У Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся XI Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.
Міністр культуры Анатолій Маркевіч у вітальным слове падкрэсліў, што ў перыяд бурнага развіцця інтэрнэту і сацыяльных сетак на першы план выходзіць выхаваўчая і асветніцкая роля бібліятэк. Гэтыя ўстановы мусяць зрабіцца праваднікамі ў свеце інфармацыі, адкрыць людзям дарогу да сапраўднай літаратуры, выхоўваць звычку да чытання як да жыццёва неабходнага занятку.
Беларуская дзяржава добра ўсведамляе важнасць гуманітарнай місіі бібліятэк па захаванні нацыянальнай памяці, традыцый ды агульначалавечых каштоўнасцей і стварае ўмовы для іх развіцця.
Устаноўлены абавязковы нарматыў фінансавання камплектавання фондаў — не менш як 12% сродкаў, што выдзяляюцца на ўтрыманне бібліятэкі. Пры бюджэтнай падтрымцы праводзіцца камп’ютарызацыя бібліятэк. Для гэтых устаноў спецыяльна выпускаюцца сацыяльна значныя выданні, якія адлюстроўваюць традыцыйныя сацыяльныя і маральныя каштоўнасці народа, арганізуецца падпіска на найважнейшыя перыядычныя выданні краіны. Даступнасць кнігі для жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў забяспечваюць бібліобусы, закупка транспарту для якіх таксама вядзецца дзяржавай.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прызнаная адной з найлепшых сярод нацыянальных бібліятэк Еўропы дзякуючы спалучэнню незвычайнай архітэктуры і больш як 10-мільённага збору дакументаў — ад старажытных рукапісных кніг да найноўшых электронных рэсурсаў, якія штогод мадэрнізуюцца.
Яшчэ адной унікальнай асаблівасцю Нацыянальнай бібліятэкі з’яўляецца тое, што яна служыць метадычным цэнтрам для больш як пяці тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк, садзейнічае стварэнню адзінай інфармацыйнай сістэмы і павышэнню даступнасці біблітэчных рэсурсаў для ўсіх грамадзян. Найбуйнейшы сацыякультурны цэнтр краіны, Нацыянальная бібліятэка робіць вялікі ўнёсак у захаванне гістарычнай памяці. Прыкладам таго служыць серыя выставачных праектаў да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія прайшлі як у сценах бібліятэкі, так і за яе мяжой.
Удзел у форуме ўзялі прадстаўнікі 15 краін, у тым ліку ўпершыню — з Малі і Тога. Генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, прэзідэнт некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” Вадзім Дуда і прэзідэнт Сербскай бібліятэчнай асацыяцыі Алена Глішавіч прывіталі ўдзельнікаў кангрэса ў форме відэазваротаў, а ўжывую да іх далучыліся генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына Юрый Носаў і дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня Савета грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя” Уладзімір Кулажанка.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прызнаная адной з найлепшых сярод нацыянальных бібліятэк Еўропы.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня праўлення Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства «Веды»” Вадзім Гігін выступіў з дакладам, прысвечаным тэме захавання гістарычнай памяці і выхавання патрыятызму ва ўстановах культуры. Замежныя ж госці прадставілі даклады аб спецыфіцы развіцця бібліятэк у сваіх краінах.
У рамках адкрыцця кангрэса таксама адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў ганаровымі граматамі Міністэрства культуры за ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і бібліятэчнай справы. Таксама прайшла ўрачыстая цырымонія падпісання пагаднення пра супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Амурскай абласной навуковай бібліятэкай імя М.М. Мураўёва-Амурскага. Акрамя таго, была зладжаная прэзентацыя адзінага профілю камплектавання сістэмы фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На пленарным і секцыйных пасяджэннях абмеркавалі такія тэмы, як роля бібліятэк у захаванні гістарычнай памяці, прэзентацыя Вялікай Айчыннай вайны ў дакументах і кніжных фондах бібліятэк, гісторыя бібліятэк у ваенныя гады і бібліяграфічнае забеспячэнне вывучэння гэтага перыяду. Таксама ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў кангрэса былі міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры, навукі і адукацыі, пытанні партнёрства між бібліятэкамі, архівамі і музеямі, бібліяграфічнае забеспячэнне культуры, навукі, адукацыі, сучасныя тэндэнцыі бібліятэказнаўства, выкарыстанне сучасных тэхналогій для ўдасканалення бібліятэчных інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў і нарматыўнае прававое забеспячэнне бібліятэчнай галіны.
Антон РУДАК
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва бібліятэкі