Курган Славы — адзін з самых вядомых сімвалаў нашай краіны. Менавіта ён часцей за ўсё асацыіруецца са спрадвечным імкненнем беларускага народа да свабоды і мірнага жыцця, з баявым подзвігам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму неаднойчы ў галоўныя дзяржаўныя святы — Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці — Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыязджаў сюды.
Сёння Курган Славы выглядае так жа велічна, як падчас адкрыцця 55 гадоў таму. І ў гэтым немалая заслуга лідара.
Ужо ў пачатку 2000-х было зразумела, што мемарыяльны комплекс мае патрэбу ў сур’ёзнай рэканструкцыі.
— Развал Саюза спарадзіў і разруху ў галовах, — гаварыў Кіраўнік дзяржавы ў 2004-м. — Разруху, якая мудрагеліста падбухторваецца звонку і апантана разаграваецца нацыяналістамі знутры рэспублікі. Нахрапістыя нацыяналісты папіхалі і ўрадам, і парламентам краіны. Усё савецкае, вялікая Перамога і Пераможцы, адхілялася як чужое. Тут, у Беларусі, у рэспубліцы-партызанцы, нацыяналісты спрабавалі прадставіць партызан бандытамі, а нямецкіх памагатых — барацьбітамі за нацыянальную ідэю. У гэтых абставінах помнікі Вялікай Айчыннай, і Курган Славы ў тым ліку, прыходзілі ў запусценне.
Напярэдадні 50-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Аляксандр Лукашэнка ўпершыню даручыў зрабіць рамонт на знакавым аб’екце. А калі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапанавала ўзяць шэфства над манументам, Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю.
Тады арганізавалі маштабную рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу, якая фактычна стала агульнанароднай справай. Грошы на першы этап работ былі выдзелены з рэзервовага фонду Прэзідэнта. За гэтыя сродкі добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю, адрамантавалі адміністрацыйныя будынкі, інжынерныя сеткі, устанавілі новую арашальную сістэму. На другім этапе адрэстаўравалі верхняе дэкаратыўнае кольца, прывялі да ладу прыступкі, стварылі музей ваеннай тэхнікі. Увесну 2004-га на тэрыторыі комплексу быў закладзены парк імя 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Наступная вялікая рэканструкцыя Кургана Славы прыпала на 2015-ы. У гэты год аднавілі страчаныя фрагменты манументальнай мазаікі, замянілі травяное пакрыццё ўзгорка, усталявалі сучасную дэкаратыўную падсветку.
— Мы прыходзім сюды ў Дзень Перамогі і Дзень нашай Незалежнасці, — вызначыў ролю помніка ў найноўшай гісторыі краіны Аляксандр Лукашэнка. — Сёння Курган Славы стаў новым пунктам маршруту Патрыётаў, сапраўдных Патрыётаў нашай Беларусі.
З 2023 года ў мемарыяльным комплексе чарговая рэканструкцыя. Будаўніча-мантажныя работы праведзены на цэнтральнай лесвіцы і месцы ўскладання кветак, абноўлены фантан, рэзервуары для захоўвання вады, сістэма аўтаматычнага паліву, інжынерныя сеткі, паркоўка, будынак адміністрацыі, вонкавае асвятленне. У парку ўстаноўлены мультымедыйныя экраны, папоўнена экспазіцыя ваеннай тэхнікі.
Нагадаем, што Курган Славы быў закладзены 30 верасня 1966 года прадстаўнікамі гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, Брэсцкай крэпасці-героя, воінскіх часцей, працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. Манументальную кампазіцыю стварылі ў гонар пераможнага завяршэння аперацыі “Баграціён”, якая прывяла да разгрому нямецка-фашысцкіх армій групы “Цэнтр”.
Помніку нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мемарыяльны комплекс “Курган Славы” — філіял установы “Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь»”.