі дываны, але і паразмаўляць з людзьмі, якія сустракаліся з творцам. Распавядалі, што зранку мастак выходзіў у палі ды лугі, адкуль вяртаўся з кветкамі, якія дарыў дзяўчатам. Язэп Драздовіч адышоў у лепшы свет у 1954-м. Ён не дажыў усяго пяць гадоў да палёту чалавека ў космас, але назаўжды зрабіўся першым беларускім правадніком у завоблачныя далячыні.
Антон РУДАК