Тэмпы будаўніцтва

Апублiкавана: 10 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: РУДАК Антон

Выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, што адбылося на гэтым тыдні, было прысвечана выкананню Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ды работ па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і капітальным рамонце на аб’ектах культуры, якія фінансуюцца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Удзельнікі на чале з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам наведалі Беларускі дзяржаўны музей народных архітэктуры і побыту, а таксама храм Святога Аляксандра Неўскага ў Мінску, дзе адбываюцца рэстаўрацыйныя работы. Затым удзельнікі калегіі мелі магчымасць агледзець навучальныя аўдыторыі, спартыўную і актавую залы Мінскага дзяржаўнага каледжа імя А.К Глебава. У новых карпусах, якія адчынілі свае дзверы сёлета, ёсць усё неабходнае як для творчасці ды навучання, так і для плённага адпачынку. 

Анатолій Маркевіч адзначыў высокі ўзровень выканання работ на аб’ектах, уключаных у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. На працяг работ на 13 такіх аб’ектах накіравана 60 мільёнаў рублёў, у тым ліку 36 з рэспубліканскага і 24 з мясцовых бюджэтаў. На правядзенне капітальных рамонтаў вылучана больш за 48 мільёнаў рублёў. 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ 

З асноўным дакладам на пасяджэнні калегіі выступіў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Аляксандр Бартошык. Ён адзначыў, што Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2023 год Міністэрству культуры на будаўніцтва, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, у тым ліку на распрацоўку праектнай дакументацыі, былі вылучаныя сродкі з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў па 14 аб’ектах будаўніцтва ў суме 48,6 мільёна рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту 36,35, а з мясцовых — 12,25. Сродкі былі асвоеныя ў поўным аб’ёме. 

Анатолій Маркевіч адзначыў высокі ўзровень выканання работ на аб'ектах, уключаных у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму.

З мэтай забеспячэння асваення ў поўным аб’ёме выдзеленых бюджэтных сродкаў Міністэрства культуры ажыццяўляе пастаянны кантроль за ходам будаўніцтва аб’ектаў. Праводзяцца штабы будаўніцтва, вядзецца маніторынг, каардынацыя і кантроль за ходам праектавання, вытворчасці будаўніча-мантажных работ і асваеннем бюджэтных асігнаванняў, прадугледжаных Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2024 год. 

Па кожным аб’екце распрацаваныя каляндарныя графікі вытворчасці будаўніча-мантажных работ і фінансавання, забяспечаныя тэхнічны і аўтарскі нагляд за адпаведнасцю будаўніча-мантажных работ, матэрыялаў, вырабаў, канструкцый і абсталявання, зацверджанай праектнай дакументацыі, а таксама прыёмка і ўлік выкананых работ, захаванне тэхналогіі і якасці выкананых прац на аб’ектах. 

АБ’ЕКТЫ З ГІСТОРЫЯЙ 

Да канца 2024 года неабходна ўвесці ў эксплуатацыю шэраг аб’ектаў, уключаных у Дзяржінвестпраграму. У Ружанах Пружанскага раёна мусяць быць завершаныя рэстаўрацыя і прыстасаванне ўсходняга корпуса палацавага комплексу першай паловы XVIII стагоддзя. Будаўніцтва аб’екта вядзецца з 2012-га, з яго пачатку да гэтага часу на аб’ект накіравана 7,4 мільёна рублёў. Вядуцца працы па афарбоўцы фасадаў, вырабе і ўсталяванні дзвярных блокаў і дэкаратыўных апраў слыхавых вокнаў, уладкаванні суцэльнага насцілу па ніжніх паясах кроквенных ферм, уцяпленні паддашкавага перакрыцця, уладкаванні вадасцёкавай сістэмы, вядзецца падрыхтоўка да мантажу скульптуры на цэнтральны франтон.

Распрацаваная праектная дакументацыя па другой чарзе будаўніцтва на паўночна-заходняй аркадзе і трэцяй чарзе на галоўным корпусе. 

Пры рэканструкцыі і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя ў Полацку з лістапада 2015 года вяліся кансервацыйныя і супрацьаварыйныя работы, якія былі завершаныя ў жніўні 2022- га. Агулам з пачатку будаўніцтва да гэтага часу на аб’ект накіравана 7,07 мільёна рублёў. Завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, вырабляюцца ахоўныя экраны для абароны экспазіцыйных зандажоў на фасадах храма. 

Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела XVI стагоддзя ў Нясвіжы вядзецца з 2010 года. З пачатку работ да гэтага часу на аб’ект накіравана 14,91 мільёна рублёў. Цяпер на аб’екце выконваецца ўладкаванне драўлянай падлогі ў капліцы, рэканструкцыя кроквеннай сістэмы, рэстаўрацыя вонкавай паверхні цаглянага мура. Рэканструкцыя і рэстаўрацыя Свята-Успенскага сабора ў Жыровічах Слонімскага раёна распачатыя ў сакавіку 2022-га. Цяпер вядуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы скляпенняў сцен на левай і цэнтральнай частках сабора, закуп і нарыхтоўка матэрыялу для замены падлогі. 

Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады прадугледжаны паказчык “Колькасць аб’ектаў інфраструктуры сферы культуры, у якіх праведзеныя капітальны рамонт, мадэрнізацыя”. Гэты мэтавы паказчык даведзены Міністэрству культуры, а таксама аблвыканкамам з нарастаючым вынікам на 2021—2024 гады, пры плане 72 аб’екты факт склаў 93. 

ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ПАТРЭБ 

За дзевяць месяцаў 2024 года арганізацыямі культуры і ўстановамі адукацыі ў сферы культуры закуплена 409 музычных інструментаў на агульную суму 3,13 мільёна рублёў, з іх 67 піяніна. Сёлета да Дня абароны дзяцей у рамках дабрачыннай акцыі Беларускім дзяржаўным ўніверсітэтам культуры і мастацтваў закуплена тры піяніна. Інструменты перададзеныя ў Віцебскую вобласць. Агулам за 2024 год закуплена светлавое, гукавое, іншае абсталяванне, а таксама музычныя інструменты на агульную суму 29,25 мільёна рублёў. 

Дзеля замацавання работнікаў у сацыяльнай сферы, павышэння прэстыжу прафесіі ў сферы культуры, замацавання маладых спецыялістаў на месцах Міністэрства культуры прапанавала Міністэрству працы і сацыяльнай абароны пры распрацоўцы мэтавай праграмы будаўніцтва арэнднага жылля для работнікаў сферы культуры прадугледзець сродкі ў памеры 76,56 мільёна рублёў. 

З мэтай безумоўнага выканання і асваення выдзеленых сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2024—2025 гадах і ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю заказчыкам і забудоўшчыкам неабходна ўзмацніць кантроль за ходам і якасцю выканання праектных і будаўніча-мантажных работ, захаваннем графікаў вытворчасці работ, асваеннем грашовых сродкаў у поўным аб’ёме. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА