З пакалення асвечаных. Частка 4

Кароткае жыццё Тэафілі Глінскай прыйшлося на другую палову XVIII стагоддзя — вельмі складаны перыяд нашай гісторыі. Як маштабныя падзеі паўплывалі на творчасць паэткі? Працягнем аповед пра лёс таленавітай асобы.

СЦЮДЗЁНЫ СТУДЗЕНЬ 

Пачатак 1785-га быў азмрочаны няшчасцем: цяжка захварэла маці паэткі. У першыя дні студзеня, насуперак звычаю, не Тэафілястарэйшая адправілася з сям’ёй у Зарой на споведзь, а сам кальвінісцкі святар наведаў маёнтак Косічы. І ўжо 26 сакавіка, а шостай гадзіне раніцы, вяльможная пані Тэафіля Глінская з Галухоўскіх, жонка обершт лейтэнанта (падпалкоўніка) войскаў ВКЛ, адышла ў лепшы свет. Пахавалі яе ў склепе капліцы ў Зароі. Святар Ян Героўскі, пішучы метрыку, дадаў: “Божа, крыніца ўсялякага суцяшэння. Суцеш ты цяжка засмучаную годную сям’ю”. 

Падмурак капліцы ў Зароі

Ці паспела маці парадавацца літаратурнаму дэбюту дачкі? Пэўна, так. Часопіс Magazyn Warszawski з творамі Тэафілі-малодшай выйшаў у студзені і ўжо мусіў нарабіць перапалоху на радзіме аўтаркі — у Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама ў Польскім Каралеўстве. З якіх прычын? Папершае, паэма “Шчорсы” была ў некаторым сэнсе “вальнадумная” (падштурхоўвала паноў да вызвалення сялян). Падругое, напісала яе 20-гадовая “белагаловая” (так у дакументах часам пазначалі жанчын), якой больш пасавала вышываць ды пляткарыць. Таму зразумела, што казалі пра маладую Тэафілю сівавусыя старасвецкія сарматы. 

СЛОВА ПРА БАЦЬКУ 

Крыштаф Глінскі (1730— 1807) у лістападзе 1795-га засведчыў, што “ўдовы ўжо 10 гадоў, а быў жанаты з дачкой пана Габрыэля Галухоўскага Багумілай” (нагадваем: Багуміла — славянскі адпаведнік грэчаскага імя Тэафіля). 

Далей Глінскі, крыху блытаючыся ў датах, згадвае дзвюх дачок — Багумілу, якой 30 гадоў (нар. у 1762—1763-м) і якая ўжо шэсць гадоў замужам за Алойзыем Букатым, і 22-гадовую Дароту (нар. 4 ліпеня 1771га ў Косічах). Іншыя дзеці, відаць, да таго часу памерлі. Пра службу ў войску і грамадскую кар’еру Крыштаф напісаў так: “…Ад 1752 года карнет у палку гвардыі коннай літоўскай, у 1758-м капітан, у 1767-м сакратар Слуцкай канфедэрацыі, з 1771-га ў войску літоўскім падпалкоўнік, у 1776—1779 гадах суддзя асэсарскі ВКЛ”. 

Делтува, кальвінскі збор. Напалеон Орда, 1875 г.

Сканаў Крыштаф Глінскі ў сваім маёнтку Косічы паміж шостай і сёмай гадзінамі ўвечары 22 мая (па ст. ст.) 1807га. Жалобнае набажэнства прай шло дома, пасля чаго ўсё той жа святар Ян Героўскі суправадзіў труну ў Зарой. Капліца, дзе спачывала маці паэткі, ужо была цалкам знішчана, таму вайскоўца і грамадскага дзеяча пахавалі на могілках. 

СВЕДЧАННІ БЫКОЎСКАГА 

А што кажа мінскі шляхціц Ігнат Быкоўскі, вядомы літаратар XVIII — ХІХ стагоддзяў? Ва ўспамінах ён прывёў сціслыя, але важныя звесткі не толькі пра Глінскую, але і пра Тэклю Урублеўскую, ураджэнку Слонімшчыны (персанаж нашага наступнага серыяла). Тэафілю Быкоўскі асабіста не ведаў, але творы аўтаркі чытаў і некаторыя сабе выпісаў. “Пайшла яна за Букатага і вельмі моцна хацела паехаць у ваяж у Англію. Але тым намерам былі ней кія перашкоды. Неўзабаве пасля таго яна памерла”. Работы, што занатаваў Быкоўскі, былі “напісаны ёй у паненскім стане”, іншых літаратар не меў. Што за творы перанёс сабе Ігнат і дзе шляхціц іх убачыў? З першай часткай пытання проста: гэта паэма “Шчорсы” і два вершы, якія Тэафіля прысвяціла бацькам, — “Букет ад дачкі для матулі ў дзень імянін” і “Напярэдадні юбілею бацькі” (знойдзены і апублікаваны ў 1950-м даследчыкам Тадэвушам Мікульскім). 

Як устанавіў Мікульскі, выданне “Шчорсаў” 1785га Быкоўскаму было незнаёмае. У дзённіку шляхціца на палях пазначана, што сёе тое ў работах аўтарак ён “падправіў або палепшыў”. Параўнаўшы арыгінал і “копію”, Мікульскі выявіў: часу на ўдасканаленне Быкоўскі не пашкадаваў. Змяніў нават назву паэмы — на “Пахвалу Шчорсам”. Але пра друкаваны варыянт ведаў літаратуразнавец Віктар Гамуліцкі. У 1916-м ён разабраў творы Глінскай і “падкарэкціраваў” польскую мову ліцвінкі. Таму сёння мы маем цэлых тры варыянты “Шчорсаў”. Час дадаць чацвёрты, пабеларуску. 

Чаму Быкоўскі валодаў падрабязнасцямі біяграфіі паэткі, а галоўнае, дзе ўзяў творы, што не прызначаліся для друку (усё ж гэта прысвячэнні членам сям’і)? Падказку пра Букатага, за якога пай шла Глінская, даў сам Ігнат. Пэўна, ён добра ведаў дзядзьку мужа Тэафілі, што жыў на Міншчыне, у Сяргеевічах, — Францішка Букатага. Гэта былы амбасадар Рэчы Паспалітай у Англіі, аб якім распавядзём далей. 

ТЭАФІЛЯ МЯНЯЕ ПРОЗВІШЧА 

Пасля запаведзін, якія зладзілі 29 верасня 1790 года ў Асташынскім кальвінскім зборы, у Вялікіх Косічах згулялі вяселле Тэафілі Глінскай і старасты міліянаўскага Алойзыя Букатага, равесніка паэткі. Дарэчы, ён меў каталіцкае веравызнанне (Тэафіля — кальвіністка). Як правіла, у тыя часы мужчыны былі значна старэйшыя за абранніц (прыкладам, слынны асветнік XVII стагоддзя Гальяш Капіевіч увогуле ажаніўся з дзяўчом, якому яшчэ не споўнілася 11). Таму не выключана, што шлюб Глінскай і Букатага грунтаваўся не на разліку, а на сапраўдных пачуццях. Маладая сям’я перабралася ў Малыя Косічы (сёння вёска Багудзенка), якія месцяцца за некалькі кіламетраў на поўнач. Праз два гады, 11 верасня 1792-га, у Букатых з’явілася дзяўчынка. На хрэсьбіны Крысціны-Антаніны Зоф’і, што прайшлі 2 кастрычніка, з’ехалася вельмі пачэсная грамада — дзед немаўляці Крыштаф Глінскі, Нарбуты з Лідчыны (сваякі гісторыка Тэадора Нарбута), навагрудскія Ёдкі (сваякі навукоўца Якуба Наркевіча Ёдкі, беларускага Тэслы) і Элеўтэрый Семірадскі (дзед сусветна вядомага мастака Генрыха Семірадскага з суседніх Ярошычаў). А 2 мая 1796-га ахрысцілі ФранцішкуЁгануДароту, народжаную 23 красавіка. Сведкамі сталі дзядзькі Алойзыя — згаданы Францішак Букаты, былы амбасадар англійскі, і Тадэвуш Букаты, былы сакратар амбасады Рэчы Паспалітай у Лондане, а таксама навагрудскі ротмістр Юзаф Узлоўскі, гаспадар суседняга Чомбрава (цяпер гэта вёска Радагошча). 

Сядзіба Узлоўскіх і Карповічаў у Чомбраве, фота Яна Булгака

Трэба дадаць, што Чомбраў за кіламетр ад Малых Косічаў — ледзь не самы вядомы маёнтак Навагрудчыны. Ён стаў прататыпам Сапліцова, у якім разгортваліся асноўныя падзеі паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Але больш цікавіць іншае: пры Узлоўскіх эканомам у сядзібе служыў дзед Адама Міцкевіча — шляхетны Мацей Маеўскі. Яго дачка Барбара Маеўская была ахмістрыняй. Тут напрыканцы 1795-га хутчэй за ўсё бацькі паэта і пабраліся шлюбам. На вяселлі, як найбліжэйшыя суседзі, маглі прысутнічаць Глінскія і Букатыя. А ў 1799-м Анэля Вярэйская, жонка Юзафа Узлоўскага, стала хроснай маці Адама Бернарда Міцкевіча. Такі вір… 

АБРАНЕЦ ГЛІНСКАЙ 

Калі асоба паэткі мала каго цікавіла, то што можна казаць пра яе мужа? Але з гэтым нам дапамог ён сам, пакінуўшы кароткую “аўтабіяграфію” (1795): “32 гады, жанаты з дачкой вяльможнага пана Глінскага, палкоўніка былых войскаў літоўскіх, з вяльможнай пані Багумілай. Маю дачку Крысціну трох гадоў”. Дадаў Букаты і апісанне нерухомасці, раскіданай па розных паветах, і сціслы пералік “кар’ерных прыступак”: “У 1790-м быў я суддзя Трыбунала Літоўскага ў Гродне, у годзе ж 1792-м абраны межавым суддзёй Жамойцкага княства ў Расейнскім павеце… Жыву ў дзедзічным маёнтку Косічы Малыя і час ад часу… у Беліцкім графстве ў Лідскім павеце”. Каралеўскі дваранін Алойзы Букаты на Трыбунале ў 1791—1792 гадах насамрэч выступаў дэпутатам. 

Тое-сёе ўдалося разведаць і пра юнацтва Алойзыя. У верасні 1785-га разам з дзядзькам Францішкам Букатым яны рушылі ў Англію. Сваякі палічылі, што ліцвіну няблага будзе атрымаць адукацыю ў слыннага эканаміста і агранома Артура Янга. Штомесяц Францішак плаціў за навучанне пляменніка 25 гіней, а яшчэ пяць фунтаў выдзяляў яму на асабістыя выдаткі. Праўда, паназіраўшы за поспехамі студэнта некалькі месяцаў, дзядзька адправіў Алойзыя дадому. Юнгу Францішак Букаты пера даў, што выслаў хлопца на радзіму, каб там ён распаўсюджваў інфармацыю пра знакамітага дзеяча, школу і яго высокія заслугі. Ці прымяніў атрыманыя веды Алойзы Букаты на практыцы? Складана штосьці сказаць, як і пра яго лёс пасля смерці Тэафілі. 

Сканала паэтка не ў Косічах, а ў Дзявалтаве (сёння — Дзялтува, Літва) 23 кастрычніка 1799 года. Мястэчка мяжуе з Укмярге (старая назва павятовага цэнтра — Вількамір). Назаўтра Глінскую пахавалі на могілках пры тамтэйшым кальвінскім зборы. Храм збярогся, хоць і стаіць без даху, але могілкі знішчаны. 

АНГЛІЙСКАЯ ГІСТОРЫЯ 

Памятаеце, паводле Быкоўскага, Глінская збіралася ў ваяж? У 1790-м амбасадар Францішак Букаты, які страшна сумаваў па сям’і, запрасіў у Лондан жонку Барбару (яе бацька — віцебскі ваявода Юзаф Прозар). Усё было гатова, але раптам памерла іх маленькая дачка. Вандроўку перанеслі на 1791-ы. І нашу гераіню не адпусцілі. Не дапамог нават ліст да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Прычын магло быць шмат — палітычныя катаклізмы ў Рэчы Паспалітай (справа ішла да грамадзянскай вайны, якая пазней і здарылася), сямейныя праблемы. Так паэтка і не трапіла ў Лондан. А потым нарадзіліся дзеці і, галоўнае, у выніку двух новых падзелаў Рэчы Паспалітай у 1793 і 1795 гадах завяршыўся праект “Вялікае Княства Літоўскае”. Не да вандровак. 

ЯШЧЭ ТВОРЫ 

У 1966м выйшаў чацвёрты том Oświecenie слыннай серыі Nowy Korbut. У артыкуле, прысвечаным Тэафілі Глінскай, згадваліся дзве новыя работы аўтаркі, рукапісы якіх былі знойдзены ў Ягелонскай бібліятэцы. Першая — Wiersze Imć panny Glińskiej na obraz I. O. księżny Massalskiej, hetmanowy W. Ks. Lit., przez Imci P. Szmuglewicza malowany… w Wilnie — прысвечана Францішцы Агінскай, жонцы вялікага гетмана літоўскага Міхала Масальскага. У творы расказваецца пра аблогу горада Гданьска і пра надзвычайную мужнасць маладой ліцвінкі, якая першай кінулася на абарону фартэцыі, чым падала прыклад прафесійным вайскоўцам. У другім жа велізарным вершы — Myśli na ustroniu — Глінская, ці ўжо ГлінскаяБуката, разважала аб самых розных рэчах. Пішучы аб прыродзе фанатызму, намякнула на сумны эпізод, што здарыўся ў 1780-м у Лондане. Парламент ураўнаваў у правах англійскіх каталікоў з пратэстантамі (каталікі да таго часу нават не мелі права служыць у войску). І выбухнуў бунт, якога Лондан не бачыў пару стагоддзяў. Утаймоўваць антыкаталіцкае выступленне прыйшлося з дапамогай рэгулярнай арміі. Усё гэта нагадала Тэафілі падзеі на радзіме. Слуцкая канфедэрацыя 1767га, сейм, што прызнаў роўныя правы кальвіністаў і права слаўных з каталікамі, ды, як вынік, крывавыя падзеі — вось што стаяла перад вачыма літаратаркі. 

ДЗЕ ШУКАЦЬ СПАДЧЫНУ? 

Напэўна, тоесёе можа знайсціся ў архівах Букатых, Храптовічаў, Паня тоўскіх і сяброў каралеўскага клуба, а таксама родаў, звязаных з Глінскімі сваяцтвам. Гэта Алендскія, Галухоўскія і многія іншыя, якія згадваліся ў публікацыі. Але ўжо таго што ёсць — паэма, пераклад, вершы — дастаткова для выдання зборнічка Тэафілі Глінскай. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара