Маладзёжны рулюе

Апублiкавана: 21 лiстапада 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр выпусціў новы спектакль “Ідыёты”, перамог на фестывалі ў Пермі, рыхтуецца да навагодняй прэм’еры “Спячай прыгажуні”, а ў лістападзе пачынае канцэртны праект і прымае знаных расійскіх гастралёраў.

ШВЕЦЫЯ НА БЕЛАРУСКІ МАНЕР 

“Ідыёты” сталі першай рэжысёрскай спробай аднаго з вядучых артыстаў тэатра Анатоля Лагуценкава. Ён звярнуўся да шыкоўнага літаратурнага матэрыялу — рамана “Трывожныя людзі” сучаснага шведскага пісьменніка Фрэдрыка Бакмана, назваўшы сцэнічную версію лірычным дэтэктывам. Але насамрэч гісторыя падобная да каляднай казкі з сапраўднымі цудамі. Невыпадкова ж дзеянне адбываецца напярэдадні навагодніх свят! 

Няўдалая спроба злачынства з удалым фіналам — хіба яркая шырма, за якой хаваюцца тонкія псіхалагічныя дэталі ў паводзінах кожнага з герояў. Над дзеяй пануе думка, што ўсе мы злучаны між сабой. Што самыя складаныя праблемы можна вырашыць бяскроўна. Што нельга баяцца прасіць дапамогі. Што трэба размаўляць адзін з адным і дамаўляцца. Што перагаворы лепшыя за пісталет, хай і цацачны. 

Мастачкі Таццяна Мацэвіч і Кацярына Герасіменка ствараюць вельмі простую сцэнаграфію і такія ж касцюмы — рэалізм. Толькі карціны на сценах — авангардна сімвалічныя. Увага гледачоў засяроджваецца не на знешнім антуражы, а на артыстах і іх героях, на паглыбленні ва ўнутраны стан персанажаў, у няпростыя жыццёвыя сітуацыі. Малая зала дадае споведзям шчырасці. Праходы акцёраў побач з публікай ператвараюць прысутных у непасрэдных удзельнікаў падзей, вымушаюць разважаць і прымаць рашэнні разам з героямі. 

Менавіта гэта было для пастаноўшчыка самым істотным. Таму з інсцэніроўкі цалкам знік голас “ад аўтара”, кідкія, трапныя, часта парадаксальныя выразы, якімі пярэсціць кніга. Шкада. Літаратурнафіласофскія знаходкі не толькі ўпрыгожылі б спектакль, але і надалі б яму неабходнага тэмпарытму, а часам і добрай іроніі. Затое ў публікі ёсць магчымасць пасля паказу паглыбіцца ў раман і бліжэй пазнаёміцца з цікавым замежным пісьменнікам. 

ВОСЕНЬСКІ ЎРАДЖАЙ 

Наш Маладзёжны тэатр на пачатку кастрычніка адкрылі для сябе жыхары Пермі. Калектыў паўдзельнічаў у І Міжнародным фестывалі “Пермская фантасмагорыя” са спектаклем “Казіны востраў” і атрымаў дыплом за найлепшы акцёрскі ансамбль. У сваю чаргу мясцовы тэатр “Ля моста”, які выступіў ініцыятарам і арганізатарам таго творчага форуму, зноў прыедзе ў Беларусь з гастролямі і менавіта на сцэне Маладзёжнага пакажа ў лістападзе дзве пастаноўкі грузінскай тэматыкі — “Мачаху Саманішвілі” і “Хануму”. 

Супрацоўніцтва з пермякамі гэтым не абмяжоўваецца. На закрыцці юбілейнага ХХХV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі IFMC у Віцебску артысты Маладзёжнага прадставяць спектакль “Прыгажосць” (пастаноўка харэографа Кірыла Балтрукова) — разам з калегамі са знакамітага балета Яўгена Панфілава. 

Увогуле, лістапад прыўнясе ў афішу шмат цікавага і новага. Маладзёжны тэатр адкрывае арт прастору — канцэртную залу на 130 чалавек, што змесціцца ў якасці эксперымента ў фае. Магчыма, у далейшым камерных імпрэз стане больш. Але цяперашняя — “Восеньскі карнавал. Арфа. Вакал. Фартэпіяна” — папраўдзе выбітная. Сольную арфу пачуеш не так часта. А тут яшчэ — знаны маскоўскі выканаўца Кацярына Сяргеева, якая прыязджае ў Беларусь на некалькі канцэртаў. У Гродне Кацярына выступіць з сімфанічным аркестрам мясцовай капэлы ў рамках цыкла “У коле вялікіх імёнаў”, у Брэсце — на фестывалі мастацтваў “Музычная восень — 2024”, а ў Мінску — у Маладзёжным тэатры, які тым самым пачынае супрацоўніцтва з Брэсцкай абласной філармоніяй. Салістка апошняй — лаўрэат міжнародных конкурсаў Людміла Карпук — таксама ўдзельнічае ва ўсіх трох канцэртах. Але іх праграма вар’іруецца: у ролі аркестра (і яшчэ аднаго саліста таксама) у Маладзёжным тэатры выступіць выдатны сталічны піяніст Аляксандр Палякоў, адзін з заснавальнікаў Дня піяніста — свята, што ладзіцца цяпер у многіх краінах 8 лістапада. 

Гастрольную афішу Маладзёжнага працягне прыезд зорнага расійскага калектыву — Дзяржаўнага драматычнага тэатра на Васільеўскім з Санкт Пецярбурга. Трупа ўжо прывозіла да нас свае працы, прычым нядаўна. Летась гэта былі “Доўгі калядны абед” у спартыўнакультурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і “Гора ад розуму” ў Музычным тэатры. Сёлета калектыў завітаў на “Славянскі базар у Віцебску”, прэзентаваўшы “Дзядзю Ваню”. Паўсюды — аншлагі. А ў Маладзёжным тэатры пецярбуржцы пакажуць “Зямлю Эльзы” па п’есе расійскага драматурга Яра славы Пуліновіч. Дарэчы, яе творы інсцэніраваліся і ў нас — з нязменным поспехам. У іх закранаецца вострая маральная праблематыка — найперш вакол вечнай тэмы кахання. 

Маладзёжны пачаў рыхтавацца і да навагодніх свят, напярэдадні якіх выйдзе чарадзейная казка “Спячая прыгажуня”. Ставяць яе дзве Таццяны — рэжысёр Аксёнкіна і ўжо згаданая мастачка Мацэвіч. А дарослых пазней чакае “Прыпынак” па аднай меннай п’есе Германа Грэкава — сумесны беларуска-расійскі праект. Гэта вынік працы летняй творчай лабараторыі: замежныя рэжысёры рабілі з артыстамі Маладзёжнага эскізы спектакляў, а мастацкі савет тэатра абіраў, які з іх павінен пабачыць свет у выглядзе паўнавартаснай прэм’еры. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА