“Лістапад” падвёў вынікі

Апублiкавана: 26 лiстапада 2024 Стужка Кіно Мінск Рэха фестывалю

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” завяршыўся ў сталіцы 8 лістапада. Рэкордная колькасць заявак на ўдзел, насычаная пазаконкурсная праграма, важныя дасягненні айчыннай дыпламатыі… Юбілейны форум адзначыўся выдатнымі вынікамі.

Больш за 650 кінапаказаў і 30 тысяч гледачоў, 24 мерапрыемствы культурнаасветніцкай і дзелавой накіраванасці — напружаны лістападаўскі кінатыдзень праляцеў імкліва. 

Як адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, сёлета цікавасць да кінафоруму ў аўдыторыі была надзвычай высокай. 

— Мы заўважылі поўныя залы гледачоў, якія з задавальненнем прыходзілі, куплялі білеты, а на асобныя сеансы квіткоў не заставалася наогул. Гэта гаворыць аб тым, што беларускі глядач з задавальненнем адгукаецца на ўсе самыя добрыя пасылы, якія ідуць ад краін — удзельніц нашага кінафестывалю, — падкрэсліў Анатолій Мечыслававіч. 

ІНТРЫГА ФІНАЛУ 

Урачыстая цырымонія закрыцця юбілейнага “Лістападу” праходзіла ў Палацы Рэспублікі. Пад фанфары Прэзідэнцкага аркестра на вялікую сцэну ўвечары выйшлі шматлікія кінадзеячы, працы якіх набылі самыя высокія адзнакі журы і арганізатараў. Так, прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно” атрымаў рэжысёрпастаноўшчык фільма “Там, дзе танчаць сцерхі” Міхаіл Лукачэўскі (Рэспубліка Саха). Узнагароду ўручыў намеснік прэм’ерміністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. 

— Наш фестываль, як бы ён ні развіваўся, якімі б новымі легендамі ні прырастаў, застаецца нязменным па духоўнасці, прыязнасці, шчырасці, працягвае трансліраваць гуманізм і “людскасць”. І фестываль наглядна праяўляе свае найлепшыя якасці. Менавіта таму кіраўніком нашай дзяржавы заснаваны прыз “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, — заўважыў падчас цырымоніі Ігар Петрышэнка. 

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і работы беларускіх рэжысёраў. Анімацыйны фільм “Песня Сірын” заваяваў прыз Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а Беларускі саюз кінематаграфістаў аб’явіў найлепшай стужку “За паству і Айчыну”. 

Што да конкурснай праграмы, менавіта беларускую карціну — “Краіна выратаванага волата” рэжысёра Ігара Бышнёва — прызналі найлепшым фільмам сярод неігравых. Спецыяльнымі дыпломамі журы адзначаны такія айчынныя работы, як “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят”, “Уверх нагамі”, “АЗС №1”, “Песня Сірын” і “Чорны замак”. Апошнюю, дарэчы, узнагародзіў спецыяльным прызам “Кіно без меж” Выканкам СНД за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне сяброўства паміж народамі. 

КУРС НА ЗБЛІЖЭННЕ 

Дзякуючы юбілейнаму “Лістападу” на новы ўзровень выйшла і дзелавое партнёрства ў сферы кінематографа. 

— Геаграфія краін — удзельніц фестывалю пашыраецца, запальваюцца новыя зоркі, з’яўляюцца сумесныя праекты, — акрэсліў сёлетнія тэндэнцыі намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. 

Так, падчас Дня нацыянальнага кіно Таджыкістана мемарандум аб супрацоўніцтве падпісалі сталічны “Кінавідэапракат” і “Таджыкфільм”. 

— Будзем часцей паказваць свае фільмы ў Беларусі, а беларускія — у Таджыкістане. Гэта стане пачаткам добрай традыцыі, — паведаміў дырэктар “Таджыкфільм” Махмадсаід Шахіён. 

Першыя крокі да сумеснай вытворчасці намецілі і падчас Дня якуцкага кіно. 

— Фестываль — дыялогавая пляцоўка для абмену думкамі, стварэння новых кантактаў для будучых праектаў. Разам мы зможам прыдумаць цікавы сцэнарый, — заўважыў кіраўнік нацыянальнай кінакампаніі “Сахафільм” Аляксей Ягораў. — Не выключана, што фільм будзе на ваенную тэму. Акрамя таго, нам цікавы пракат якуцкіх карцін у Беларусі, а беларускіх — у нас. 

Пагадненне аб супрацоўніцтве з арганізатарамі кінафестывалю ў паў днёвакарэйскім Пусане заключыла і нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” падчас Дня адчыненых дзвярэй. 

— Паўднёвая Карэя — краіна, дзе кінаіндустрыя развіта дастаткова высока. Таму імкнёмся ўвайсці на карэйскі рынак і прадэманстраваць наш творчы почырк, — расказаў гендырэктар “Беларусьфільм” Юрый Аляксей. — Прыкладзём максімум намаганняў, каб паўдзельнічаць у фестывалі ў Пусане. 

Айчынныя дакументальныя і мастацкія карціны, паводле слоў Юрыя Аляксея, прадставяць у наступным годзе і ў Балгарыі. На дзіцячых экранах з’явіцца першы беларуская анімацыйная 3Dстужка “Песня Сірын”, адбудуцца Дні беларускага кіно. 

— У нас добрыя сяброўскія адносіны з пасольствам Беларусі ў Сафіі, — паведаміў кіраўнік сектара “Кіно” Расійскага культурнаінфармацыйнага цэнтра ў Балгарыі Уладзімір Ястрэба. — Рэгулярна праводзім паказы беларускіх фільмаў. Нядаўна, напрыклад, прэзентавалі карціну, прысвечаную 80годдзю вызвалення Беларусі. 

ДЛЯ МАСАВАГА ГЛЕДАЧА 

Выдатнае дасягненне юбілейнага фестывалю, што па заслугах ацэняць сапраўдныя аматары, — пашырэнне айчыннага кінапракату. У прыярытэце — фільмы, якія атрымалі найбольшы водгук у аўдыторыі. 

— Самабытныя работы, прадстаўленыя на “Лістападзе”, — добры шанс бліжэй пазнаёміцца з культурай розных народаў, — адзначыў кітайскі акцёр і старшыня журы асноўнага конкурсу ігравога кіно Лэй Хань. 

Нацешыцца галоўнымі навінкамі індыйскай, іранскай, турэцкай, паў днёвакарэйскай і якуцкай кінавытворчасці беларускі глядач, па словах генеральнага дырэктара сталічнага “Кінавідэапракату” Уладзіміра Карачэўскага, зможа з надыходам 2025-га. 

Да новых сустрэч, “Лістапад”! 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА