Сімвал сяброўства

Упершыню за гісторыю двухбаковых адносін у нашай краіне з 24 па 27 кастрычніка прайшлі Дні культуры Кыргызскай Рэспублікі. Замежную дэлегацыю ўзначальвала намеснік міністра культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Гульбара Абдыкалыкава.

Шматлікія мерапрыемствы далі магчымасць гледачам убачыць традыцыйнае і сучаснае мастацтва сяброўскай дзяржавы, а гасцям — бліжэй пазнаёміцца з нашай рэспублікай. Важным складальнікам стала сустрэча, якая сабрала за круглым сталом творчую інтэлігенцыю дзвюх краін. 

ВЫТАНЧАНЫ КАЛАРЫТ 

Дні культуры стартавалі выставай твораў членаў Саюза мастакоў Кыргызскай Рэспублікі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Экспанавалася 30 жывапісных палотнаў, якія адлюстроўвалі народныя матывы, гістарычную памяць, прыгажосць прыроды і раскрывалі тэму традыцый, укладу жыцця, светаўспрымання самабытнага кыргызскага народа. 

Вітаў удзельнікаў урачыстасці першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. Ён адзначыў, што Дні культуры Кыргызскай Рэспублікі — знакавая падзея. У мінулым годзе ўпершыню адбыліся Дні культуры Беларусі ў Кыргызстане. Такі культурны абмен сведчыць аб імкненні нашых краін да супрацоўніцтва ў розных сферах. 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эрбол Султанбаеў падкрэсліў, што культурна-гуманітарнае ўзаемадзеянне разам з гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам з’яўляецца тым слупам, на якім у цэлым трымаюцца адносіны паміж краінамі. І сёння здзяйсняецца прарыў у культурным кірунку. 

— Дні культуры — гэта не толькі абмен культурнымі дасягненнямі, але і сімвал сяброўства паміж дзяржавамі, — дадала намеснік міністра культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Кыргызскай Рэспублікі Гульбара Абдыкалыкава. — Нашы краіны даўно супрацоўнічаюць на розных міжнародных пляцоўках, такіх як СНД і ШАС, і культурныя абмены займаюць у гэтым працэсе асаблівае месца — спрыяюць яшчэ большаму збліжэнню народаў, узбагачаючы нас узаемаразуменнем. 

Як знак павагі да беларускага народа і пацвярджэння высокіх дружалюбных адносін Нацыянальнаму мастацкаму музею была падорана карціна народнага мастака Кыргызскай Рэспублікі Таалайбека Усубаліева “Тактагон Алтыбасарава з дзецьмі з блакаднага Ленінграда, 1942”. 

АБ ВЕЧНЫХ КАШТОЎНАСЦЯХ 

Падчас Дзён кыргызскага кіно мінчанам і гасцям сталіцы прапанавалі пяць фільмаў. 

— Наш глядач знаёмы з творчасцю кыргызскіх кінематаграфістаў дзякуючы іх удзелу ў Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”. Нягледзячы на рознасць менталітэтаў і культур, кыргызскае кіно блізкае і зразумелае беларусам, паколькі расказвае пра вечныя каштоўнасці: вернасць традыцыям, павагу да продкаў і бацькоў, любоў да роднай зямлі, — заўважыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. 

Прадстаўнікі Кыргызскай Рэспублікі падкрэслілі значэнне кіно як унікальнай платформы для міжнароднага культурнага абмену. Пакуль у галіне кінавытворчасці дзвюх нашых краін не было ніводнага сумеснага праекта. Але такія мерапрыемствы, як абменныя Дні культуры і Дні кіно, безумоўна, пакладуць пачатак плённаму супрацоўніцтву. 

БЕЗ ФАРМАЛІЗМУ 

Прадуктыўна прайшоў пад кіраўніцтвам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча круглы стол у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прысвечаны ролі культуры і навукі ва ўмацаванні міждзяржаўных адносін. Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што аднаўленню культурнага абмену мы абавязаны перш за ўсё добрым адносінам і шчыраму сяброўству кіраўнікоў дзяржаў — Аляксандра Лукашэнкі і Садыра Жапарава. Прыезд прадстаўнічай кыргызскай дэлегацыі дзеячаў культуры і мастацтва міністр культуры назваў гістарычнай падзеяй. Двухбаковым кантактам наша краіна надае важнае значэнне. І Дні культуры — дзейсная форма культурнага дыялогу. 

— Ужо намечаны перспектывы супрацоўніцтва ў галіне арганізацыі абменных выставак, пракату фільмаў і правядзення Дзён беларускага кіно ў Кыргызстане, — паведаміў Анатолій Маркевіч. Ён выказаў упэўненасць, што спектр узаемавыгадных кантактаў пашырыцца і ахопіць тэатральнае і музычнае мастацтва, фільмавытворчасць, музейную і бібліятэчную справы і сферу адукацыі. Падкрэсліў: нягледзячы на тое, што нашы краіны аддзяляюць тысячы кіламетраў, у духоўным свеце беларусаў і кыргызаў шмат агульнага: абвостранае пачуццё патрыятызму і гонару за ўласную гісторыю, фундаментальныя паняцці, на якіх заснаваны нацыянальны менталітэт і беларусаў, і кыргызаў, — моцная сям’я, павага да старых, клопат аб дзецях. 

— У нашых культурных узаемаадносінах была паўза, і мы павінны абавязкова запоўніць прабелы. Для гэтых мэт у нас ёсць усё неабходнае: прафесіяналы, добрая воля, жаданне працаваць разам. Мы змацавалі свае намеры дакладнымі, зразумелымі дакументамі, якія будуць дапрацаваны на ўзроўні двух міністэрстваў. Дарожная карта, якая з’явіцца, дазволіць сістэмна рухацца да пастаўленых мэт— абмену культурнымі традыцыямі, напрацоўкамі, знаёмстваў з нашымі калектывамі, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь. 

ЯРКІЯ МОМАНТЫ 

У рамках Дзён культуры Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва прайшла сустрэча з удзелам першага намесніка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерыя Грамады, намесніка Міністра культуры, інфармацыі, спорту і маладзёжнай палітыкі Кыргызскай Рэспублікі Гульбары Абдыкалыкавай і рэктара ўстановы Наталлі Карчэўскай. Прадстаўнікі кыргызскай дэлегацыі наведалі Бабруйскі мастацкі музей, Бабруйскі краязнаўчы музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, а таксама пазнаёміліся з гістарычнай спадчынай нашай краіны ў Замкавым комплексе “Мір” і Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”. 

На сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск) з аншлагам прайшоў канцэрт майстроў мастацтваў Кыргызскай Рэспублікі. А вянцом Дзён культуры дружалюбнай краіны стаў гала-канцэрт кыргызскіх майстроў мастацтваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Перад яго пачаткам можна было пазнаёміцца з работамі кыргызскіх рамеснікаў — іх выстава стала цікавай часткай мерапрыемства. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА