Вечарына, прысвечаная 65-гадоваму юбілею Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа, адбылася 4 снежня ў зале пасяджэнняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ва ўрачыстасцях паўдзельнічаў новапрызначаны міністр культуры Руслан Чарнецкі.
— Калі я зайшоў у гэтую залу, у мяне маментальна ўзнікла пачуццё ўдзячнасці. Я разумею, наколькі беражліва і чуйна служыцелі літаратурнамемарыяльнага музея Я. Коласа на працягу 65 гадоў захоўваюць найвялікшы здабытак класіка беларускай літаратуры. Я хацеў бы падзякаваць супрацоўнікам установы розных гадоў за тое, што яны збераглі гэтую спадчыну для нас. Вялікую прыгажосць, якую пакінуў пасля сябе пісьменнік, мы абавязаны ведаць, цытаваць і расказваць пра яе дзецям, унукам і праўнукам, — падкрэсліў Руслан Чарнецкі.
Да прысутных таксама звярнуліся дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Іван Саверчанка, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, выканаўчай улады і грамадскіх аб’яднанняў. Госці віншавалі ўстанову з юбілеем і адзначалі яе важную ролю ў культурным жыцці краіны.
Акрамя гэтага, на працягу вечара ўдзельнікам мерапрыемства ўручалі падзякі за шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, поспехі ў захаванні і папулярызацыі коласаўскай спад чыны.
За творчую частку імпрэзы адказвалі артысты музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН ды іншыя калектывы.