Сёлета “Лістапад” праходзіць пад слоганам “Кіно са знакам якасці”. Форум абяцае не толькі нагадаць пра слаўныя традыцыі кінематографа, але і адкрыць нямала новых імёнаў. Пра адбор карцін і адметнасці 30-га фестывалю распавялі праграмныя дырэктары Яўгенія Габец (конкурс “Кіно маладых”), Вольга Котава (нацыянальны конкурс), Ірына Усава (конкурс нацыянальных кінашкол) і Кацярына Тамковіч-Латута (конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”).
ІРЫНА УСАВА:
— Больш за 400 заявак паступіла на конкурс нацыянальных кінашкол. Кітай, Іран, Аргенціна, ЗША, краіны Еўропы — геаграфія сапраўды шырокая. Таму выбіраць было з чаго. А праца праведзена каласальная. Кожнаму твору мы надалі пільную ўвагу. Вядома, перадусім глядзелі на адпаведнасць рэгламенту. Гэта першае сіта. Прымаліся толькі неігравыя карціны, знятыя ў 2023—2024 гадах студэнтамі і выпускнікамі ВНУ кінематаграфічнага профілю. У выніку ў праграме прадстаўлены Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, Маскоўская школа кіно, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны інстытут кіно і тэлебачання, Будапешцкі ўніверсітэт.
Сярод крытэрыяў адбору — глыбіня, навізна, незвычайны падыход да раскрыцця тэмы. Важна, каб карціна была душэўнай і падштурхоўвала гледача да пэўнай унутранай працы.
ЯЎГЕНІЯ ГАБЕЦ:
— Крытэрыі былі даволі жорсткімі, бо конкурс “Кіно маладых” аказаўся самым багатым на заяўкі. Іх паступіла каля тысячы. Зразумела, што фестывальнае кіно — асаблівы від мастацтва. Аднак калі аўтары грэбуюць формай, карціну складана глядзець нават беларускай публіцы, якую я лічу даволі падрыхтаванай і дасведчанай. Таму мы прагнулі фільмаў, зразумелых па форме, з сюжэтам, з героем, якому можна спачуваць. Вядома, хацелася і відовішчнасці, бо мы разлічваем на маладога гледача. Таксама стужкі павінны былі натхняць, матываваць, вымушаць думаць.
Заўважу, што ў праграме вылучыўся лейтматыў пошукаў сябе. Крызіс ідэнтычнасці — біч маладога пакалення. Мы бавім багата часу ў інтэрнэце, літаральна жывём у ім. І гэта можа збіць з панталыку. У сацсетках паўстаюць шматлікія вобразы паспяховых людзей, а вось адваротны бок трыумфу пакідаецца за кадрам. І маладыя аўтары імкнуцца выказацца на гэтую тэму. Яны звяртаюць увагу, што за дасягненнямі хаваюцца карпатлівая праца, перажыванні, складанасці ва ўзаемаадносінах. Закранаюць творцы і сацыяльныя праблемы. І беларускія гледачы не без здзіўлення адзначаць, што іх равеснікі з Манголіі, Непала, Японіі ці іншых краін сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі. Спадзяюся, нашы карціны нададуць моладзі сіл, каб яна смялей спраўлялася з перашкодамі на шляху сталення.
КАЦЯРЫНА ТАМКОВІЧ-ЛАТУТА:
— Безумоўна, ва ўсіх конкурсных праграмах прадстаўлены моцныя работы, якія ацэняць нашы гледачы. Але ж заваяваць дзіцячыя сэрцы — складаная задача для любога рэжысёра, нават для мэтра. На “Лістападзік” мы імкнуліся адабраць тыя стужкі, што змогуць скарыць юную аўдыторыю і чамусьці яе навучыць. Кіно са знакам якасці для дзяцей мусіць несці ў сабе ноткі маралі. Фільм павінен не толькі забаўляць, але і выхоўваць.
Дадам, што ў межах “Лістападзіка” публіку чакае нямала захапляльных сустрэч. Прыкладам, мексіканскую стужку TETANUS асабіста прэзентуе рэжысёр Рафаэль Апарысіа. У праграме шмат цікавінак, сярод якіх рэдкі ўзор бразільскай анімацыі і першы айчынны 3D-мультфільм “Песня Сірын”.
ВОЛЬГА КОТАВА:
— Нацыянальны конкурс вярнуўся на “Лістапад” пасля пяцігадовага перапынку. Заявак было не так шмат, але праграма атрымалася даволі багатай. З 23 фільмаў сфарміравана 11 паказаў, якія пройдуць у кінатэатры “Мір”.
Прадстаўлены аўтары розных пакаленняў. Ёсць работа нашага мэтра Аляксандра Яфрэмава, ёсць спробы маладых кінематаграфістаў, напрыклад Кацярыны Шарамет і Надзеі Габец. Сярод крытэрыяў была актуальнасць тэмы. І таму наш конкурс аказаўся сапраўды нацыянальным. Мы пакажам кіно пра беларусаў і для беларусаў. Асабліва шырока прэзентавана тэма 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — і ў ігравых, і ў неігравых, і ў анімацыйных фільмах.