Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Марафон адзінства” крочыць па краіне. Наступны прыпынак — Магілёўшчына.
Маштабны праект разгортваецца ў Беларусі з 17 верасня. Маршрут пралягае праз усе рэгіёны: на карце пазначана амаль паўтара дзясятка гарадоў. У кожным з іх ладзяць насычаную двухдзённую праграму. У спісе мерапрыемстваў — “НЯнудныя НЯлекцыі” і “Знакавыя сустрэчы”, гарадскія квэсты “Гэта ўсё маё роднае”, выставы “Беларусь. Узлёт” і “Суверэнная Беларусь”. Усюды прыхільнікаў збірае і перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З аншлагамі праходзіць серыя канцэртаў “Час выбраў нас”.
Марафон ужо завітаў у Маладзечна, Гомель, Жлобін, Пінск… Наперадзе — Магілёўскі рэгіён. Тут першым сустрэне рэспубліканскі праект Бабруйск: грамадска-культурныя мерапрыемствы адбудуцца 15 і 16 лістапада. А 22-га і 23-га свята ахопіць абласны цэнтр.
Як адзначыла Ганна Лукашэнка, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы акцыі, арганізатары робяць усё магчымае, каб падарыць жыхарам Магілёўшчыны незабыўныя ўражанні. Акрамя традыцыйных імпрэз, запланаваны і новыя: канцэрт у цэху “Разам працуем, разам спяваем” правядуць на Бабруйскім заводзе буйнапанэльнага домабудавання. Інтрыга чакаецца і на вячэрнім шоу. Праграма “Час выбраў нас” стане феерычным акордам свята адзінства і творчасці ў горадзе на Бярэзіне.