Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Ён, падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея — і айчыннымі знаўцамі, расказвае аб выбітных ваенных стужках “Беларусьфільма”.
Адно з імёнаў у нашым кінематографе, з якім звязаны, бадай, самы важны яго перыяд, — Міхаіл Пташук. Знаёмы з горыччу вайны рэжысёр выбіраў для карцін тэмы, якія ішлі ад сэрца. Шчырасць і нястрымнае імкненне паказаць цяжкія чалавечыя лёсы зрабілі аўтара выдатнай асобай у айчынным кіно. Фільмы Міхаіла Мікалаевіча застаюцца актуальнымі і сёння, дзякуючы глыбокаму псіхалагізму і звароту да адвечных філасофскіх пытанняў. Стужкі майстра — пра людзей, якія шукаюць справядлівасць, сутыкаюцца з няпростым выбарам і ніколі не губляюць сябе.
Асноўны напрамак творчасці Міхаіла Пташука — Вялікая Айчынная вайна. Ці з’яўляецца яна галоўным “месцам дзеяння”, ці адлюстроўваецца ва ўспамінах герояў, гэты лейтматыў пранізвае амаль усе карціны рэжысёра. Аднак “цэнтральную тэму беларускага кіно” ён ніколі не рабіў ядром сваёй Галактыкі: Сонцам у Міхаіла Мікалаевіча быў чалавек.
Глыбокае разуменне простых людзей дапамагала Пташуку распрацоўваць праўдзівыя вобразы. Шчырасць дазволіла майстру атрымаць папулярнасць і любоў сярод гледачоў, суровых крытыкаў і калег па цэху. Вельмі важнымі для аўтара аказаліся айчынныя творы пра вайну, па якіх ён і здымаў стужкі. Цягу да экранізацыі мастацкай літаратуры Міхаіл Мікалаевіч тлумачыў так: “У кожным фільме па творах беларускіх пісьменнікаў ёсць часцінка мяне самога, маёй маці, суседзяў — людзей, сярод якіх я вырас”.
Самай складанай — і тэхнічна, і псіхалагічна — для рэжысё ра стала карціна па быкаўскім “Знаку бяды”. Падзеі аповесці Пташук пражываў, бы ўласнае жыццё. Гэта адбітак цяжкага дзяцінства: будучы рэжысёр рана страціў бацьку, выхоўвалі Міхаіла Мікалаевіча маці і бабуля, чые характары і паслужылі асновай экраннага вобраза галоўнай гераіні. Маму кінематаграфіст называў “быкаўскай Сцепанідай”, а ў дзённіках пісаў:
“Я ведаў кожны рух Сцепаніды са «Знака бяды»… Не трэба было нічога выдумляць. Усе героі рухаліся па маёй федзюкоўскай хаце”.
Для здымак выбралі родныя мясціны Пташука — нежылы хутар пад Баранавічамі, які паказаў сябар майстра, старшыня калгаса. Пляцоўка падышла ідэальна, толькі хлеў дабудавалі па эскізе мастака Уладзіміра Дзяменцьева. Сцэну спалення здымалі з трох пунктаў на тры кінакамеры. “Погляд зверху” — з гідрапад’ёмніка. Падчас работы над гэтым эпізодам ледзь не здарылася трагедыя. Калі агонь разгарэўся, вецер падзьмуў у бок аператара Дзмітрыя Зайцава. Была яшчэ непрыемнасць, ужо тэхнічная: адна з камер на зямлі, з якой працавала аператар Таццяна Логінава, увогуле не ўключылася. Праз гэта яны з рэжысёрам нават пасварыліся.
З акцёрамі таксама не ўсё вый шла з першага разу. Спачатку вырашылі, што ў карціне павінны здымацца выключна беларускія артысты. Аднак калі пачалі шукаць выканаўцу ролі Сцепаніды — зразумелі, што давядзецца мяняць вектар.
— Хацелі ўзяць на гэтую ролю беларускую актрысу Таццяну Мархель. Столькі проб было, але ніяк. Прыехала Ніна Русланава. Чараўніцтва! Заходзіць у павільён, садзіцца — і адразу відаць: Сцепаніда. Як быццам Ніна Іванаўна нарадзілася ёю, — успамінала аператар Таццяна Логінава.
Цікава, што ў Ніны Русланавай быў дублёр. У сцэнах, дзе Сцепаніда доіць карову, буйным планам зняты рукі мяс цовай жанчыны. Актрыса не ўмела даіць, ды і далоні вопытнага чалавека аказаліся больш грубымі, праўдападобнымі. Аднак Русланава ставілася да ролі сур’ёзна, глыбока ўжывалася ў вобраз: заганяла бруд пад пазногці, спала і ела ў вопратцы Сцепаніды. Паступова ў артысткі змяніўся і голас, і паходка.
Ролю Петрака выканаў Генадзь Гарбук, ужо вядомы тады па карцінах “Белыя росы” і “Людзі на балоце”. Але і яму давялося складана: патрапіць у праект удалося толькі з трэцяга разу.
Унікальнае адчуванне тэмы, гісторый і людзей узняло рэжысёра на недасягальную вышыню. На жаль, таленавіты майстар рана пайшоў з жыцця, але паспеў пакінуць у карцінах шмат наказаў, галоўны з якіх — варта захоўваць праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Каб крочыць наперад да квітнеючай будучыні, патрэбныя моцныя карані, якія прарастаюць з глебы народнай памяці.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно