Адной з адметнасцей нематэрыяльнай культурнай спадчыны Талачыншчыны з’яўляецца танцавальны фальклор, які захоўваюць амаль у кожным кутку раёна. Парныя, сольныя, гуртавыя танцы былі звязаныя са святамі народнага календара, вясельнымі і хрэсьбіннымі абрадамі, карысталіся папулярнасцю на вячорках і фэстах.
Сёння традыцыйныя танцы выконваюць на самых розных мерапрыемствах — вячорках, святах, этнадыскатэках, якія ладзяцца ва ўстановах культуры клубнага тыпу.
Як распавяла намеснік дырэктара Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Спаткай, на пачатку кастрычніка ў рамках праекта “Мая спадчына” ў Талачыне адбыўся Другі рэгіянальны турнір нацыянальных танцаў “Танчым паталачынску!”. Спаборніцтва ладзіцца з мэтай папулярызацыі, аднаўлення ды захавання беларускіх побытавых танцаў і развіцця фальклорнага руху. Турнір сабраў удзельнікаў з усіх куткоў Талачыншчыны і Сенненшчыны. Яго гасцямі, між іншага, зрабіліся ўдзельнікі клуба аматараў фальклору “Крывія”, якім кіруе Марына Лындзіна з Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У турніры паў дзельнічала больш за 20 танцавальных пар у трох намінацыях: “Дзеці”, “Хлопец і дзяўчынка” ды “Жаночая”. Старшынёй журы выступіла загадчык сектара культуры Талачынскага райвыканкама Алена Валевіч. Канкурсанты выконвалі танцы “Заяц”, “Картузэ”, “Мікіта”, “Месяц”, “Лысы”, іншыя. Гранпры атрымала пара Марыны Лындзінай і Аляксандра Атрошкіна з Сянна.
Удзельнікі школы фальклорнага танца “Талачынскія закаблукі”, якой кіруе Таццяна Спаткай, прадэманстравалі хараство танцаў “Крыўлянская кадрыля”, “Чарнавусы Каралёк”, “Рамашкаўская Лявоніха” і “Рамашкаўскія карагоды”.
Сёння вядзецца работа па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйныя карагоды і танцы Талачынскага раёна” Гэта, безумоўна, спрыяе захаванню і аднаўленню ўмоў існавання, развіцця і перадачы нашчадкам рэгіянальнай культурнай спадчыны. Танцавальная традыцыя захоўваецца ў шэрагу населеных пунктаў Талачынскага раёна: Абольцах, Азерцах, Валосаве, Варанцэвічах, Жукневе, Звянячах, Крывых, Райцах, Рамашкаве, Славенях, Слаўным, Серкавіцах, Шупенях і ў самім Талачыне.
Танец “Крыўлянская кадрыля” і парныя мясцовыя танцы “Кракавяк”, “Полькабабачка”, “Сербіянка” і іншыя выконваюцца народным фальклорным калектывам “Суседзі” з Аболецкага дома фальклору. Танцы “Рамашкаўская Лявоніха” і “Рамашкаўскія карагоды” зберагаюцца народным фальклорным калектывам “Супружанкі” са Звяняцкага сельскага дома культуры. А танецгульня “Чарнавусы Каралёк” з’яўляецца візітнай карткай фальклорнага калектыву мастацкай творчасці “Вяскоўцы” з Райцаўскага дома фальклору.
Сярод носьбітаў, якія перадалі свае веды нашчадкам, — Ганна Маркаўна Конюшка (1922—2007) з вёскі Крывыя, Ніна Ільінічна Клімовіч (1920—1999), Надзея Андрэеўна Кунцэвіч (1942—2018) і Вольга Сцяпанаўна Ляховіч (1928—2010) з Рамашкава, а таксама Еўдакія Раманаўна Жураўлёва (1928—2012) і Ганна Іванаўна Метлянок (1928—2015) з Валосава.
У кожнага з танцаў свой каларыт: у карагодах рухі плаўныя, дробныя, ногі амаль што не адрываюцца ад падлогі, усе рухі пар павольныя, стрыманыя, а вось кадрыля выконваецца з запалам, весела і жыва. Мясцовыя танцы захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, у розных кутках раёна для жыхароў праводзяцца майстаркласы, для моладзі на танцавальных вечарах ладзяцца этнагадзіны з развучваннем танцаў. У кожным фальклорным калектыве, якія працуюць ва ўстановах культуры клубнага тыпу, ведаюць і выкарыстоўваюць свае танцавальныя традыцыі.
Побытавыя танцы выконваюць сацыялізуючую, культурнаэтнічную і пластычнавобразную функцыі. Дзякуючы сацыялізуючай функцыі харэаграфіі фарміруецца пачуццё гонару за радзіму, умацоўваюцца грамадзянскапатрыятычныя пачуцці, дзеці пачынаюць разумець незвычайны каларыт танцавальных рухаў, прыгажосць арнаменту беларускага народнага адзення, хараство карагоду, яскравасць кадрылі і адметнасці парных танцаў. Маладое пакаленне вучыцца ўсведамляць прыгажосць нацыянальнай спадчыны, уліваецца ў традыцыі і культуру свайго краю. З дапамогай культурна-этнічнай функцыі даецца магчымасць далучыцца праз танец да гістарычнага досведу свайго народа, яго этнічнай культуры. Вялікую ролю ў фарміраванні пластычнай культуры асобы, выхаванні здольнасці авалодваць шматзначнасцю і мастацка-вобразным багаццем харэа графічнага малюнка грае плас тычнавобразная функцыя танца.
Носьбіты традыцый разумеюць, што дзеці і моладзь, выхаваныя на мясцовай культуры, будуць прывязаныя да роднага краю, змогуць усведамляць сябе адной супольнасцю. Танец з’яўляецца адным з элементаў нематэрыяльнай культуры, індыкатарам нацыянальнай самасвядомасці і самаазначэння ў грамадстве. Унікальныя па сваёй харэаграфічнай структуры танцы з’яўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю, адлюстроўваючы традыцыі рэгіёна.
— Танцавальная спадчына Талачынскага раёна — гэта аснова для выхавання маладога пакалення, якое цікавіцца фальклорам, імкнецца вывучаць і аднаўляць традыцыйную культуру Беларусі, — лічыць Таццяна Спаткай. — Трэба толькі ўмела і мэтазгодна злучыць мінуўшчыну і сучаснасць, улічваючы каштоўнасць, важнасць і запатрабаванасць спадчыны для наступных пакаленняў.
Антон РУДАК