Пад увагай Першага

Апублiкавана: 10 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Сёлета адзначаецца 200-годдзе з пачатку будаўніцтва Аўгустоўскага канала. Сёння гэты ўнікальны інжынернатэхнічны аб’ект — адзін з самых маляўнічых пунктаў Беларусі.

Славутасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сюды штогод прыязджаюць тысячы замежнікаў. Стабільна растуць эканамічныя паказчыкі мясцовых турыстычных і культурных арганізацый, удасканальваецца інфраструктура. На аб’екце ладзяцца масавыя мерапрыемствы: свята народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, спаборніцтвы “Нёманская вясна” і многія іншыя. І нават цяжка ўявіць, што ўсяго 20 гадоў таму тут бадай нічога не было. 

Гідратэхнічныя збудаванні канала сур’ёзна пацярпелі ў выніку дзвюх сусветных войнаў. Закрытая на дзесяцігоддзі памежная зона Савецкага Саюза, па якой праходзіла рэчышча, зазнала запусценне і забыццё. Шлюзы былі разбураны, берагі зараслі чаротам, да вады падступіў лес... 

Прэзідэнт Беларусі 8 студзеня 2004 года падпісаў Указ “Аб арганізацыі работ па рэканструкцыі часткі Аўгустоўскага канала”. Дакумент адводзіў на праектаванне і будаўніцтва два гады і прадугледжваў бесперабойнае фінансаванне аднаўленчага працэсу. Праз некалькі месяцаў падчас нарады па развіцці турыстычнай галіны Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў: гэтая ўнікальная водная сістэма павінна быць зноў задзейнічана з максімальнай карысцю для людзей. У 2005-м Кіраўнік дзяржавы аб’явіў рэканструкцыю Аўгустоўскага канала маладзёжнай будоўляй. 

Дзясяткі тысяч чалавек, сотні адзінак тэхнікі, бесперапыннае фінансаванне — і выбітны помнік інжынернай думкі XIX стагоддзя ператварыўся ў сапраўдную культурна-гістарычную і турыстычную жамчужыну. Работы на Аўгустоўскім канале завяршыліся ў 2006-м. Спецыялісты аднавілі рэчышча, якое не выкарыстоўвалася з 1950-х, падмытыя і абваленыя ўчасткі, старадаўнія гідратэхнічныя збудаванні. Многія элементы рэстаўраваліся ўручную і захавалі аўтэнтычны выгляд. 

Але аб’ект і цяпер застаецца ў полі зроку Прэзідэнта. Па даручэнні лідара ў 2011-м стварылі спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. У адпаведнасці з указам Кіраўніка дзяржавы на сумежных участках канала і ракі Нёман плошчай 5749,88 гектара на 20 гадоў уведзены асаблівы прававы рэжым, што спрыяе далейшаму ўдасканаленню інфраструктуры, прыцягненню інвестыцый, павелічэнню турыстычнага патэнцыялу. 

А ў 2016-м Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”. Дакумент зацвердзіў бязвізавы ўезд у Беларусь і выезд з яе, знаходжанне ў турыстычных мэтах да пяці сутак у спецыяльным парку “Аўгустоўскі канал” і на прылеглых да яго тэрыторыях. Такім чынам, з аб’ектам звязаны першы і вельмі паспяховы досвед па прарыўным павелічэнні турыстычнага патэнцыялу нашай рэспублікі, што з часам стаў шырока вядомы як беларускі бязвіз.