Дата заснавання скарбніцы — 24 студзеня 1939 года. А 5 лістапада 1957 года адбылося ўрачыстае адкрыццё гістарычнага будынка музея па вуліцы Леніна, 20. У гонар свята на тыдні тут прайшла ўрачыстая цырымонія. Сярод гасцей — прадстаўнікі дзяржорганаў, Беларускай праваслаўнай царквы, работнікі і ветэраны музея, калегі з розных арганізацый культуры, славутыя мастакі, іншыя ганаровыя асобы.
З віншаваннем да супрацоўнікаў музея звярнуўся першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.
— Створаная ў 1939-м Дзяржаўная карцінная галерэя перажыла Вялікую Айчынную вайну, страціўшы значную частку калекцыі. У няпросты пасляваенны час дзяржава надавала вялікую ўвагу ўстанове. Быў узведзены новы будынак. І сёння ўвага кіраўніцтва краіны да музея не слабее. Па рашэнні Прэзідэнта рэалізуецца маштабны праект па стварэнні музейнага квартала. Але музей — гэта не толькі сцены і карціны, але яшчэ і людзі.
Ад імя ведамства Валерый Грамада выказаў падзяку камандзе мастацкай скарбніцы за адданасць прафесіі і ўручыў узнагароды Міністэрства культуры.
Юбіляраў ушаноўвала і старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. Уручаючы ўзнагароды, яна падкрэсліла: сёння Нацыянальны мастацкі музей — вядучая ўстанова культуры нашай краіны.
Захопленыя водгукі аб рабоце калектыву НММ і яго дасягненнях выказала генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава.
Акадэмік НАН Беларусі, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка падзякаваў калектыву-юбіляру за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і адзначыў: у свой час работнікі Музея старажытнабеларускай культуры шмат чаму навучыліся ў сваіх калег, што было важна для далейшага развіцця ўстановы.
Цёплымі ўспамінамі падзяліўся і народны мастак Беларусі, скульптар Іван Міско.
У гонар юбілейнай даты вядомыя майстры пэндзля падарылі музею свае творы. Таксама карціну ў дар перадаў Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава. Пасля ўрачыстай цырымоніі гасцей Нацыянальнага мастацкага музея запрасілі азнаёміцца з юбілейнай выставай “Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай Карціннай галерэі. 1939–1957”.
Урачыстасці, прымеркаваныя да 85-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, працягнуліся ў Белдзяржфілармоніі. Шматлікія госці пазнаёміліся з экспазіцыяй афіш выстаў розных гадоў.
Павіншаваць юбіляраў прыйшлі дзеячы мастацтва і культуры, калегі па творчым цэху, рупліўцы прыгожага. Генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Мікіта падзякаваў калектыву Нацыянальнага мастацкага музея за тую веліч, якую ім разам з папярэднікамі ўдалося стварыць. Падкрэсліў, што гэта праца сапраўдных прафесіяналаў і яе плёнам краіна ганарыцца па праве.
Вялікай павагай да калектыву і шчырай падзякай кожнаму работніку, ветэранам працы і папярэднікам за іх уклад у агульную справу было прасякнута выступленне генеральнага дырэктара Ганны Конанавай. Бо аснова асноў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — гэта людзі, дзякуючы намаганням якіх арганізуюцца новыя экспазіцыі і выставы, вядуцца асветніцкія праекты, выдаюцца кнігі і каталогі, папаўняюцца, захоўваюцца, даследуюцца, рэстаўруюцца і прапагандуюцца творы мастацтва.
— Вы ўсе — стваральнікі сённяшняй велічы Нацыянальнага мастацкага музея, творцы яго гісторыі, — падкрэсліла Ганна Уладзіміраўна.
Душэўна прайшла цырымонія ўзнагароджання супрацоўнікаў музея. Сярод тых, хто паднімаўся на сцэну, былі загадчык гаспадарчага аддзела і маркетолаг, кантралёр білетаў і вадзіцель, загадчык фоталабараторыі, музейныя наглядчыкі, энергетык... У Мастацкім музеі кожны работнік — каштоўны!
Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” прадставіла гледачам фільм аб шляху, які прайшоў за 85 гадоў Нацыянальны мастацкі музей. Кінастужка стала сапраўдным падарункам для руплівага калектыву.
Разнастайнасцю яркіх нумароў уразіў святочны канцэрт. У праграме ўдзельнічалі як майстры сцэны, так і юныя артысты. Сваёй творчасцю гасцей пацешылі Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і яго дзіцячая студыя, ансамбль цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, балет школы Марыны Вежнавец, калектыў “AMADIS. Brass”, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады Гюнэш, іншыя выканаўцы.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА