Дыялог на роўных

Апублiкавана: 18 лiстапада 2024 Стужка Музыка Мінск Разам з мастацтвам

Аўтар: РУДАК Антон

Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры сумесна з БРСМ 4 лістапада даў пачатак новаму этапу агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” пад назвай “Беларусь – краіна магчымасцей”.

Гэта ўжо трэці этап праекта, які распачаўся летась і аднавіўся ў сакавіку на сцэне спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Як адзначыў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў, падчас першага і другога этапаў акцыі яе арганізатары нацэльваліся на вучняў і студэнтаў. Новы тур прадугледжвае зварот да больш дарослай аўдыторыі. Але падыходы не змяняюцца: галоўным складнікам акцыі застануцца дыялогавыя пляцоўкі, удзельнікі якіх здолеюць паразважаць аб тым, што дае сёння Беларусь маладому чалавеку, які толькі скончыў вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную ўстанову або ўжо ўступіў у самастойнае жыццё. Творчыя людзі раскажуць, як яны прыйшлі да поспеху і папулярнасці. 

Як падкрэсліў Сяргей Мядзведзеў, у нашай краіне рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку таленавітай моладзі пры ўдзеле ў творчых конкурсах, фестывалях, святах, а таксама прадугледжана заахвочванне маладых людзей за значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва. Усё гэта спрыяе раскрыццю патэнцыялу адораных юнакоў і дзяўчат ды рэалізацыі іх ідэй. Будучых творцаў неабходна адукоўваць і натхняць, паказваць, што для іх існуе разнастайная падтрымка ад дзяржавы, якая дае магчымасць развівацца ў любым напрамку. Рэакцыя мо- ладзі падчас кожнага мерапрыемства паказвае: акцыя знаходзіць водгук у іх думках і сэрцах. 

Сустрэчы праходзяць у фармаце адкрытага дыялогу, удзельнікі падзеляцца сваімі меркаваннямі аб магчымасцях, якія нададзеныя дзяржавай беларусам, раскажуць аб асабістым досведзе творчага росту і развіцця. 

Правядзенне агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” пад дэвізам “Беларусь — краіна магчымасцей” таксама накіраванае на патрыятычнае выхаванне насельніцтва, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, павагі да гісторыі, культуры і традыцый нашага народа, захаванне і ўмацаванне адзінства грамадзянскай супольнасці, заахвочванне стваральных ініцыятыў. 

ШЧЫРАСЦЬ 

Падчас старту новага этапу акцыі “Разам з мастацтвам” — “Беларусь — краіна магчымасцей”, які быў дадзены 4 лістапада ў Маладзёжным тэатры эстрады, да ўдзельнікаў звярнуўся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. Ён адзначыў, што культура — адзін з галоўных складнікаў, якія праслаўляюць нашу краіну за мяжой. І важна дапамагаць не толькі вядомым беларусам, але і падтрымліваць моладзь з рэгіёнаў. Такія акцыі, як “Беларусь — краіна магчымасцей” і “Марафон адзінства”, паказваюць, што ў абласцях і раёнах ёсць мноства талентаў. Стаіць задача дапамагчы ім прабіцца, дасягнуць поспеху. 

Як падкрэсліў Вадзім Гігін, важныя рысы беларусаў — адкрытасць і шчырасць, і менавіта яны патрэбныя артысту. Мы можам абмяркоўваць самыя розныя пытанні — творчыя, вытворчыя, палітычныя, эканамічныя… І калі будзем гаварыць шчыра і гэтак жа паводзіць сябе на сцэне, то людзі будуць нам верыць. Не можа быць добрым артыст, калі ён выходзіць на публіку і не верыць у тое, што робіць. 

АДКРЫТАСЦЬ 

Госцем дыялогавай пляцоўкі таксама стаў народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік ансамбля “Верасы”, піяніст, кампазітар, аранжыроўшчык і педагог Васіль Раінчык. Ён распавёў, якой працай давалася творчасць у часы яго станаўлення і якую ролю ў гэтым адыгрывала падтрымка з боку дзяржавы. З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася і другі сакратар Маскоўскага раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ксенія Балаболава. Падчас старту акцыі новым членам былі ўручаныя білеты саюза. 

Перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі артысты тэатра: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанэт, ансамбль “Верасы” ды гурт “Зямля і Неба”. У фае былі прадстаўленыя экспанаты, перададзеныя ў розных рэгіёнах удзельнікам папярэдняга этапу акцыі, які быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут можна было пабачыць пано, копіі франтавых лістоў, дыярамы, франтавыя альбомы, кнігі і тэматычныя карціны. 

ЗНОЎ У ДАРОГУ 

Падчас новага этапу акцыі дзеячы культуры і мастацтва наведаюць 10 дыялогавых пляцовак у Мінску, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У рэгіёнах будуць зладжаны тэматычныя выставы малюнкаў, фота, пано, інсталяцый аб знакавых мясцінах і славутых ураджэнцах. Асноўная мэта такіх экспазіцый — выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару за краіну, знаёмства з гісторыяй і дасягненнямі роднага краю. 

Для правядзення акцыі пад дэвізам “Беларусь — краіна магчымасцей” таксама распрацаваны брэндбук, які складаецца з лагатыпа, улётак, афіш і відэароліка. Спампаваць брэндбук з сімволікай акцыі можна на афіцыйным сайце Маладзёжнага тэатра эстрады estrada.by, клікнуўшы на тэматычны банер. Наступная сустрэча адбудзецца 13 лістапада ў Магілёўскай вобласці. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА