Жаночы камерны хор Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа святкуе 55-годдзе. Захаванне адукацыйных ідэалаў і адданасць найлепшым традыцыям — нязменная філасофія юбіляра, які ўражвае дасягненнямі.
Гісторыя жаночага камернага хору, як і каледжа, пачалася ў 1969-м, калі маладой установе акрэслілі задачу “аказваць сістэматычную дапамогу калектывам мастацкай самадзейнасці праз замацаванне кваліфікаваных выкладчыкаў”.
Значную частку шляху юбіляр прайшоў поплеч з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам, таленавітым дырыжорам Ларысай Іконнікавай, якая ўзначальвала аб’яднанне з 1981-га да чэрвеня 2022-га. Дзякуючы яе намаганням хор заваяваў вышэйшую ўзнагароду спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — Грандпрэмію, атрымаў званне народнага ў 2003-м, а ў 2017-м — заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Два гады таму эстафету кіраўніцтва падхапіла Марына Шарэйка, якая скончыла Гродзенскі музычны каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.
— Цяпер у хоры спяваюць 27 навучэнцаў, — расказвае малады педагог. — Склад абнаўляецца кожны год: на змену выпускнікам прыходзяць першакурснікі. Актыўна развіваецца ды ўзбагачаецца рэпертуар. Выконваем творы не толькі а капэла, але і ў суправаджэнні раяля, перкусійных і струнных смычковых інструментаў. Стылістычная і жанравая разнастайнасць — важны складнік, які прываблівае слухачоў. Таму часта спрабуем сябе ў новых амплуа. Так, выступаем з пералажэннямі сучасных кампазіцый, што гучаць цікава і даволі незвычайна, і з аўтарскімі апрацоўкамі беларускіх і рускіх народных песень.
Узрошчванне прафесіяналаў — іменна так кіраўнік фармулюе галоўную мэту калектыву.
— Дзякуючы каласальнай рабоце настаўнікаў навучэнцы не толькі асвойваюць спецыяльнасць “Харавое выканальніцтва”, але і авалодваюць каштоўнымі музычнатэарэтычнымі ведамі, дырыжорскім майстэрствам, — падкрэслівае Марына Шарэйка. — Прыемна, што многія выпускнікі паступаюць у ВНУ сферы культуры, дзе працягваюць удасканальвацца і пакараць новыя вяршыні.
Аб паспяховай рэалізацыі выбранага курсу сведчаць факты: сярод былых выхаванцаў — дзясяткі выдатных педагогаў і вядомых хормайстраў.
Штогод юныя выканаўцы атрымліваюць заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, прэміі імя А. Дубко, а таксама перамагаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах вакальнага майстэрства і харавых дырыжораў.
Калектыў неаднойчы пацвярджаў высо кі ўзровень: у 2021-м удзельнічаў у III агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”, дзе атрымаў дыплом “За ўклад у развіццё харавога мастацтва Беларусі”, у 2022-м заваяваў званне лаўрэата I ступені ў рамках дзесяці міжнародных конкурсаў і фестываляў, а сёлета праявіў сябе на маштабным рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”.
— Сярод самых яркіх падзей — і пацвярджэнне звання заслужанага аматарскага калектыву ў лістападзе 2022га. Да падрыхтоўкі навучэнцы падышлі з вялікай адказнасцю: кожны дзень на працягу двух месяцаў прысвячалі сябе шматгадзінным рэпетыцыям, — распавядае кіраўнік.
Нараўне з вырашэннем адукацыйных задач, хор вядзе актыўную канцэртна выканальніцкую і музычнаасветніцкую дзейнасць, далучаецца да найважнейшых падзей сацыякультурнага жыцця краіны.
— Працаваць толькі “ў клас” — не самая прадуктыўная стратэгія для паўнавартаснага развіцця творчага калектыву, — разважае Марына Шарэйка. — Таму імкнёмся заставацца запатрабаванай канцэртнай адзінкай! За апошнія два гады дзякуючы ўдзелу ў сацыяльна значных мерапрыемствах горада і вобласці пра нас даведаліся практычна ўсе жыхары Гродна. Гэта заслуга і здольных выхаванцаў, і таленавітых педагогаў каледжа, і выбітнай адміністрацыі ў асобе дырэктара Ганны Сарасек.
Акрамя як на гарадскіх пляцоўках, юбіляр неаднаразова выступаў у Палацы Рэспублікі, Беларускай дзяржаўнай і Гродзенскай абласной філармоніях. Там хор прадстаўляў кампазіцыі айчынных аўтараў, у тым ліку выпускнікоў роднага каледжа. Сярод іх — Андрэй Бандарэнка, Віктар Войцік, Уладзімір Кандрусевіч, Леанід Захлеўны, Аліна Безенсон і многія іншыя.
Марына Шарэйка ўпэўнена, што і нада лей калектыў захавае высакародную місію:
— Гадаваць музыкантаў, улюблёных у харавую справу, — наша мэта на сёння і на перспектыву. Заваёўваць дыпломы ды іншыя ўзнагароды — прыемна. Яшчэ больш каштоўна бачыць агонь у вачах выпускнікоў, захопленых сваёй прафесіяй!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва калектыву