Народны баянны аркестр Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў адзначае 30-годдзе.
У складзе калектыву — навучэнцы. Але ім удаецца дэманстраваць яркія праграмы, якія высока ацэньваюць гледачы на канцэртных пляцоўках і журы падчас выпрабаванняў. Аркестр — лаўрэат рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”, XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” (2023), II Рэспубліканскага дыстанцыйнага шматжанравага конкурсу мастацтва да Года якасці “Васільковы небасхіл”, II Рэспубліканскага конкурсу мастацтва “Толькі.BY” (2024).
Да таго ж у аркестра — багата гарадскіх і абласных узнагарод. Выступленне пінчан ухвалялі і за мяжой — на Усерасійскім творчым фестывалі “Новыя імёны”, падчас творчага марафону “Родная краіна”, на шматжанравым конкурсе “Летнія таленты”, конкурсе аркестраў і ансамбляў Tutti, якія праходзілі ў Маскве, а таксама на Міжнародным фестывалі мастацтва і творчасці “Таленты свету” і фестывалі-конкурсе “Акадэмія талентаў” у Санкт-Пецярбургу. Удзел у Міжнародным шматжанравым конкурсе “Таленты роднага краю” і ў XLI Усерасійскім дыстанцыйным творчым конкурсе для дзяцей і дарослых “У свеце прыгожага” прынёс калектыву гран-пры.
Заснавальнік народнага баяннага аркестра Валерый Камісарчук прый шоў у Пінскае вучылішча мастацтваў у 1994-м пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Фарміруючы рэпертуар, педагог узяў курс на класіку: імкнуўся перадаць навучэнцам яе традыцыі, на якіх сам быў выхаваны.
— У 1990-х мы выконвалі “Багатырскія вароты” М. Мусаргскага. Знакамітая тэма, дзе ў кульмінацыі ўрываюцца сапраўдныя званы. Няпросты твор. Але гледачы — і суайчыннікі, і замежнікі — нашу працу ўзнагародзілі авацыямі. Класіка не мае меж! — успамінае Валерый Васільевіч. — Аднак не ўсё давалася лёгка. Размаўляеш з людзьмі, якія не разу меюць класічную музыку, спрабуеш нешта распавесці, а яны адмахваюцца: не, нам бы што прасцейшае. Таму дзяцей з маленства трэба далучаць да добрай музыкі. Стануць яны прафесійнымі выканаўцамі ці не, няважна. Галоўнае, каб хлопчыкі і дзяўчынкі ёю прасякліся. Удзельнікаў аркестра першы кіраўнік адбіраў старанна. Акрамя як на ўменні чытаць з ліста і адчуваць рытм, звяртаў увагу і на харызму, і на характар: для прадуктыўнай і камфортнай працы атмасфера павінна быць добразычлівай. Такі ж падыход захаваўся і праз дзесяцігоддзі.
— Калі ўпершыню пачула баянны аркестр каледжа, здзівілася: як прыгожа! — распавядае ўдзельніца калектыву чацвёртакурсніца Карына Зубко. — А яшчэ мяне ўразіла, як зладжана музыканты граюць, разумеюць і адчуваюць адзін аднаго. Між тым аркестр — складаны механізм. Кожная партыя важная для агульнага гучання. Задача старшакурснікаў — дапамагчы малодшым стаць часткай каманды, навучыцца слухаць не толькі сябе, але і іншых, распазнаваць жэсты дырыжора, дыхаць разам з ім.
Рэпертуар у калектыву разнастайны. Асобнае месца займаюць работы беларускіх аўтараў: Леаніда Маліноўскага, Уладзіміра Грушэўскага, Уладзіміра Гінько ды іншых.
— Імкнёмся падбіраць кампазіцыі па тэме мера прыемства, — распавядае кіраўнік аркестра Ірына Багдановіч. — Так, на канцэрце да 8 Сакавіка прапануем слуха чам штосьці лірычнае — музыку з фільма “Мелодыі белай ночы”, твор “Памяці Ясеніна” В. Гарадоўскай. Вядома ж, выхоўваем публіку на класіцы. Выконваем сімфанічныя гравюры “Дон Кіхот” К. Караева, уверцюру да оперы “Аскольдава магіла” А. Вярстоўскага, частку “Тарэра” і фінал з “Кармэн сюіты” Ж. Бізэ — Р. Шчадрына.
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў таксама падрыхтавалі шэраг кампазіцый, у тым ліку “Калыханку для анёла” з кіно “Спіс Шындлера”. Для яе выканання запрасілі Ганну Казарэз — скрыпачкусалістку, кіраўніка гарадскога камернага аркестра. Баянны калектыў іграе і Арыю В. Бібергана, прысвечаную ахвярам Халакосту. Да юбілею Вялікай Перамогі маладыя артысты плануюць развучыць “Вальс франтавых сябровак” В. Цямнова.
— Пастаянна дадаём у праграму новыя творы, — падкрэслівае Ірына Багдановіч. — Сёлета ў нас у рэпертуары з’явілася беларуская народная песня “Туман ярам” у апрацоўцы Л. Маліноўскага, уверцюра да аперэты Р. Планкета “Карневільскія званы”. Зноў звярнулі ўвагу на М. Мусаргскага — выконваем “Ноч на Лысай гары”.
— Іграем розныя кампазіцыі. Нам важна перадаваць публіцы эмацыйны пасыл, хутка перастройвацца з аднаго стану на іншы, — гаворыць чацвёртакурснік Герман Грачанік. — Імкнёмся ствараць цэласныя музычныя вобразы, чаму нас вучыць Ірына Ігнатаўна.
— Часта выконваем творы, напісаныя не для такога складу аркестра, як у нас, — уключаецца ў размову чацвёртакурсніца Ірына Строк. — Даводзіцца прымяраць вобразы скрыпкі, кантрабаса і нават трамбона. Гэта няпростая задача, але цікавая.
Кіраўнік калектыву пацвярджае, што ў падборы рэпертуару ёсць пэўныя цяжкасці.
— Баянны аркестр мае аднатэмбравы склад. Для параў нання: у народным аркестры — баяны і струнныя, а ў нас — баяны і акардэоны, якія гучаць ідэнтычна. Рэльефнасць у музыцы ствараем за кошт рэгістраў, балансу гуку, штрыха, — тлумачыць Ірына Багдановіч. — Інструмент, які дае нам іншыя тэмбры, дапамагае падкрэсліць меладычную лінію, — флейта. Ёй прафесійна валодае педагог каледжа Кацярына Макарская. Афарбоўку дабаўляе сінтэзатар, а таксама ўдарныя, эпізадычна ўключаем партыю раяля. Каб творы набылі неабходнае гучанне, запрашаем ілюстратараў — музыкантаў, якія валодаюць рознымі інструментамі. Падобны прыём прыўносіць асаблівы каларыт. Сярод такіх выканаўцаў і нашы выпускнікі — цяпер студэнты ВНУ. Гэта вельмі кранальна: не забываюцца на родны каледж, які для іх шмат значыць.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Аліны СЦЕФАНЕНКА