Народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны Тадэвуш Кокштыс адсвяткаваў юбілей — 90-годдзе з дня нараджэння.
Тадэвуш Антонавіч — увасабленне гонару і годнасці Коласаўскага тэатра, яго вытокаў і традыцый. Трапіў у трупу ў 1958 годзе пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута і застаўся ў гэтым храме Мельпамены на ўсё жыццё. Прайшоў вялікі шлях, стварыўшы больш за 200 запамінальных сцэнічных вобразаў.
Нарадзіўся будучы артыст у вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна. У самадзейнасці Тадэвуша не вельмі актыўна займалі. У адным са школьных спектакляў — “Выбачайце, калі ласка!” па п’есе Андрэя Макаёнка — ён усё ж сыграў Моцкіна. Пасля адной з рэплік пачуў рогат глядзельнай залы. Тады зразумеў, што на яго неяк асабліва рэагуюць, але аб акцёрскай прафесіі яшчэ не задумваўся. Хутчэй меў цягу да малявання. Перад самім выпускам дырэктар выклікаў юнака да сябе, паказаў газетную аб’яву аб наборы ў тэатральна-мастацкі інстытут і прамовіў: “Паспрабуй!” Меў ён на ўвазе, вядома ж, мастацкі факультэт. Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Для паступлення “на мастака” патрабаваліся дамашнія работы, якіх хлопец не меў, як не было і адпаведнай пачатковай адукацыі. Выйсце было адно: падаваць дакументы на акцёрскі.
Заняткі з такімі вядомымі майстрамі сцэны, як Павел Малчанаў, Ірына Ждановіч, Дзмітрый Арлоў, дапамаглі раскрыць здольнасці будучага артыста. Яшчэ ў маладыя гады ён выдатна парадзіраваў спачатку суседзяў, потым выкладчыкаў, калег. І гэтую здольнасць юнак развіваў у капусніках. Аднойчы наважыўся скапіраваць рэктара, прычым “пазычыўшы” на час ягоныя макінтош і капялюш, што віселі ў гардэробе. Усе прадракалі Кокштысу выключэнне з інстытута, але рэктар аказаўся чалавекам разумным і з пачуццём гумару.
Студэнцкія дыпломныя работы — Максім Кутас з купалаўскіх “Прымакоў”, Кастылёў і Крывы Зоб з горкаўскай п’есы “На дне”, Лапшынаў з розаўскай драмы “У пошуках радасці” — сведчылі аб яркіх здольнасцях Тадэвуша Кокштыса.
Дзяржаўныя экзамены здадзены, і Кокштыс едзе ў Віцебск, у Коласаўскі тэатр. Першай роляй быў Чорт у “Несцерцы”. Пазней артыст перайшоў на скамароха, і ўрэшце рэшт стаў іграць Другога шляхцюка. Кожны сыход артыста са сцэны суправаджаўся воплескамі.
Першыя дзесяць гадоў Тадэвуш Антонавіч галоўных роляў за рэдкім выключэннем не меў, і за ім паспела замацавацца рэпутацыя “караля эпізоду”. Прычым гэтыя невялічкія ролі былі настолькі яскравыя, што ў друку мог з’явіцца цэлы артыкул пра яго работу.
У 1969 годзе галоўны рэжысёр Сямён Казіміроўскі прапанаваў артысту цэнтральную ролю Труфальдзіна ў камедыі “Слуга двух гаспадароў”. Тадэвуш Кокштыс здолеў зрабіць персанаж і эфектным, і жыццёвым. А крыху пазней — новая ўдача. І таксама ў сусветнай камедыйнай класіцы — у п’есе Браніслава Нушыча “Доктар філасофіі”. Вядомы тэатральны крытык Барыс Бур’ян, пабачыўшы спектакль, напісаў: “Калі выходзяць на сцэну такія акцёры, як, скажам, Дубаў ці Кокштыс, мне прыгадваецца незабыўны Аляксандр Ільінскі…”
Прыроджаны комік не абмяжоўваўся гратэскам, эксцэнтрыкай, буфанадай, пашырэннем фармальных, выйгрышных прыёмаў ігры, а імкнуўся да псіхалагічнага паглыблення вобразаў, трансфармуючы іх у трагікамедыйныя, спасцігаючы іх супярэчлівую чалавечую сутнасць. Прыгадаем хаця б яго Жабрака ў першай рэдакцыі “Сымона-музыкі” ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага.
Асаблівага поспеху дасягнуў артыст у драмах Аляксея Дударава. Вобразы Шаргаёва ў “Парозе”, Гастрыта ў “Вечары”, Саляніка ў “Радавых”, Юткі ў “Вежы” канчаткова замацавалі за ім рэпутацыю “сур’ёзнага” артыста.
П’еса А. Дударава “Вечар” набыла ў коласаўцаў адметнае жанравае вырашэнне як драма-прыпавесць. Таму вобразы пазбаўляліся “тыпажнага” праўдападабенства і набывалі сімвалічную абагульненасць. Складанасць вобраза Цімоха (Гастрыта) у тым, што трэба было ў сённяшняй чалавечай дробнасці, нягегласці, раздражнёнасці, адзіноце паказаць яго жахлівае мінулае, вытокі чорных плям хворага сумлення. Тадэвуш Кокштыс выдатна выявіў працэс трансфармавання свядомасці свайго героя, паступова падводзіў яго да фінальнай драматычнай споведзі пра змарнаванае жыццё. Дарэчы, за гэту работу ў 1986 годзе артыст быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Сярод запамінальных вобразаў, створаных артыстам у апошнія дзесяцігоддзі, варта ўспомніць яго Іосіфа III з “Кракаўскага студэнта” Г. Марчука, Тараса ў “Тарасе на Парнасе” С. Кавалёва, Круціцкага з “Мудрацоў…” А. Астроўскага, Сыракваша з “Плошчы Перамогі” А. Паповай, Зганарэля з “Лекара мімаволі” Ж.-Б. Мальера, Старога з “Бездані” паводле Р. Брэдберы. Апошняя з названых для акцёра асабліва ўпадабаная, магчыма таму, што дазволіла сказаць пра самае істотнае, што яго хвалюе: без мінулага, без памяці, без каранёў няма будучыні.
У другой рэдакцыі спектакля “Сымон-музыка” 2018 года Тадэвуш Антонавіч іграў чатыры ролі, унутрана звязаныя між сабой: Старога, Курылу, Жабрака і дзеда Данілу. Яны ў многім падобныя і па той функцыі, якую выконвалі у пастаноўцы (духоўных настаўнікаў Сымона), і проста па-чалавечы. Насамрэч выканаўца стварыў адзін велічны, эпічны вобраз, які ўвабраў у сябе розныя рысы, уласцівыя беларусам, і найперш — мудрасць, пранікнёнасць, абачлівасць, памяркоўнасць, спагадлівасць, чалавекалюбства.
Сёння старэйшына коласаўскай трупы заняты ў двух спектаклях — “Самая жаданая” С. Гіргеля і “Дзядзечкаў сон” па аднайменнай аповесці Ф. Дастаеўскага.
Нельга яшчэ прамінуць шэраг кінаработ, створаных Тадэвушам Кокштысам у розных стужках: Яўхім (“Знак бяды”), Станіслаў Іосіфавіч (“Маленькі баец”), Іосіф Станіслававіч (“Зорка Венера”), пан Хлапніцкі (“Талаш”), Аператар (“Нядзеля ў жаночай лазні”), Цімафей Паўлавіч (“Фабрыка мар”).
Юрый ІВАНОЎСКІ
Фота з архіва тэатра