Сустрэча з традыцыямі

Апублiкавана: 25 лiстапада 2024 Стужка Народная творчасць Мінск Тэма

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з 10 па 16 лістапада праводзіў творчую стажыроўку кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа. Гэта трэцяе падобнае мерапрыемства сёлета. 

Як распавяла кіраўніца Цэнтра Вольга Якабсон, творчыя стажыроўкі ладзяцца з 2016 года і вельмі запатрабаваныя прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Усяго на іх пабывала больш за 600 нашых суайчыннікаў з розных краін. Падобныя мерапрыемствы арганізуюцца і для ўдзельнікаў Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Толькі летась іх наведала 250 чалавек. 

Сёлета было прынята рашэнне праводзіць стажыроўкі, аддаючы большую частку праграмы аднаму канкрэтнаму творчаму напрамку. Так, цяперашняя праграма прадугледжвае паглыбленае вывучэнне харэаграфічнага мастацтва. 

— Раней мы на кожнай стажыроўцы і спявалі, і танцавалі, і паказвалі традыцыйныя беларускія рамёствы, знакавыя месцы нашай краіны, таксама займаліся беларускай мовай, — адзначае Вольга Вітальеўна. — А цяпер матэрыял вывучаецца кропкава. У сакавіку мы прымалі ў сябе майстроў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва. Упор быў зроблены на вывучэнне традыцыйных беларускіх рамёстваў. У верасні працавалі з вакалістамі. Адбылося шмат цікавых і карысных сустрэч з рознымі беларускімі калектывамі, прадстаўнікамі ўстаноў культуры. 

Праграма, якую праводзім у лістападзе, насычана майстар-класамі харэаграфічных калектываў Беларусі па народна сцэнічнай харэаграфіі, дзіцячай народнай харэаграфіі, народных танцах, традыцыйна-побытавых танцах, беларускіх танцах Сярэднявечча. 

Такія мерапрыемствы заўсёды вельмі карысныя. Пасля іх удзельнікі ў месцах свайго пастаяннага пражывання праводзяць уласныя семінары і майстар-класы. Атрыманыя веды эфектыўна выкарыстоўваюць пры фарміраванні рэпертуару творчых калектываў дыяспары. Стажыроўкі даюць ім новыя ідэі для папулярызацыі беларускай культуры за мяжой. 

На гэту стажыроўку сабралася 30 чалавек з Італіі, Казахстана, Латвіі, Расіі і Эстоніі. Сярод іх — кіраўнікі, харэографы, балетмайстры, удзельнікі харэаграфічных калектываў. 

Майстар-класы і практычныя заняткі па харэаграфіі і народным танцы для ўдзельнікаў творчай стажыроўкі прайшлі ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а таксама ў шэрагу ўстаноў Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. 

Сёння, 15 лістапада, беларусы замежжа наведваюць Салігорскі і Любанскі раёны Мінскай вобласці, дзе знаёмяцца з мясцовай харэаграфічнай традыцыйнай культурай, разнастайнымі відамі народнай творчасці, абрадамі, нацыянальнай кухняй, гісторыяй і ўнікальнымі славутасцямі. 

Віктар ГАЎРЫШ