Да свята

Апублiкавана: 08 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Напярэдадні 7 лістапада, калі ў Беларусі адзначаецца агульнарэспубліканскае свята, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка афіцыйна адкрыў у Мінску басейн міжнароднага стандарту. 

Урачыстая цырымонія адбылася побач з будынкам басейна, узведзеным у рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. У выступленні Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усходнім партнёрам і асабіста Сі Цзіньпіну. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: нашы народы родніць паважлівае стаўленне да гісторыі сацыялістычнага руху. Гэты дзень значны для аматараў водных відаў спорту, прафесіяналаў, заўзятараў, канстатаваў Прэзідэнт. Але істотна і тое, што цырымонія прайшла перад 7 лістапада. Беларусь адзіная на постсавецкай прасторы захавала гэты чырвоны дзень календара. 

— Традыцыйна на свята мы самі робім сабе падарункі і адкрываем сацыяльна значныя аб’екты, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Па ўсёй краіне ў гэтыя дні адкрываюцца розныя аб’екты. Адзін з іх — басейн міжнароднага стандарту ў Мінску, пабудаваны кітайскім бокам. 

І сапраўды, калі зазірнуць у гісторыю, пасля развалу Савецкага Саюза гэты чырвоны дзень практычна знік з календароў постсавецкіх рэспублік. Аднак Прэзідэнт Беларусі вырашыў, што нельга адмаўляцца ад святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, як і ад традыцыі ўводзіць у эксплуатацыю важныя аб’екты да 7 лістапада. Так, у 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў станцыі метро “Партызанская” і “Аўтазаводская”. А вясной 1998-га Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі афіцыйна атрымаў статус агульнарэспубліканскага свята. 

Сёння можна налічыць паўтара дзясятка станцый сталічнага метро, якія ў розныя гады адчынілі дзверы для пасажыраў менавіта да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. А яшчэ да свята адкрылі атамную электрастанцыю, установы аховы здароўя, пуцеправоды, масты і дарогі, дзіцячыя сады і арэндныя кватэры, прамысловыя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя комплексы… Па гэтых аб’ектах можна прасачыць прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі, дзе галоўным заўсёды быў і застаецца чалавек.