У Ашмянскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Карагод лялек”, прымеркаваная да Дня беларускай лялькі. Экспанаты былі падрыхтаваны майстрамі цэнтра Марыяй Заянчкоўскай і Вольгай Кавалеўскай. Гульнявыя, абрадавыя, а таксама лялькі-абярэгі здзіўлялі і ўражвалі гасцей. Традыцыйная беларуская лялька звычайна выяўлялася без аблічча. Большасць экспанатаў таксама не мае рысаў твару.
Марыя Заянчкоўская і Вольга Кавалеўская расказалі пра этапы стварэння экспанатаў. Жанчыны адзначылі, што перад пачаткам працы неабходна пазнаёміцца з адпаведнай літаратурай, вывучыць строй таго або іншага рэгіёна, а толькі потым брацца за працу. Аўтары вырабаў падкрэслілі, што нашы продкі з вялікай пашанай ставіліся да лялек: іх ніколі не пакідалі на вуліцы і не раскідвалі па хаце, а захоўвалі ў кошыках або спецыяльных куфэрках. Многія факты госці выставы пачулі ўпершыню, таму задавалі ўдакладняльныя пытанні. Выстава “Карагод лялек” будзе дзейнічаць да 25 лістапада. У гэты час кожны жадаючы можа пазнаёміцца з багатай экспазіцыяй і далучыцца да традыцыйнай беларускай культуры.
Марта БАГДАНОВІЧ
Фота аўтара