“Белыя росы”: тэатр гуляе ў кіно?

Апублiкавана: 12 лiстапада 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На экран вярнуліся “Белыя росы”. Не ў выглядзе рымейка ці паўтору знакамітай карціны, а як кадры ў спектаклі Новага драматычнага тэатра.

Прэм’ера не пра тое, як здымаюць фільм. Яна грунтуецца на кінасцэнарыі Аляксея Дударава — і ўвасабляе твор на тэатральнай мове. 

Ажывіць сюжэт вядомай стужкі ў тэатры — справа бяспройгрышная. Такія спектаклі карыстаюцца трывалым поспехам у публікі. І адначасова гэта справа рызыкоўная: улюбёны фільм абысці немагчыма, бо ён непарыўна звязаны з улюбёнымі артыстамі. А што, калі пазбегнуць падобнага спаборніцтва і замяніць яго... партнёрствам? У спектаклі ўсё так і зроблена. Стужка не перапрацавана ў п’есу. Кінасцэнарый пакінуты амаль без змен — і гледачам прапаноўваюць, як пазначана на сайце тэатра, спектакль-чытку, спектакль-настальгію. Атрымаўся ж спектакль-гульня. 

Артысты не іграюць у традыцыйным сэнсе слова, а гуляюць адзін з адным. Весела, заўзята, шчыра. Не ў здымкі. Не ў імітацыю кінапрацэсу. Не ў “тэатр у тэатры”. Гуляюць у... чытанне. Чытка п’ес даўно стала варыянтам увасаблення твораў драматургіі. Але ж каб чыталі кінасцэнарый? Такая спроба была зроблена летась у адным са сталічных кінатэатраў. Да маладога рэжысёра Лізаветы Машковіч звярнуліся з прапановай “перачытаць” сцэнарый “Белых рос”. Паказ меў поспех, і ідэя такой інтэрпрэтацыі знайшла працяг у Новым драматычным тэатры, дзе згаданы рэжысёр працуе. 

Прэм’ера спектакля прымеркавана да 100-годдзя беларускага кіно і 40-годдзя выхаду ў пракат “Белых рос”, знятых на “Беларусьфільме” Ігарам Дабралюбавым. Але насамрэч яна стала гімнам у гонар Аляксея Дударава. Сцэнарый гэтага творцы не толькі не губляецца на фоне кінастужкі, але і нават абганяе яе па сваёй паэтычнасці, мастацкай адухоўленасці. Фільм, жанрава акрэслены як трагікамедыя, пры ўсіх смешных момантах быў лірыка-філасофскім, асабліва ў фінале, калі стары Фядос звяртаецца да сонца. Гэты маналог — генеральная кульмінацыя ўсяго аповеду. Спектакль атрымаўся зусім іншым па настроі — гарэзлівым, гуллівым. У цэнтры аказваюцца нават не пэўныя героі, а менавіта артысты: найперш Фёдар Пясецкі, які іграе сына Васю, і Надзея Анцыповіч, што пазначана як выканаўца ролі Марусі, а насамрэч пераўвасабляецца ва ўсіх жанчын, прапісаных у тэксце і вырашаных часам парадыйна-сатырычна. Чым не бенефіс? Некалькіх эпізадычных персанажаў (праўда, крыху менш кантрасных) іграе малады артыст Данііл Казак.

 

Акцёрскі ансамбль вельмі зладжаны. Ніхто не імкнецца капіраваць зорак кінаверсіі, кожны існуе ў зададзеных абставінах не паралельнай, а перпендыкулярнай у чымсьці рэальнасці. Кантраснай поліфаніяй характараў прыцягвае дуэт Сяргея Шырочына (Фядос) і Васіля Ніцко (сусед Цімафей па мянушцы Гастрыт). Сыны Фядоса, Андрэй (Дзмітрый Ціхановіч) і Саша (Дзмітрый Кузняцоў), — кожны ў сваім вымярэнні, але яны імгненна пераключаюцца на агульную гульнявую хвалю. 

Рэжысёрскіх прыдумак — безліч. Аж да гульні слоў: асобны вылучаны склад набывае дадатковы сэнс. Гуляюць артысты і адзін з адным, атрымліваючы ад гэтага асалоду, і з музычнымі інструментамі, іншым рэквізітам. Гуляюць і з публікай, дорачы ёй незабыўныя моманты непасрэднага ўдзелу ў сцэнічнай дзеі. Так-так, у спектаклі ёсць інтэрактыў. Збіраючыся разводзіцца, героі сыходзяць у залу, нават праціскаюцца між крэсламі, шукаюць падтрымку ў гледачоў, раяцца з імі. 

Музычна-паэтычны, гукавы складнік спектакля заслугоўвае асаблівай увагі. Тэкст Дударава, і без таго надзвычай вобразны, паэтычны, з багатымі асацыятыўнымі шэрагамі і падказкамі кінааператару, дапоўнены вершамі Арсенія Таркоўскага, Марыны Цвятаевай, Андрэя Белага, што чуюцца і “за кадрам”, і ў песнях. Пастаноўка прасякнута музыкай, гукаперайманнем. Скарыстаны нават мастацкі свіст, якім валодае Фёдар Пясецкі. Літаральна кожная дробязь, згаданая ў тэксце, атрымлівае свой “голас”, увасабляецца не запісамі тэатральных шумаў, а жыўцом, самімі артыстамі. 

Фанасфера спектакля амаль цалкам, так бы мовіць, хэнд-мэйд. Акцёры не толькі спяваюць, але і іграюць на баяне, гітары, акарыне, разнастайных ударных аж да трохвугольніка, галасамі імітуюць і крык птушкі, і сабачы брэх. Згадваецца Ціхі акіян? У шкляной ёмістасці трэба паплёскаць ваду. А дыханне акіяна варта перадаць дэманстратыўным дыханнем у мікрафон. Святлафор? Можна “паміргаць” настольнай лямпай. Чароўны эфект змененага, бы ў сне, голасу будзе дасягнуты, калі гаварыць у кубак, слоік ці ў які іншы падобны посуд. Рулюе гульня! 

Шчодра выкарыстоўваюцца і сродкі тэатра лялек. Вёска як месца дзеяння паказана праз цацачную хатку і мноства кветак у празрыстых вазах розных формаў. Бусел? Зробім яго на манер арыгамі. Сабака, ды яшчэ і хвастом віляе? Дастаткова скруціць абрус і махаць ім ззаду артыста — чым не хвост? І гэты ж абрус, хіба толькі скручаны іначай, ператвараецца ў маленькую Галюню. А згадка машыны ці каровы — знак, што неўзабаве з’явяцца карцінкі з імі. У эстэтыцы тэатра лялек вырашана і павышаная прамалінейнасць, уласцівая візуалізацыі тэксту. Звычайная фраза: “У людзі вывеў” — перадаецца праз амаль вайсковую каманду: “Направа! Аць-два”. 

Сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка, простая на першы погляд, сведчыць пра глыбокае пранікненне ў паэтыку дудараўскага тэксту. Закладзеная аўтарам сцэнарыя сімволіка лічбы 3 (было ў бацькі тры сыны) адлюстравана і ў трох дадатковых лакацыях, і ў трох экранах рознага памеру, на якія адначасова трансліруюцца аднолькавыя кадры ўлюбёнай стужкі. 

У той ці іншай меры спектакль ахоплівае ледзь не ўсе віды мастацтва, пачынаючы, вядома, з кіно. Справа не толькі ў відэа, але і ў інсталяцыі ў фае, прыдуманай мастаком-пастаноўшчыкам спектакля і падрыхтаванай сумесна з “Беларусьфільмам”: побач з афішай спектакля — касцюм Мікалая Карачанцава ў ролі Ваські, стары гармонік на вясковым зэдліку. Дарэчы, чаму б не перачытаць іншыя кінасцэнарыі, у тым ліку пакуль не пастаўленых стужак, — так, як гэта адбываецца з узорамі новай драматургіі? 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА