Прэм'ера стужкі "Песня Сірын"

Апублiкавана: 12 лiстапада 2024 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У лістападзе на вялікія экраны выходзіць доўгачаканы поўнаметражны анімацыйны фільм Алены Туравай “Песня Сірын”. Першая айчынная мультыплікацыйная 3D-стужка раскажа пра прыгоды двух хлопчыкаў, якія апынуліся ў свеце славянскай міфалогіі.

Гісторыя стварэння праекта досыць даўняя. Пачалася яна ў 2019-м, калі на кінастудыі “Беларусьфільм” адбыўся конкурс сцэнарыяў для поўнаметражных анімацыйных карцін сярод маладых аўтараў. Перамог сюжэт пад назвай “Песня Сірын”, аднак у працу яго ўзялі толькі праз год, калі ўзнікла патрэба зняць новую маштабную стужку. Тэма славянскай міфалогіі адразу ж намеціла перспектывы праекта: папулярны жанр фэнтэзі з элементамі прыгодніцкага — ключ да сэрца сучаснай публікі. 

— Ва ўсім свеце вельмі растыражаваны пантэоны старажытнагрэчаскай, старажытнарымскай, скандынаўскай і егіпецкай міфалогій. Нямногія ведаюць, што не менш цікавы пантэон у славянскай культуры. Таму мы задаліся мэтай не толькі расказаць чароўную прыгодніцкую гісторыю юнаму гледачу, але і зацікавіць, у тым ліку і дарослых, нашым унікальным міфалагічным матэрыялам, — распавядае рэжысёр і сцэнарыст праекта Алена Турава. 

Праца над фільмам заняла каля чатырох гадоў. Ускладняла працэс адсутнасць дастатковай колькасці пісьмовых крыніц, прысвечаных славянскай міфалогіі. 

— Вялікая даследчая праца вялася з этнаграфічным матэрыялам: мастакі вывучалі арнаменты, вышыўкі, татэмы — тое, што дайшло да нашых дзён. Гэта было складана, але вельмі цікава. Нашы продкі жылі ў цесным кантакце з прыродай, шмат у чым залежалі ад яе. Іх уяўленне пра сусвет мы таксама ўключылі ў фільм. А ўсе этнаграфічныя нюансы заклалі ў касцюмы персанажаў і іх візуальныя асаблівасці, па якіх можна адсачыць, як кожны міфалагічны герой звязаны са сваёй татэмнай жывёлай, — дадае рэжысёр. 

Вялікая праца была праведзена і акцёрамі агучвання. Свае галасы персанажам падарылі Руслан Чарнецкі, Вера Палякова-Макей, Жанет, Андрэй Давідзюк, Анатоль Длускі і сама Алена Турава. Яна ўвасобіла сястру Купалы, Кастраму, і адну з міфічных птушак. Рэжысёр падзялілася, што акцёры шмат у чым падбіраліся інтуітыўна, а ў некаторых выпадках нават па асацыяцыях і знешнім падабенстве да герояў. Напрыклад, Руслан Чарнецкі, які агучвае бога Вялеса. 

— Калі мы запрасілі Руслана Чарнецкага для агучвання гэтай ролі, ён не проста здзівіўся, а вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што заўсёды адчуваў нейкую сувязь з тым богам. Артыст нават паказаў нам кулон, які носіць з сабой і дзе намаляваны знак Вялеса. Багіня Макош гаворыць і спявае голасам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Веры Паляковай-Макей. Ёй вельмі падышоў гэты персанаж, з аднаго боку — жаноцкі, з другога — тэмпераментны і музычны. У гледачоў будзе магчымасць ацаніць адзін з цэнтральных нумароў фільма, песню “Варажба Макошы”, — тлумачыць Алена Турава. 

Але самая адказная задача стаяла перад маленькімі акцёрамі, якія падарылі галасы галоўным героям. Аўтарам карціны вельмі хацелася падкрэсліць розніцу характараў двух хлапчукоў не толькі візуальна, але і музычна. Адзін з персанажаў — класічны выдатнік з рацыянальным поглядам на свет, другі верыць у цуды. 

Асаблівай увагі заслугоўвае праца мастакоў. Уся тая прыгажосць, якая дэманструецца на экране і дзівіць незвычайнасцю, стваралася маленькай групай аніматараў. 

— Гаворка ідзе пра фэнтэзі. Яно прадугледжвае наяўнасць сусветаў, якія ніхто ніколі не бачыў. Напрыклад, калі гэта падземны свет, там ёсць флора і фаўна, з якімі людзі не сутыкаліся. І ўсё тое трэба было вынайсці. Часам мы хітравалі: бралі, напрыклад, мох і рабілі макраздымку, — дзеліцца сакрэтамі рэжысёр. 

“Песня Сірын” аздабляла праграму ХХХ Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. Гэты анімацыйны праект стаў карцінай адкрыцця конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. 

Яўгенія ГАБЕЦ