Тэафілі Глінскай доўга ўдавалася пазбягаць пільнай увагі даследчыкаў, але гэты перыяд скончыўся. Раскрываем таямніцы біяграфіі беларускай паэткі XVIII стагоддзя далей.
(Працяг. Пачатак у “К” №№ 42, 45, 2024)
Мы ўжо пазнаёмілі чытачоў з продкамі Тэафілі, якія стагоддзямі жылі на абшарах Навагрудчыны, распавялі пра малую радзіму аўтаркі — Косічы блізу Свіцязі, пра поўныя трывог, спадзеваў і смутку часы, што супалі з дзяцінствам і юнацтвам Глінскай. Акрамя таго, мы згадалі рэфарматарскія пачынанні апошняга караля Рэчы Паспалітай Стані слава Аўгуста Панятоўскага, без якіх голас літаратаркі не быў бы пачуты. Сёння зробім крок у невядомае — высветлім, што падштурхнула нашу гераіню ўзяцца за напісанне паэмы “Шчорсы”.
Брама. Шчорсы, 1930-я
Чытач можа падумаць: гаворка пойдзе пра слынную крыніцу побач з маёнткам Глінскіх, нібыта яе воды выпусцілі геній паэткі. Але не. Дэбютны твор Тэафілі нарадзіўся з іншай прычыны. Як мы казалі, у маі 1783 года ў часопісе Pamiętnik HistorycznoPolityczny пабачыў свет велізарны і дакладны, як статыстычная справаздача, артыкул Opisanie wybornego gospodarstwa w dobrach Szczorse do J. W. Chreptowicza Podkanclerzego Litt: należących w Woiewodztwie Nowogrodzkim leżących. Аўтар — Караль Адольф дэ Меліг, капітан корпуса пантанёраў і касір каралеўскага манетнага двара. Друкаваўся матэрыял не дзеля забавы аўдыторыі. Меседж быў просты і відавочны: “Рабі, як ён, — пераймай найлепшае!” А найлепшае заключалася ў тым, што ў сваім маёнтку граф Яўхім Храптовіч скасаваў прыгон. Здарыўся цуд!
Раптам аказалася: вольныя людзі, што адчуваюць сябе гаспадарамі на зямлі, працуюць непараўнальна больш эфектыўна, чым загружаныя тысячай і адной павіннасцю. Праўда, новаўвядзенні прыжываліся цяжка, таму прыгон у Расійскай імперыі, куды ўвайшла пасля 1795 года тэрыторыя ВКЛ, афіцыйна адмянілі толькі ў 1861-м.
Ружаны. Адноўленая брама, 2024
У паэме Глінскай чуюцца тыя ж “вальнадумныя” ноткі — безумоўна, артыкул капітана пантанёраў прачытала і літаратарка. Але дзе? Ёсць здагадка. Адным з беларускіх падпісчыкаў выдання Pamiętnik Historyczno Polityczny ў 1780-х з’яўляўся Адам Вярэйскі, які пазней стаў навагрудскім гродскім суддзёй і павятовым маршалкам. Ён быў выдатным юрыстам, эканамістам ды, як і Храптовіч, прыхільнікам Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Таму не дзіва, што на пачатку ХІХ стагоддзя ў велізарнай Гродзенскай губерні сяляне Вярэйскага лічыліся самымі заможнымі. Мы ўжо адзначалі, што суседзі і сябры Глінскіх — Юзаф і Анэля Узлоўскія. Ці магла Анэля, сястра Вярэйскага, атрымліваць ад брата навінкі друку і перадаваць іх? Больш чым імаверна. А тое, што сяброўства Глінскіх з Узлоўскім было блізкім, пацверджана фактам. У маі 1796 года навагрудскага ротмістра Юзафа Узлоўскага запрасілі на хрост Дароты, другой дачкі Тэафілі Глінскай.
Як мы ведаем, першым “піяршчыкам” літаратаркі стаў граф Яўхім Храптовіч, падканцлер вялікі літоўскі. У 1785м ён адправіў рэдактару часопіса Magazyn Warszawski ліст. У ім — дзве работы Тэафілі Глінскай: паэма “Шчорсы” і вершаваны пераклад папулярнага ў тыя часы твора французскага філосафа ЖанаФрансуа Мармантэля “Гімн перуанцаў пра смерць”, урыўка з рамана “Інкі”. А яшчэ ў пісьме згадвалася, што Тэафіля пабывала ў Шчорсах у 1784м, незадоўга да прыезду караля. Гэта сведчыць пра знаёмства графа і Глінскай. Ліст, як мяркуюць даследчыкі, складзены Храптовічам. Аўтар звароту распавядаў: у 1783-м было апублікавана эканамічнае апісанне маёнтка Шчорсы, а цяпер выдаўцу дасылаецца вершаванае, зробленае адной паненкай са спадзевам, што яе творы рэдактар з задавальненнем прыме і надрукуе.
Пачатак аднаўлення Шчорсаў, 2024
Гаварылася і што гэтыя радкі чытаюць ды ўхваляюць людзі з вышэйшых колаў. Тут самы час нагадаць: тыя колы (Храптовіч адыгрываў у іх вельмі істотную ролю) складаліся з караля і прыхільнікаў яго рэформаў, тобок удзельнікаў “чацвярговых абедаў”. Далей у лісце тлумачылася, што вершы напісаны маладой па ненкай, выхаванай пераважна ў вёсцы, але ў вельмі спрыяльных для развіцця генію варунках — пад наглядам вольных ад забабонаў бацькоў. Параў нанне Глінскай з папярэдніцамі (названа Альжбета Дружбацкая, польская літаратарка, што сканала ў 1765-м), было на карысць Тэафілі: “Тыя толькі пісалі, а гэтая стварае, тыя забаўлялі, а гэтая забаўляе і вучыць”. Адзначаецца стыль Глінскай, яркія вобразы, настрой работ, якія адлюстроўваюць вялікую розніцу паміж ранейшымі аўтарамі і нашай гераіняй. Напрыканцы складальнік ліста, давяраючы густу выдаўца, просіць не ўспрымаць зварот як праяву “энтузіязму”, а, пачытаўшы творы, прызнаць праўду і надрукаваць іх, тым самым паказаўшы паненкам, на што яны здольныя. Так, Тэафіля Глінская можа лічыцца адной з першых беларускіх ластавак жаночай эмансіпацыі.
Палац Сапегаў у чаканні рэстаўрацыі, 2024
На пачатку верасня 1784 года, рухаючыся на сейм у Гродна, кароль аб’язджаў маёнткі прыхільнікаў — шляхты і магнатаў. З Піншчыны, дзе ён гасцяваў у князёў ДруцкіхЛюбецкіх, манарх дабраўся да Целяханаў Людвіка Тышкевіча. А 12 верасня Панятоўскі прыбыў у Ружаны. Караля сустрэла на ганку палаца прадстаўнічая дэлегацыя вялікалітоўскіх ураднікаў і вайскоўцаў на чале з гаспадаром Ружанаў канцлерам вялікім літоўскім Аляксандрам Сапегам і мінскім ваяводам Адамам Хмарам, гаспадаром Сёмкава. Пасля ўрачыстага вітання кіраўнік дзяржавы, каб адпачыць з дарогі, падняўся ў пакоі. У салоне яго сустрэлі жонкі і дочкі знаных мужчын. Прозвішчы старанна зафіксаваў каралеўскі сакратар — пінчук Адам Нарушэвіч: Пузыня, Слізень, Палубінская, Грабоўская, Быхавец… панна Глінская, дачка оберштлейтэнанта. Ці чытала свае вершы манарху Тэафіля ў Ружанах? Пэўнасці няма.
Затым былі Слонім Агінскага і Сноў Рдултоўскіх. А 16 верасня Панятоўскі завітаў у Нясвіж. У параўнанні з прыёмамі ў Ружанах і іншых мясцінах Караль Радзівіл арганізаваў сустрэчу сапраўды пакаралеўску (ды яшчэ і затрымаў высокага госця на пяць дзён). Для Панятоўскага падрыхтавалі шырокую забаўляльную праграму — паляванне і гістарычную рэканструкцыю “Штурм Гібралтара”. Аб гэтай падзеі ў 1783-м пісалі ў выданні Pamiętnik HistorycznoPolityczny, таму тэма была на слыху. Таксама 17 верасня манарху паказалі оперу “Агатка, або Прыезд пана”, створаную тандэмам кампазітара Алясандра Данэзі і лібрэтыста князя Мацея Радзівіла. І ў шчорсаўскай “эпапеі”, і ў “Агатцы” гучаў заклік да шляхты зірнуць на сялян вачыма бацькі, думаць і пра іх шчасце. Наў рад ці Глінская была на прэм’еры оперы, але хто ведае.
"Шчорсы". Дрэварыт Паўла Бачкоўскага на аснове малюнка Напалеона Орды, 1878
І вось пасля Нясвіжа, дзе на прыём патрацілі больш за мільён злотых, стомлены радзівілаўскай пыхай Панятоўскі трапіў у Шчорсы, у маёнтак Храптовіча. Ідэальны парадак сустрэў манарха ў квітнеючых наднёманскіх уладаннях яго сябра. Усюды былі вольныя, задаволеныя жыццём сяляне. Тобок ідэі каралеўскага кола аб паляпшэнні долі звычайных людзей у Рэчы Паспалітай дзе-нідзе здзяйсняліся.
Што здарылася далей? У наступнай частцы мы распавядзём пра іншыя творы Тэафілі Глінскай ды пра тое, як склаўся лёс паэткісвіцязянкі і яе спадчыны.
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Фота аўтара