Творчасць з агеньчыкам

Народны жаночы вакальны ансамбль “Задорніцы” адзначыў 75-годдзе. Артысткі аддаюць перавагу беларускім фальклорным творам, у тым ліку ў апрацоўцы вядомых і мясцовых кампазітараў. Часам выканаўцы самі робяць аранжыроўкі, і песні пачынаюць гучаць асабліва цёпла, па-дамашняму.

МУЗЫЧНЫ ШЛЯХ 

Калектыў працуе пры раённым Цэнтры культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клімавіцкага раёна. 

— У 1949 годзе пры раённым Доме культуры быў створаны хор народнай песні, якім кіраваў заслужаны дзеяч культуры БССР Леанід Ячнеў, — расказвае загадчык аддзела традыцыйнай культуры РЦК Таццяна Фрузорава. — У 1973-м хору прысвоілі званне народнага. Штогод калектыў рыхтаваў новыя праграмы, удзельнічаў у аглядах-конкурсах, а таксама ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў горадзе і раёне. 

Дзякуючы поспехам артысткі ў 1974-м былі запрошаны на ВДНГ у Маскву на аглядконкурс, дзе атрымалі дыплом II ступені. Яшчэ яны ездзілі на І Усесаюзны фестываль самадзейнай творчасці працоўных калектываў і заваявалі дыплом І ступені. Хор браў узнагароды на многіх аглядах-конкурсах, у тым ліку на міжнародных, удзельнічаў у Днях культуры Магілёўскай вобласці ў Польшчы і Малдове. З поспехам прайшлі канцэрты ў расійскіх гарадах Уладзіміры і Суздалі. 

З 2004 года калектыў узначальвала настаўнік Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Смірнова, якая паказала сябе як творчы, актыўны, здольны кіраўнік. Пасля яе з’яўлення склад выканаўцаў абнавіўся, была падрыхтавана свежая праграма, з якой спявачкі пачалі выступаць не толькі ў Клімавічах, але і па-за межамі краю. У 2012-м Таццяну Смірнову змяніла Наталля Тарноўская. 

— Ніводнае мерапрыемства ў горадзе ці раёне не абыходзіцца без гэтага хору — ні прафесійнае свята, ні народны абрад, ні ўрачыстая цырымонія ці канцэртная праграма, прысвечаная знамянальнай даце, — заўважае Таццяна Фрузорава. — Сваімі выступленнямі таленавітыя жанчыны дораць публіцы шмат цёплых момантаў. 

У 2019-м склад калектыву змяніўся, а ён атрымаў новую назву — народны жаночы вакальны ансамбль “Задорніцы”. Але самадзейныя артысткі працягнулі ярка крочыць па музычным шляху. Толькі за тры апошнія гады спявачкі паспяхова паўдзельнічалі ў расійска-беларускім фестывалі народнай творчасці “Дзве Русі — дзве сястры”, у Міжнародным фестывалі самадзейнай мастацкай творчасці “Парубежжа” ў Смаленскай вобласці, ва Усерасійскім фестывалі-конкурсе мультыжанравага мастацтва “Сімфонія талентаў” і ў Міжнародным конкурсе мастацтва і творчасці “Я зорка!” у Санкт-Пецярбургу. Перамогі здабывалі і на Радзіме: на міжрэгіянальным фестывалі-конкурсе народнай творчасці “Крычаўскі канёк”, рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” ды на многіх іншых пляцоўках. 

ВАЖКІ ЎНЁСАК 

Рэпертуар “Задорніц” складаецца з беларускіх, рускіх, савецкіх песень. Здараецца, што выканаўцы пішуць тэксты, адаптуючы арыгіналы пад пэўнае мерапрыемства ці аўдыторыю. Цяпер у калектыве з нецяр- пеннем чакаюць новага кіраўніка: Наталлю Тарноўскую праводзілі замуж у іншую вобласць. — Цудоўны чалавек і кіраўнік. Пры ёй мы шмат новага напаткалі, перамог у скарбонцы “Задорніц” дадалося, — кажа Галіна Шапавалава. — На сёння працуем самастойна, усё лета былі годныя выступленні — імкнёмся падтрымліваць высокую планку творчасці, уносячы ўклад у культуру роднага Клімавіцкага краю. 

Стараста “Задорніц” Галіна Шапавалава выступае на сцэне ўжо 45 гадоў.

— У канцы 1970-х я працавала загад- чыцай Клімавіцкай друкарні, — дзеліцца ўспамінамі Галіна Фамінічна. — На адным з аглядаў-конкурсаў мастацкай самадзейнасці мясцовых калектываў прадстаўляла сваю арганізацыю — спявала. Тады мяне і заўважыў кіраўнік народнага хору Леанід Ячнеў, запрасіў да іх. Пагадзілася — хоць на той момант, прызнацца, не ўяўляла, што такое альт ці сапрана. Але з песняй я знаёмая з дзяцінства. Сям’я ў нас была музычная. Бацька граў на гармоніку, мама вельмі прыгожа спявала. Ды і мы, усе восем дзяцей, з творчасцю сябравалі: хлопчыкі гралі на розных інструментах, а дзяўчынкі пелі.

 

У хору было шмат выступленняў у СССР і за мяжой. Усюды нас сустракалі цёпла: мы працавалі на сцэне ад душы, а глядач гэта адчуваў. Добрыя традыцыі працягнуліся і ў рэарганізаваным калектыве, у “Задорніцах”. Цяпер у ім 13 удзе- льніц. І хоць малодшай 64 гады, а самай старэйшай — 88, назва ансамбля цалкам адпавядае выступленням: усе выканаўцы з агеньчыкам! На месцы ніколі не стаім — мы і станцаваць здольныя. Падчас канцэртаў публіка падтрымлівае нас не толькі апладысментамі: і падпявае, і тан- чыць. Усюды мы быццам свае.

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва калектыву