У канцы кастрычніка Вялікі тэатр Беларусі перажыў дзве значныя падзеі. У рамках Дзён Мінска ў Санкт-Пецярбургу на сцэне Марыінскага тэатра было паказана “Дзікае паляванне караля Стаха”. А ў беларускай сталіцы гастраляваў Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны дзіцячы музычны тэатр імя Наталіі Сац. Дарэчы, мастацкі кіраўнік калектыву народны артыст Расіі Георгій Ісаакян неўзабаве будзе ставіць у нас “Арлеанскую дзеву” Чайкоўскага.
Гэта першае выступленне нашага тэатра на славутай сцэне. І яно аказалася папраўдзе феерычным. У зале прысутнічалі вядучыя расійскія музычнатэатральныя крытыкі Святлана Рухля, Наталля Кажэўнікава. Яны ў адзін голас ухвалілі і музыку Уладзіміра Солтана, і яе інтэрпрэтацыю дырыжорам Юрыем Караваевым, і ўласна пастаноўку, асабліва шматлікія цікавыя прыдумкі галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі Ганны Маторнай. У цэнтры ўвагі былі салісты: Алена Золава (Надзея Яноўская), Уладзімір Громаў (Андрэй Беларэцкі), Дзмітрый Шабеця (Дубатоўк), Станіслаў Трыфанаў (Алесь Варона), Андрэй Валенцій (Рыгор) і іншыя.
"Дзікае паляванне караля Стаха" на сцэне Марыінскага тэатра
— Мы многае бачылі, — сказаў пасля прагляду першы намеснік мастацкага кіраўніка — дырэктара Марыінскага тэатра Яўген Стадушны, — але спектакль, які прывезлі вы, нас проста ўразіў.
У тыя ж дні на сцэне Вялікага тэатра Беларусі гасцяваў Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны дзіцячы музычны тэатр імя Наталіі Сац, якому хутка споўніцца 60 гадоў. Калектыў прывёз дзве оперы. Кожная паказвалася двойчы ды ішла на рускай мове.
Спектакль “Валадар мух” дэманст раваўся пад фанаграмумінусоўку і прызначаўся найперш для падлеткаў, што бываюць абдзелены тэатральным рэпертуарам па ўзросце. У аснове гэтай роккласікоперы знанага расійскага кампазітара Яфрэма Падгайца, які днямі справіў 75годдзе, — аднай менны раман англійскага пісьменніка лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уільяма Голдынга. У спектаклі, уганараваным прэміяй Урада Расіі ў галіне культуры (2009), закранаюцца такія важныя для моладзі праблемы, як ступень чалавечай адказнасці, разу менне свабоды і яе меж, супрацьпастаўленне спагады і агрэсіі.
Сцэна са спектакля "Кармэн"
Асаблівасць “Кармэн” — выкарыстанне работ Пабла Пікаса. Яны прысутнічаюць і на заслонах, і ў якасці афішы бою быкоў, і як праекцыі каментарыя таго, што адбываецца на арэне ў час забойства гераіні.
— І навела Мерымэ, і напісаная паводле яе опера Бізэ — творы французскія, але пра Іспанію, — пракаментаваў такое сцэнаграфічнае рашэнне рэжысёр спектакля, мастацкі кіраўнік тэатра імя Сац, народны артыст Расіі Георгій Ісаакян. — Пікаса ж нарадзіўся ў Іспаніі, а большую частку жыцця правёў у Парыжы. І адлюстраванне карыды было адной з улюбёных тэм аўтара. На гэтыя франкаіспанскія паралелі мы і хацелі звярнуць увагу публікі, паказаўшы нібыта погляд Пікаса на оперу.
Дарэчы, Георгій Ісаакян узначальвае Асацыяцыю музычных тэатраў, у якую летась уступіў і наш Вялікі. Намаганнямі гэтага творчага аб’яднання былі арганізаваны ўжо восем фестываляў “Бачыць музыку”. У размове з журналістамі Георгій Георгіевіч выказаў спадзеў, што ў дзявятым паўдзельнічае і наш тэатр. “К” зацікавіла яшчэ адна тэма — сцэнічнае ўвасабленне Ісаакянам незавершанай опернай партытуры Скрабіна “Кейстут і Бірута” ў тэатры “Геліконопера” ў 1992м. Тыя героі маюць самае непасрэднае дачыненне да гісторыі Беларусі і з’яўляліся ў балеце “Вітаўт” Вячаслава Кузняцова, пастаўленым у нашым Вялікім тэатры і ўганараваным прэміяй Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”.
— Спектакль “Кейстут і Бірута” быў удалым эксперыментам, — распавёў Георгій Ісаакян. — Я нават не магу дакладна сказаць, каму першаму прыйшла ў галаву ідэя такой пастаноўкі: мне ці кіраўніку “Геліконоперы” Дзмітрыю Бертману. У пачатку дзейнасці калектыў актыўна шукаў, чым здзівіць распешчаную маскоўскую публіку, і спыніўся на рукапісах Скрабіна. Музычнага матэрыялу было мала, і мы вырашылі паказаць оперу двойчы за вечар — у пастановачных версіях, што закранаюць розныя эпохі, і з рознымі сэнсавымі акцэнтамі: у адным варыянце — на Кейстуце, у другім — на Біруце.
"Кармэн" Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Наталіі Сац
Падчас размовы падумалася: чаму б не зрабіць падобнае ў нашым тэатры? Да прыкладу, сумясціць у адным вечары оперную гісторыю Кейстута і Біруты з фрагментам балетнай — іх сына? Ці далучыць яшчэ “Спевы даўнейшых ліцвінаў” усё таго ж Кузняцова (адна з частак харавога цыкла прысвечана гэтым героям). Дарэчы, згаданая нізка аздоблена ўдарнымі. Яна так і просіць далейшай тэатралізацыі — са сцэнічнымі строямі, з рэжысурай, відэа.
Не менш цікавай уяўляецца ідэя паказваць оперныя аднаактоўкі двойчы за вечар. Яна выдатна пады шла б раннім опусам Станіслава Манюшкі, “Тарасу на Парнасе” Мікалая Аладава, школьнай оперы ХVIII стагоддзя “Апалонзаканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас” Рафаэля Вардоцкага (апроч арыгінала ёсць музычная рэдакцыя Дзмітрыя Смольскага) і іншым не надта вядомым творам.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Глеба МЯРЗЛІКІНА і з архіваў тэатра