Персанальная выстава Глеба Отчыка “Космас беларуса” працуе ў Сенатарскай зале Новага замка ў Гродне. Сэнсавая і выяўленчая дамінанта экспазіцыі — свежая серыя работ “Беларускі космас”.
Гэта яшчэ адзін знакавы праект у творчасці мастака, арыгінальны і актуальны. Аўтар своеасабліва працягвае касмічную тэму славутых папярэднікаў, чые думкі ўзносіліся над зямлёю. Марк Шагал лунаў у вышыні разам з бязважкімі закаханымі. Фантастычныя краявіды Марса, Месяца, Сатурна імкнуўся ўзнавіць на палотнах летуценнік Язэп Драздовіч. Фердынанд Рушчыц заніжаў у творах лінію гарызонту, каб паказаць усю магутнасць і прыгажосць неабдымных абшараў.
Космас — узор упарадкаванасці нябесных цел, міжзорнага рэчыва, промняў, цёмнай матэрыі. Усе гэтыя складнікі бясконцай загадкавай прасторы Глеб Отчык прадставіў у выразных вобразах, надаўшы кожнай выяве асобную экспрэсіўную афарбоўку.
Глядач стойвае дыханне перад жывапіснай інтэрпрэтацыяй, прыслухоўваецца да ўласнага ўспрымання кожнай кампазіцыі. Думаецца, што сонечнае абуджэнне Зямлі адбываецца менавіта над нашай краінай, а вогненнае свячэнне за цёмным дыскам Месяца кожны нібыта бачыў іменна над сваім домам. Згадваецца і аповед пра тое, як з вежы Фарнага касцёла сонечнае зацьменне назіраў у тэлескоп знакаміты еўрапейскі астраном — наш зямляк Марцін Пачобут-Адляніцкі.
Навукоўцы даследуюць зорнае неба пераважна ноччу. Можа, таму фоны ўсіх работ з цэнтральнай серыі цёмныя, аксамітна-глыбокія, з чарнатой, чырванню, сінявой? Гэта надае кампазіцыям загадкавую прыцягальнасць. А тонкае незямное святло ў творах выклікае лагічныя візуальныя асацыяцыі з хвалевымі выпраменьваннямі сонечнай энергіі.
Касмічныя з’явы блізкія і зразумелыя ўсім людзям, таму што наша існаванне непарыўна аб’яднана з нябеснымі працэсамі ў неабсяжнай бездані Сусвету. Ствараецца адчуванне, што кожны вобраз нясе свой падтэкст, які хутчэй чытаецца падсвядома і апелюе да нашай гістарычнай памяці, філасофскага асэнсавання існавання чалавека і прыроды. Пад вялізным бязмежным небам стагоддзямі плыве жыццё. Старадаўнія гарады руйнуюцца, узводзяцца новыя, пакаленні змяняюцца, нараджаюцца новыя людзі. І наша краіна, Беларусь, спрадвеку існуе на гэтым месцы планеты.
Шэраг работ Глеб Отчык прысвяціў жыццю зямному, імкнучыся падкрэсліць яго непарыўную повязь са сферамі нябеснымі. У першую чаргу гэтае гарманічнае спалучэнне адбываецца праз сакральныя вобразы, сутнасць якіх узыходзіць да першых хрысціянскіх знакавых кодаў. Напрыклад, палатно “Любоў. Час. Троіца” ўтрымлівае тры аднолькавыя малюнкі рыбы. Узмацняючы вобразны шэраг, аўтар уводзіць дадатковыя знакавыя дэталі: сэрца, пясочны гадзіннік, трыкутнік. У іншых творах тактоўна выкарыстоўваюцца матывы-архетыпы са старадаўніх абразоў. І ўжо зусім зямное апірышча — святланосны замак на фоне сіняга-сіняга неба. Наша планета яднаецца з высокім космасам і праз магутныя дрэвы, якія прачытваюцца як традыцыйныя сусветныя “дрэвы жыцця”.
Марына ЗАГІДУЛІНА